Вы тут

Імгненні дзяцінства, дзіўныя і чароўныя


Многія бацькі імкнуцца стварыць для дзяцей казку, асабліва пад Новы год. Можа прайсці шмат гадоў, а вера ў цуд так і застанецца ў душы: успамінам, які грэе; адчуваннем светлага і цёплага, якое дапамагае кожны дзень; надзеяй, што вядзе ўсё жыццё…


Вячаслаў ПАЎЛАВЕЦ, мастак, ілюстратар, мастацкі рэдактар часопіса «Мастацтва»:

— На гэтым здымку час, калі мы жылі ў ГДР (бо мой бацька быў вайскоўцам), а я тады — дарослы хлапчук гадоў дзесяці. Гэта той узрост, калі складваліся яскравыя ўражанні. Адно з такіх — навагоднія ўпрыгожванні вітрын, у кожнай з якіх рухаліся фігуркі, стаялі ёлачкі, усё вельмі адметнае і незвычайнае. Менавіта такія вітрыны стваралі незабыўнае адчуванне цуду, у які хацелася верыць. У нямецкіх сем’ях існавала традыцыя: пад святочнай ёлкай ставілі боцік, у які клалі падарункі. Немцы — люд практычны, таму наборы падарункаў прадаваліся не ў пакунках, як у нас, а адразу ў такім боціку, а ўжо ў ім — усе дзіцячыя радасці. Крыху пазней Новы год я сустракаў з сям’ёй у вёсцы Пліса Смалявіцкага раёна, дзе жылі бабуля і дзядуля. Зімовая ноч у вёсцы з халодным небам, поўняй і цеплынёй хаты стала першым сюжэтам у маёй творчасці. Час ідзе, навагоднія святы бягуць, пераганяючы адно аднаго, а той сюжэт не адпускае, ператвараючыся ў новыя творы, дзе адчуванне бязмернага, сапраўднага, існага свету.

Алена СТЭЛЬМАХ, пісьменніца, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— Калі я нарадзілася, бацькі былі студэнтамі і не мелі свайго кутка, таму мяне адправілі да бабулі. Але на Новы год мы звычайна ездзілі ў горад: надакучвалі доўгія вечары і снег, які замятаў усю вёску. На здымку мне 5 гадоў. На той час мама загадвала дзіцячым садам і вадзіла мяне на ранішнік. Ва ўспамінах Новы год — плошча з ёлкай у цэнтры Дзяржынска, куды мы ідзём усёй сям’ёй. Тады я разумела, што гэта нейкая незвычайнасць не толькі для мяне, але і для бацькоў: было сапраўднае адчуванне свята і таямнічасці. А таямнічасць у тым, каб загадаць жаданне, якое абавязкова спраўдзіцца. Для мяне яно адно: каб усе былі разам. На шчасце, вельмі працяглы час так і было. Гэта свята ніколі не зробіць цябе дарослым. Нават цяпер радуешся ўспамінамі той пары дзяцінства. Помню, вельмі хацелася цукерак. Нашы з сястрой падарункі з’ядаліся вельмі хутка, а брат свой прыхоўваў. І мы прыдумалі: узяць вялікую міску і ссыпаць усе падарункі. Адтуль мы іх ціхенька цягалі. З ёлкі яны таксама знікалі, заставаліся муляжы. Калі высвятлялася, што мы паелі цукеркі, якія ўсе любілі — «Чыпаліна», — якой вялікай была роспач брата! Як нас ушчувалі!

Алесь БАДАК, празаік, публіцыст, крытык, паэт, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

— Аднойчы сустракалі Новы год у вёсцы ў бабулі Фядоры і яе дачкі. Ёлку ў хаце яны і не думалі ставіць. За дзень да свята зайшла суседка і жартам, звяртаючыся да бабулі, а больш да мяне, спытала, які падарунак мне прынясе Дзед Мароз. У Дзеда Мароза тады я ўжо не дужа верыў, але пытанне пра падарунак спадабалася, таму засынаў з нейкімі няпэўнымі думкамі. Раніцай бабуля сказала:

— Вось пакуль ты спаў, Дзед Мароз прыходзіў.

— Ага, канешне, — сонна і без аніякай веры ў бабуліны словы адказаў я. Маўляў, ён прыходзіў тады, калі я спаў, каб не змог яго ўбачыць: знайшлі маленькага.

— А ты выйдзі на двор, паглядзі, — не адчаплялася яна.

Я неахвотна адзеўся, расчыніў дзверы — і мяне асляпіла яркая бель. Ляжалі снежныя гурбы, якіх увечары не было, з неба падалі вялікія шматкі снегу. Усё было як у казцы, нібы тут начараваў якінебудзь Дзед Мароз. Але самае нечаканае і дзівоснае — у наступным імгненні, калі я павярнуў галаву: маладзенькая яблынька ўся была ўвешана цукеркамі. Па сёння памятаю той душэўны стан радасці і ўзрушанасці.

Уладзімір КАНДРУСЕВІЧ, кампазітар:

— Як і любое дзіця, я быў схільны да хітрыкаў з боку бацькоў. У той час у нас быў маленькі лялечны Дзед Мароз з мяшочкам, які клалі пад ёлку. Бацькі казалі, пакуль я сплю, ён прынясе ў мяшочку падарунак. І я не верыў, як такі маленькі Дзед Мароз з такім маленькім мяшочкам гэта зробіць. Позна ноччу я забраўся пад ёлачку і раскрыў гэты няшчасны мяшочак. Вядома, там нічога не аказалася, і было такое расчараванне! Але бацькі выкруціліся, маўляў, рана: Дзед Мароз яшчэ толькі збіраецца. Усю незвычайнасць навагодняга святкавання я неяк увабраў у сябе, таму для сваіх дзяцей імкнуўся стварыць падобную атмасферу і падтрымаць веру ў цуд. Так, зімой мы часта каталіся на лыжах. Я браў з сабою цукеркі, пернікі, заязджаў па лыжні наперад, пакідаў іх на снезе і вяртаўся назад. І здзіўляўся: «Вунь зайчык пабег, бачылі? Не? А ён нешта на лыжні пакінуў». Яны вельмі радаваліся. Здарылася, што аднойчы, як я падкінуў цукеркі, з-за кустоў выбег сапраўдны заяц і панёсся па лыжні. Вядома, дзеці закрычалі: «Гэта наш зайка!»

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, публіцыст, журналіст, галоўны дырэктар міжнароднага радыё «Беларусь»:

— Для мяне з дзяцінства навагоднія святы былі самай галоўнай падзеяй, бо нарадзіўся я якраз на стары Новы год — 14 студзеня. Ужо з навагодняй ночы доўжылася маё салодкае чаканне, калі будуць віншаваць і пакладуць падарункі пад ёлку, якая стаяла акурат да 14-га. У гэты дзень я запрашаў сяброў-аднакласнікаў да нас у госці. Звычайна мама гатавала, а я адгадваў, якія кніжкі мне падораць: іх у нас было не так багата, марылася займець цікавы экзэмпляр. Тады вельмі спадабалася кніга Прыляжаевай «Хлопчык з Уржума», якую прынёс сябрук Толя. Калі мы папілі чай з тортам, Толя раптам сказаў: «Слухай, дай мне пачытаць гэтую кнігу, я табе потым аддам!» Так сталася, што яна да мяне не вярнулася. Праз некалькі гадоў на вакзале ў Гродне я чытаў часопіс «Юность». Да мяне падсела пажылая жанчына і сказала, што ёй прыемна бачыць, як малады чалавек чытае часопіс і назвала сябе: «Марыя Прыляжаева». Гэта было першае знаёмства з сапраўдным пісьменнікам. І я ўспомніў даўні дзень і кнігу, якую потым усё ж прачытаў, узяўшы ў бібліятэцы.

Віктар МАНАЕЎ, народны артыст Беларусі:

— Раней Новы год мы адзначалі сціпла. Нас у мамы было трое: старэйшыя сястра і брат ды я. Мама працавала прадаўцом. Акрамя яе белага халата для святкавання больш нічога не знаходзілася. Таму брат рабіў бараду з ваты і апранаў гэты белы халат. У нас заўсёды на Новы год была натуральная ёлачка — вялікая, да столі, пад якую клалі падарункі. І так выходзіла, што, калі я знаходзіў свой, фортка была адкрытая, нібыта гэта Дзед Мароз толькі-толькі вылецеў, даставіўшы мне навагодні падарунак. І я ў гэта верыў гадоў да дзесяці. Дарэчы, на ёлцы заўжды былі цукеркі разам з прыгожымі цацкамі, якія засталіся ў мяне па сёння, але, па шчырасці, я імі не карыстаюся. Брат быў старэйшы, смялейшы, таму з кожнай гадзінай цукерак станавілася ўсё менш.

Алена МАСЛА, пісьменніца-казачніца:

— У дзяцінстве да нас прыходзіў прафсаюзны Дзед Мароз, настаўніцкі, бо мама і тата працавалі настаўнікамі. Падчас ранішнікаў нам з сястрой і братам перападала ажно па два падарункі: адзін — ад школы, другі — ад прафсаюза. Былі і шчасліўчыкі, у якіх маці настаўнічалі, а бацькі былі шафёрамі: яны атрымлівалі падарунак і ад школы, і ад двух прафсаюзаў! Ім усе зайздросцілі, бо навагоднія падарункі мелі асаблівыя смак і пах! Аднаго разу бацькі павялі мяне, пяцігадовую, на «ёлку» ў клуб. Перад паходам быў праведзены суровы інструктаж: «Свой падарунак ты ўжо атрымала, там табе нічога не будзе». А мне абы на ёлку пайсці! І ўсё было сапраўды добра, пакуль вадзілі карагоды і спявалі песні. Трагедыя пачалася, калі Дзед Мароз узяўся раздаваць падарункі. Я памятала ўсе наказы, але ж які адчай апанаваў, калі ў чаргу па падарунак мне стаць не дазволілі. Я зашылася ў груду паліто і куртак, накіданых на крэслы, і адчайна галасіла. Угавораў бацькоў папросту не чула. Вось ужо і клуб апусцеў, пакрысе расцягалі накіданыя паліто... а я ад знямогі адно хліпала. І раптам пачула:

— А чаму гэтая слаўная дзяўчынка плача? Так добра вершы чытала!

Нада мной стаяў Дзед Мароз!

— Свой падарунак у школе атрымала, а тут яшчэ хацелася, ды нельга!

— Ну, Дзеду Марозу можна ўсё! Таму не плач, трымай!

Ён запусціў руку ў кішэню і дастаў жменю цукерак. Як памяняўся адразу свет! Памятаю, я ішла дамоў і дужа цешылася, што Дзед Мароз аказаўся мацнейшы, чым прафсаюз.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.