Вы тут

Далёкія адлегласці — блізкія літаратуры


Кожная нацыянальная літаратура пазнае свет праз душу свайго народа, яго характар, ментальны склад. І пісьменнікі, найлепшыя носьбіты і выказнікі народнага духу, цікавыя не толькі свайму чытачу. Не можа не хваляваць добры твор геаграфічна далёкага ад нас мастака слова, бо ён адкрывае мала знаную, а то і зусім не знаную краіну, яе разнастайныя каштоўнасці. Стварае для нас своеасаблівы мост, па якім можна рухацца ў адпаведным напрамку. І ўжо зусім добра, калі ствараецца яшчэ і сустрэчны рух — узаемныя сувязі літаратур і народаў.


У Беларусі такія сувязі даўно дзейнічаюць, і яны няблага вывучаны. Асабліва гэта датычыць кантактаў з літаратурамі народаў-суседзяў — рускай, украінскай, польскай, літоўскай. Шмат зрабіў на гэтай дзялянцы Максім Багдановіч. З сучасных аўтараў — Міхась Ларчанка, Адам Мальдзіс, Вячаслаў Рагойша, Таццяна Кабржыцкая, Навум Перкін, Уладзімір Казбярук, Сцяпан Александровіч, Анатоль Верабей, Генадзь Кісялёў, Эла Мартынава, Валянціна Гапава, Цімафей Ліякумовіч. І вось кніга пра беларуска-туркменскае літаратурнае ўзаемадзеянне Алеся Карлюкевіча «Літаратурнае пабрацімства. Беларусь — Туркменістан: сустрэчы, знаёмствы, адкрыцці» (Мінск, 2016), паўторна выдадзеная ў перакладзе на рускую мову выдавецкім домам «Звязда» ў 2018 годзе.

Туркменскія сцежкі пралеглі праз маладосць Алеся Карлюкевіча, журналіста, краязнаўца, пісьменніка. І ён не мог не вярнуцца туды, на сустрэчы з калегамі па пяры. Давялося многае аднаўляць у памяці. Але кніга гэтая менш за ўсё мемуарная. Аўтар правёў вялікую пошукавую работу і адкрыў мноства старонак культурнага жыцця Туркменістана, у якое ўключаліся на нядоўгі, а часам і працяглы час беларускія пісьменнікі, журналісты, людзі іншых прафесій. Асабліва плённа папрацавалі на туркменскай ніве Васіль Ткачоў, Браніслаў Спрынчан, Мікалай Кулінковіч, Леанід Чыгрын, Міхась Карпенка, Янка Сіпакоў, Мікола Чарняўскі, Казімір Камейша. Аўтар уважліва вывучыў туркменскія аспекты іх творчай дзейнасці і паказаў, наколькі яны важныя ў іх лёсе, у сістэме беларуска-туркменскага духоўнага ўзаемадзеяння. Ды і самі пісьменнікі і іх туркменскія калегі гэта прызнаюць. Руская паэтка Любоў Турбіна, якая ў 60—80-я гады жыла ў Мінску, нарадзілася ў Ашхабадзе. Не раз пасля бывала як паэтка Беларусі на туркменскай зямлі. Пра гэта яна напісала ўспамін-эсэ (відаць, па заказе аўтара). Маналог хвалюе паэтычнай пранікнёнасцю аповеду і добра мацуе кантэкст кнігі, напісанай з любоўю да Туркменістана і яго творчай эліты. Нямала тут і вершаваных тэкстаў, якія сваёй лірычнай спавядальнасцю, гумарам, а то і высокім словам прызнання ў салідарнасці працуюць на згаданы кантэкст.

Натуральна, што ў кнізе шмат месца займаюць туркменскія пісьменнікі, журналісты, мастакі. Многіх з іх аўтар ведаў асабіста. Разглядаюцца іх лёсы і творчыя справы, іх разнастайныя кантакты з Беларуссю. Асабліва красамоўнымі бачацца тут пераклады. Як знакавыя ў гісторыі беларуска-туркменскіх адносін ацэньваюцца кнігі перакладаў на беларускую мову (выйшлі ў 1983 і 2014 гадах) класіка туркменскай літаратуры, паэта сусветнага значэння Махтумкулі. Сучасныя пісьменнікі паказваюцца зблізку, як непасрэдныя творцы літаратурнага пабрацімства. Фіксуюцца шматлікія паездкі, сустрэчы, выдадзеныя кнігі. Карысныя тут і статыстычныя звесткі.

Фармальная адметнасць кнігі Алеся Карлюкевіча ў тым, што ў ёй не выдзяляюцца асобныя раздзелы. Аўтар, які сам спрычыніўся да апісаных падзей, вядзе чытача за сабой, стараючыся ахапіць паболей фактаў, бо ўсе яны цікавыя і значныя. Вытрымліваецца храналагічны прынцып падачы матэрыялу, які дазваляе няспешна разгортваць шырокую панараму літаратурнага ўзаемадзеяння. Яго пачаткі звязваюцца ў кнізе з постаццю Аляксандра Ходзькі, усходазнаўца і славіста з Мядзельшчыны, які ў ХІХ стагоддзі знаёміў еўрапейскага чытача з туркменскім фальклорам і паэзіяй Махтумкулі. Многа зрабіў па вывучэнні Туркменістана ў ХХ стагоддзі выдатны мовазнавец-цюрколаг Аляксандр Пацалуеўскі. А. Карлюкевіч піша: «З усіх беларусаў фігура Пацалуеўскага для Туркменістана — маштабу самага буйнага». Ён працаваў у Ашхабадскім педінстытуце і выдаў цэлую серыю даследаванняў, падручнікаў па туркменскай мове. Загінуў у Ашхабадзе падчас землятрусу 1948 года. А. Карлюкевіч слушна ў цэлым выказвае шкадаванне, што А. Пацалуеўскі ў нас не вывучаны, абыдзены ў беларускіх энцыклапедыях. Тут дзеля ўдакладнення трэба згадаць змястоўную працу (на рускай мове) Ігара Захаранкі з БДУ «Вывучэнне Усходу нараджэнцамі Беларусі» (Мінск, 2006), у якой А. Пацалуеўскаму адведзены асобны раздзел.

Кніга «Літаратурнае пабрацімства» ўпісвае новую старонку не толькі ў вывучэнне літаратурных сувязяў — яна дапамагае лепш пазнаць Туркменістан, яго народ і культуру.

Аляксей ПЯТКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.