Вы тут

Сёння адкрываецца выстаўка Марыі Голубевай «Новае ... Залатое».


Сёння, 3 студзеня, у 17 гадзін у Мастацкай галерэі «Беларт» Беларускага саюза мастакоў, якая знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Карла Маркса, 4, адбудзецца адкрыццё выстаўкі Марыі Голубевай «Новае ... Залатое». Работы мастачкі дапамогуць наведвальнікам яшчэ раз апынуцца ў атмасферы цуда Раства, навагодніх таямніц і чараўніцтва.


«Тонкія вобразы, навеяныя гукамі завеі і цяплом імбірных пернікаў, пахам зялёнай ігліцы і бляскам навагодніх цацак, дапамагаюць гледачу зноў і зноў перажыць гэтыя цудоўныя гадзіны: імгненне чакання гуку званочка Санта-Клауса, вечар у прадчуванні падарунка і гады цёплага сямейнага шчасця, — дзеліцца ўражаннямі культуролаг Уладзімір Голубеў. — Набор метафар і вобразаў, з якіх складаюцца сюжэты карцін, далучаюць гледача да карагода бліскучых бенгальскіх агнёў, мрояў залатых канфеці і дыму хлапушак. Трапяткое мігценне золата на карцінах, тонаў сфумата і мяккія контуры фактур падкрэсліваюць глыбіню сюжэтаў і літаратурных матываў. У іх па волі аўтара заўсёды адлюстроўваюцца веліч любові, прыгажосці і дабра».

Прыбраныя ялінкі, навагоднія цацкі, гімназічныя гербарыі, экзістэнцыяльныя каты, кітайскія камоды, парцалянавыя сланы, амаль рэальны водар мандарынаў і шакаладу — усё гэта можна ўбачыць і адчуць на выстаўцы, нібы апынуўшыся на сапраўднай навагодняй вечарыне. Карціны выкананы ва ўнікальнай аўтарскай тэхніцы, на іх, нібы ў «краме Цудаў», перад позіркам здзіўленага гледача з'яўляюцца бабуліны шафы з адзеннем, сямейныя буфеты, напоўненыя антыкварыятам са стагоддзяў дэкадансу і пераломных часоў.

Фамільны посуд у паціне на карцінах аўтара — як водбліск даўняга свету арыстакратычных выгодаў і павольных гутарак ля каміна. Кожная работа на выстаўцы — гэта майстэрскі сінтэз літаратурнага сюжэта і візуальнай формы, узор тэхналагічных магчымасцяў шматслаёвай фактуры і празрыстага залатога колеру, які стварае дзіўна тонкі настрой светлага суму і неўміручай надзеі.

Работы мастачкі, сабраныя ў «інтэлектуальны тэкст», запамінаюцца стылістычнай вытанчанасцю, кампазіцыйнай элегантнасцю і філігранным майстэрствам. «Жывапіс, батык і арт-аб'екты Марыі Голубевай ствараюцца як канцэптуальныя творы для фарміравання не «яркай і нахабнай» прасторы паспяховага жыцця напаказ, а для цёплага і ўтульнага хатняга інтэр'еру, для знаходжання міру і спакою ў душы, для медытатыўнага сузірання і пазітыўнага «рэлаксу», — рэзюмуе Уладзімір Голубеў.

Выстаўка будзе працаваць да 19 студзеня: з панядзелка да аўторка з 11 да 20 і ў суботу з 11 да 19. Уваход вольны.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Мроі залатых канфеці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.