Вы тут

Дарога да Сонца


Знаёмства беларускага чытача з вершамі вялікага творцы Ай Ціна — яшчэ адзін мост на шырокай рацэ беларуска-кітайскай літаратурнай дружбы


У Мінску ўжо раней выйшла кніга вершаў Ай Ціна — у серыі «Светлыя знакі. Паэты Кітая». У зборніку «Водар стоенага лесу» — дваццаць шэсць вершаў. Пераўвасабленне на беларускую мову ажыццявілі тры перакладчыкі — Мікола Мятліцкі, Таццяна Сівец, Навум Гальпяровіч. Было тое ў 2015 годзе. А яшчэ вершы Ай Ціна друкаваліся ў аўтарскай анталогіі перакладаў кітайскай паэзіі «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая», што выйшла ў 2012 годзе. І таксама ў анталогіі «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Сто паэтаў Кітая XX стагоддзя». Абодва праекты здзейсніў перакладчык Мікола Мятліцкі. І вось у «Мастацкай літаратуры» рыхтуецца да выдання новы зборнік вершаў Ай Ціна. Ізноў перакладчыкам выступае Мікола Мятліцкі.

…Ай Цін нарадзіўся ў кітайскай правінцыі Чжэнцзян 26 сакавіка 1910 года. Пайшоў з жыцця 5 мая 1996 года. У гэты немалы адрэзак часу ўмясцілася багатая на паэтычныя адкрыцці вандроўка па жыцці і мастацтве. Паэт, нягледзячы на сямейныя нястачы, закончыў сярэднюю школу. Пасля паступіў у Нацыянальную Акадэмію мастацтваў Ханчжоу. Ужо праз год малады чалавек прыняў рашэнне вучыцца жывапісу ў Парыжы. І ў 1929–1932 гадах паэт вучыцца у Францыі. З таго часу, відавочна, і ўвабраў у сябе захапленне Эмілем Верхарнам. Тады, пэўна, адкрыў для сябе і Уолта Уітмена. Тады палюбіў і Уладзіміра Маякоўскага. Але чужыя сляды, чужы досвед сталі толькі практыкай, вучобай. І жыццё самога Ай Ціна, які ўжо ў 1932 годзе быў арыштаваны за выступленні супраць Гаміньдана (і знаходзіўся ў астрозе да 1935 года), і яго паэтычныя вышукі сталі сведчаннем уласнай выразнай пазіцыі, уласнага, свайго адметнага, арыгінальнага падыходу ў ацэнках да рэчаіснасці. Паэт не разбураў старыя традыцыі кітайскай паэзіі, але дзякуючы таму, што здолеў разгледзець увесь паэтычны Сусвет, што выбраў свабодны верш, ён прыўнёс у кітайскую паэзію шмат новага, змог зрабіць яе — разам з многімі сваімі равеснікамі, якія таксама вучыліся ў Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, якія адкрывалі сусветную паэзію дома, у Кітаі, — бліжэйшай да шырокага люду.

У 1936 годзе быў апублікаваны першы паэтычны зборнік Ай Ціна «Даяньхэ». Галоўная тэма кнігі — простае жыццё кітайскай вёскі. Калі ішла нацыянальна-вызваленчая вайна (1937–1945 гг.), паэт напісаў і выдаў наступныя паэмы: «Да сонца» (1938), «Ён памёр у другі раз» (1939), «Паходня» (1940), а яшчэ зборнікі вершаў «Поўнач», «Вестка пра світанне». У 1941 годзе Ай Цін уступіў у Камуністычную партыю Кітая. Паэт пераехаў у цэнтр Вызваленых раёнаў Яньань. Напісаў паэму «Зоя», прысвечаную савецкай камсамолцы Зоі Касмадзем’янскай, іншыя творы, прысвечаныя барацьбе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мао Цзэдун надаваў вялікую ўвагу мастацкай літаратуры. Нават правёў адмысловую вялікую нараду, дзе шмат гаварылася пра ролю мастацтва ў замацаванні ідэалагічных пазіцый КПК, дзе моцна крытыкаваліся паэты-індывідуалісты. Відаць, тады і пачалася фарміравацца трэшчына ў адносінах Ай Ціна і кіраўніцтва КПК.

Хаця з прыходам КПК да ўлады Ай Цін пачаў займаць важныя пасады, узначальваў рэдакцыі вядучых літаратурна-мастацкіх выданняў. Напрыканцы 1940?х гадоў пабачылі свет два зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў Ай Ціна з аднолькавай назвай — «Пра паэзію». Пасля ўтварэння КНР паэт пабываў у СССР. Вынікам паездкі сталася асобная паэтычная кніга — «Рубінавыя зоркі». Вялікі цыкл вершаў пра Амерыку Ай Цін прывёз з паездкі ў Чылі. У 1957 годзе новая ўлада (колькі сіл паэт уклаў, каб менавіта разам з ёю прыйсці да новага Кітая, да стварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі!) залічвае Ай Ціна ў «правыя элементы». І ў 1958 годзе, калі, здавалася, павінны быць створаны ўсе ўмовы для творчасці, вольнага жыцця, за крытыку падаўлення свабоды слова Мао Цзэдун адпраўляе Ай Ціна, ўжо вядомага на той час паэта, у ссылку ў Маньчжурыю. Шаснаццаць гадоў мастак, творца чысціў вясковыя прыбіральні. Да 1978 года — пакуль не прыйшла поўная рэабілітацыя — Ай Ціна зусім не друкавалі.

А ў 1985 годзе паэта ўспомнілі ў Францыі — прэзідэнт Мітэран адзначыў кітайскага пісьменніка Літаратурнай прэміяй Францыі. Вартая ацэнка стала сведчаннем і той шматабсяжнай працы, якой творца засведчыў пра сваё вяртанне да кітайскага чытача. Па-ранейшаму адстойваючы права мастака на індывідуальнасць, Ай Цін напісаў яркую паэму «На вяршыні хвалі». Кнігі перакладаў паэзіі кітайскага майстра вершаскладання ўбачылі свет у Маскве ў 1981 і 1989 гадах. А крыху пазней там жа выйдзе і асобная манаграфія, прысвечаная вялікаму кітайскаму паэту.

Цяпер вось пачалося засваенне паэзіі Ай Ціна ў Беларусі. Відаць, нідзе ў славянскім свеце, за выключэннем Расіі ды цяпер Беларусі, так пранікліва, настойліва не адбываецца прачытанне, перастварэнне паэтычнай спадчыны Ай Ціна.

Алесь Карлюкевіч

Сонца 
З-за вякоў далёкіх, чорных, 
З-за магіл былінных, 
З-за вяршынь, што ў сне дрымотным, 
З-за патокаў, смерць нясучых 
Усяму жывому, 
Вялікім дыскам вогнелікім 
Выглянула сонца.
Пад гэтым зыркім арэолам 
Уздрыгнула жыццё паўсюдна, 
І сталі танцаваць лісты на голлі, 
І з гімнам за праменнямі памкнулі 
Рачныя адзічэлыя патокі.
І глыбака ў зямлі, 
Калі яно з’явілася —
Я гэта чуў! —
Пасля задоўгай спячкі 
Заварушыліся зноў лапкі насякомых, 
І разарваў маўчанне скутых плошчаў 
Народны голас.
Гарады, 
Міргаючы агнямі электрычнымі, 
З жалезным громам 
Звалі сонца ў госці.
І ў гэты міг, 
Нібы рукой агню, 
Адкінула, як бруднае адзенне, 
Маю душу, знямоглую ў пакутах, 
І я паверыў зноўку 
У магчымасць уваскрэсін чалавека.

Вясна, 1937 год.
Пераклад Міколы Мятліцкага.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.