Вы тут

Лён кладзецца ў лёсу палатно


Чытачы “Голасу Радзімы” ведаюць пра наш праект “Куфар беларускіх скарбаў”, які прысвячаўся 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі. Летась у сярэдзіне кастрычніка ў Цэнтры беларускай культуры прайшла фінальная вечарына праекта, тэмай яе стаў лён і льняныя палотны. На тых вячорках мы й зачынілі куфар, які напаўнялі народнымі вырабамі цягам года, — і яны дэманстраваліся на фэсце “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. (Гл.: “Шматгалосае рэха з Айчыны” — ГР, №35, 14 снежня 2018 г. — Рэд.)


Прыгожымі атрымаліся фінальныя вячоркі праекта “Куфар беларускіх скарбаў”. Фота Ірыны Хажэўскай

Кожная імпрэза праекта прыцягвала ўвагу да нейкага аднаго з прадметаў, якія можна знайсці ў бабуліным куфры. І штомесяц у “Куфар беларускіх скарбаў” мы складвалі сакральныя аўтэнтычныя вырабы: тканыя й вышытыя ручнікі, плеценыя паясы, пашытыя нацыянальныя касцюмы, абрусы, кілімкі, ходнікі — усё тое, што называюць рукатворнай матэрыяльнай спадчынай беларусаў. І так патрохі мы падышлі да таго, што лічыцца асновай асноў беларускага побыту й культуры: лёну і льняных палотнаў.

Многія беларускія паэты апявалі лён. Гэта — сімвал нацыі, брэнд краіны: кветкі расліны ёсць і на Дзяржаўным гербе. Льняная тканіна трывала спалучана з велізарнай беларускай культурай, у тым ліку й вуснапаэтычнай, песеннай творчасцю. З палатна рабілі й нацыянальныя ўборы. Толькі з лёну ткаліся беларускія ручнікі, на якіх вышываўся арнамент. З лёну й сёння шыюцца як нацыянальныя строі, так і сучасныя адзенне і аксэсуары, лялькі, ручнікі, пасцельная бялізна, робяцца дывановыя дарожкі.

Заключную імпрэзу праекта мы зладзілі як вячоркі, у аснове было тэатральнае дзеянне. Вячоркі, як вядома, былі традыцыйнай сезоннай формай правядзення вольнага часу ў нашых продкаў. Пачыналіся пасля заканчэння летне-восеньскіх палявых работ, кульмінацыя ж прыходзілася на пару да і пасля Каляд. Дзяўчаты на вячорках спачатку шылі, пралі, вязалі, ціха размаўлялі, спявалі працяглыя песні, а потым наставаў час гульняў і танцаў. Вось і на вячоркі ў сельскую хату сабраліся нашыя жанчыны (гурт народнай песні “Купалінка”), якія селі на лаўкі ды за няспешнай гутаркай вышывалі, вязалі, пралі, спяваючы беларускія песні. А Гаспадыня (Галіна Сантоцкая) і Гаспадар (Віталь Міхайлоўскі) разыгралі гумарыстычную пастаноўку, згулялі з гасцямі ў пацешную даўнюю беларускую гульню “Канапелькі”.

У той вечар усё ў нас было прысвечана Яго Вялікасці Лёну. Вядучая вечарыны, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская дастала з куфра вялікі скрутак (яго называлі сувой) ільнянога палатна і распавяла пра шматлікія, працаёмкія этапы стварэння палатна. Колькі ўсяго трэба зрабіць, каб з маленькага льнянога насення ўрэшце атрымаць багатае і прыгожае палатно! З якога беларускія дзяўчаты, жанчыны шылі многія неабходныя ў жыцці рэчы, без якога не маглі абысціся ў побыце. Спадарыня Жанна паказала прадметы працы, якімі карысталіся нашы продкі, каб апрацаваць лён: церніцу, грэбень, шчоткі, верацяно, трапло. Распавяла шмат цікавага пра вытворчасць лёну — тым сяляне займаліся ў Беларусі са старажытных часоў. І яшчэ дастала вядучая з куфра патаемныя і каштоўныя скарбы: упрыгожанні ды маленькі вузельчык са старадаўнімі грашыма.

Казка-быль пра лён, пачутая ад бабулі, жартоўныя народныя песні й прыказкі Гаспадыні, вершы й загадкі ад паэта Станіслава Валодзькі, зухаватая полька Матлёт ад танцавальнага гурта “Лянок”... Потым яшчэ сцэнічна абыграная песня “Пасеялі дзеўкі лён” у выкананні вакальнага гурта “Пралескі”, знакамітая песня “Сіні лён” (яе харавая капэла “Спадчына” спявала на беларускай, рускай і латышскай мовах), займальны аповед і верш, а таксама акапэльная песня ад сябровак суполкі “Уздым” Яўгеніі Гуляевай і Зінаіды Сіліні. Потым былі вершы пра лён, з душой прачытаныя Тэрэзай Паўлавай, Ліліяй Воранавай, Марыяй Памецькай, Інэсай Казлоўскай, Інай Валюшкай... Увесь калейдаскоп з яркіх і цікавых нумароў гледачы ўспрымалі з непадробнай цікавасцю.

Лагічнае завяршэнне праект “Куфар беларускіх скарбаў” меў на вышэйзгаданым “Беларускім кірмашы”. Дарэчы, з макулінак кожнай імпрэзы праекта складзена была ўся аснова гала-канцэрта. І мы ўжо ствараем у ЦБК цікавую экспазіцыю “Беларуская хатка” — з падораных нашымі сябрамі экспанатаў. То як будзеце ў Даўгаўпілсе — заходзьце на вул. Алеяс, 68-1A: у нас ёсць на што паглядзець. Запрашаем усіх, каго цікавіць багатая беларуская гісторыя й культура, яе матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына, наведаць імпрэзы Беларускага дома.

Марыя Памецька

Меркаванне

Я — за газету друкаваную!

Мінулай восенню, ведаю, у актывістаў беларускіх суполак дыяспары пыталіся: ці патрэбная нам будзе надалей газета “Голас Радзімы” ў друкаваным варыянце? Цяпер многім даступны інтэрнэт — то можа дастаткова размяшчаць газету на сайце, рассылаць у суполкі нумары ў электронным фармаце?

Безумоўна, шмат хто чытае газету ў інтэрнэце. І мы, беларусы ў Даўгаўпілсе, гэтай зручнасцю ахвотна карыстаемся. Застаемся актыўнымі інтэрнэт-чытачамі газеты з Бацькаўшчыны. Вельмі чакаем кожны нумар “Голасу Радзімы”! І спрыяем пашырэнню: ПДФ-варыянт кожнага нумара рассылаем на электронныя паштовыя скрынкі сябрам, якія сталі актыўнымі карыстальнікамі сусветнай сеткі.

Але яшчэ больш, чым “ГР” у інтэрнэце, мы чакаем паштальёна з друкаванымі нумарамі “Голасу Радзімы”. Яны нам пахнуць Радзімай! Іх, аддрукаваныя ў колеры, на цудоўнай паперы, так прыемна браць у рукі. Гэта ж, дарэчы, вельмі працуе на імідж Беларусі! У нас ёсць падшыўкі за шмат гадоў. Свежыя газетныя старонкі вывешваем на Дошку аб’яў. І ёсць завядзёнка: па газетным нумары даём тым сябрам, пра якіх напісана ў чарговай публікацыі. Мяркую, трэба ўсё ж, прымаючы рашэнне — быць ці не быць папяровай версіі “ГР” — улічваць: большая колькасць актывістаў дыяспар — людзі сталага ўзросту, з акулярамі... Далёка не ўсе ў інтэрнэце “сядзяць”. А станоўчых эмоцый у нас больш ад чытання газеты на паперы. Таму я — за газету друкаваную, высокай паліграфічнай якасці, якую можна ўзяць у рукі ды ўважліва, доўга, з цікавасцю чытаць. Даць іншаму. І зберагчы — на доўгія гады: для сябе, для нашчадкаў.

Жанна Раманоўская, г. Даўгаўпілс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.