Вы тут

Мамін дзённік. Найлепшы сябар — дзед


Нядаўна мой Арцёмка ўпершыню ўбачыў снег. Я страсала з пухнатых яловых лапак белыя аблачынкі, што схавалі іх ад маразоў, гэтым самым ствараючы ў яго перад носам «снегапад», а малы хоць бы ўсміхнуўся! Іншая рэакцыя, напэўна, была б, калі б я потым пасадзіла яго не ў каляску, з якой мала што відаць, а ў санкі. Яны ўжо стаяць гатовенькія — Дзед Мароз (а дакладней, бабуля з дзядулем) паклапаціўся загадзя. Дзед Ваня нават нейкую скрыню змайстраваў, каб малы на першым часе з іх не вываліўся. Толькі я абарвала ўсе планы — у калясцы ж цяплей!


Сёлета думалі-гадалі: ставіць ёлку ці не. Цёмік актыўна поўзае, усюды суне свой маленькі дапытлівы носік. Аднаго не пакінеш: то лбом аб секцыю ляснецца, то не разлічыць сілы, караскаючыся на канапу. Пакутуе ад малога шкодніка і бабулін спацыфілум, які ўжо трывала прапісаўся на падлозе ў гасцёўні. Таму, упрыгожваючы ёлку, на ніжнія ялінкі вешала альбо пласмасавыя цацкі, альбо тыя, якіх меней шкада. Была ўпэўнена: ярка-сінія агеньчыкі гірлянды, што зіхацяць ажно ў шасці хуткасных рэжымах, «прывяжуць» малога да лясной прыгажуні. Толькі спацыфілум аказаўся па-за канкурэнцыяй: бабуля пакуль не ведае, што яе любімы вазон ужо палысеў на некалькі лісточкаў. Праўда, праз некалькі дзён ужо і ёлка (добра, што невялікая) была дагары нагамі — на шчасце, увесь удар прыйшоўся на мяне.

У такім узросце прыярытэты ў дзяцей хутка мяняюцца. Цяпер Цёміка не адарваць ад вялікай машыны-самазвала, якую яму падарылі гуляць на перспектыву. Толькі ён знайшоў машынцы іншае прымяненне. Сядзіць у кузаве, важна задраўшы галаву, а дзед яго возіць па трохпакаёвай кватэры.

Дзед Ваня — найлепшы Арцёмкаў сябар. Малы не паспее прачнуцца, а ён тут як тут. Я спакойна прыводжу сябе пасля сну ў парадак, гатую сыночку сняданак (жыла б адна — відаць, прывязвала б да сябе). Варта нам толькі кудысьці з'ехаць — дзед ужо сумуе, не ведае, чым сябе заняць (ужо на пенсіі). Мама кажа, што ніколі не падумала б, што мой бацька будзе так вазіцца з унукам.

За гэтыя сем месяцаў дзед памаладзеў гадоў на дваццаць. Быццам і спіна не баліць: поўзае з малым наперагонкі, возіць на машыне, люляе, падкідвае над галавой. Нават курыць кінуў, каб унучку не смярдзела. Такім чынам, стрымаў абяцанне, што будзе дапамагаць гадаваць унука, толькі б мець яго. Ва ўсіх суседзяў, сясцёр, маўляў, ёсць забава, а «я і памру, відаць, так і не дачакаўшыся нашчадка». Мара збылася! З якім ён імпэтам цягнуў каляску па мінскім парку, калі гэтыя мужчынкі ўпершыню сустрэліся, — ледзь дагналі.

Людзі кажуць, што ўнукаў чамусьці любяць больш, чым дзяцей. Наўрад ці гэта праўда. Проста на сваіх дзяцей (асабліва мужчынам, якія ўвесь час зарабляюць грошы) звычайна часу не хапае, а вось на пенсіі можна і рэабілітавацца. Да канца аддаць тую любоў, якую не аддаў сваім дзецям. А яны, у сваю чаргу, яе атрымліваюць сёння, любуючыся бацькам і сынам, якія ўжо пачалі свой ранішні аб'езд на машыне.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.