Вы тут

Якая дзейнасць у галіне экалогіі павінна стаць прыярытэтнай?


Тэхнічны прагрэс шмат у чым палегчыў жыццё людзей. Але ў многіх дасягненняў ёсць і адваротны бок — экалагічныя праблемы. Як адказваць на гэтыя глабальныя выклікі і ці ёсць магчымасць для «зялёнага» развіцця ў такіх умовах?


Падчас работы форуму. Фота Таццяны Ткачовай.

Спецыялісты ўпэўнены — развівацца можна. Але пры гэтым неабходна аб'яднаць эканамічны, сацыяльны і экалагічны кампаненты. На гэта скіраваная і Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 года, такія ж прынцыпы знайшлі сваё ўвасабленне і ў нарматыўна-прававых дакументах, якія прымаліся ў краіне ў апошнія гады.

— Устанаўленне партнёрскіх сувязяў дзяржавы, грамадства і бізнесу гарантуе забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці, экалагічнай бяспекі і эканамічнай эфектыўнасці, — расказала першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія МАЛКІНА. — І ў гэтым працэсе вялікую ролю адыгрываюць парламентарыі, якія таксама забяспечваюць рэалізацыю Стратэгіі.

Толькі лічбы

  • Беларусь займае 44-е месца са 180 краін па Індэксе экалагічнай эфектыўнасці.
  • Сёння ў свеце выкарыстоўваецца каля 170 тысяч розных хімічных рэчываў. Велічыня іх уздзеяння на наваколле і чалавека вядомая толькі для часткі з іх.
  • Перавесці ўсіх спажыўцоў Мінска на водазабеспячэнне пітной вадой з падземных крыніц плануецца да 2025 года.

Па словах Іі Малкінай, неабходна забяспечыць зацікаўленасць органаў дзяржкіравання ў экалагізацыі прыярытэтных для краіны галін эканомікі. І асноўны акцэнт трэба зрабіць на ўсведамленні: неабходна ўбудоўваць экалагічныя паказчыкі ў паказчыкі эфектыўнасці асобнага бізнесу ці цэлых галін, бо «хто не прыме гэта да выканання сёння, той прайграе».

Эксперты вылучаюць чатыры стратэгічныя «зялёныя» прыярытэты, якія павінны легчы ў аснову дзяржаўнай палітыкі:

* Узаемадзеянне дзяржавы, грамадства і бізнесу па змякчэнні наступстваў змены клімату і адаптацыі да іх.

Згодна з Парыжскім кліматычным пагадненнем Беларусь абавязалася скараціць выкіды парніковых газаў — да 2030 года яны не павінны перавышаць 74 мільёнаў тон у эквіваленце СО2. Сёння ж паказчык знаходзіцца на ўзроўні 91,5 мільёна тон, а значыць, што за 11 гадоў неабходна зменшыць выкіды на 17,5 мільёна. Гэта глабальны выклік для такіх галін, як энергетыка, транспарт, сельская гаспадарка.

Дапамогуць на яго адказаць укараненне нізкавугляродных і безвугляродных тэхналогій у галіне электратранспарту, ацяплення жыллёвага фонду, парытэтнае развіццё як атамнай энергетыкі, так і ўзнаўляльных крыніц энергіі.

* Аб'яднанне дзяржаўных і рэгіянальных органаў кіравання, перш за ўсё мясцовых Саветаў дэпутатаў, прыватнага сектара з міжнароднымі партнёрамі для рэалізацыі канцэпцыі «ўстойлівых» гарадоў.

Сёння ў нашай краіне каля 75 % насельніцтва — гарадскія жыхары, а ў 2030 годзе іх колькасць узрасце да 80 %. Задачы па фарміраванні сацыяльнай інфраструктуры, забеспячэнні занятасці гарадскога насельніцтва немагчыма вырашыць без пашырэння вытворчасцяў. Пры гэтым гарады павінны заставацца экалагічна бяспечнымі.

Аб'яднанне такіх, здаецца, супрацьлеглых напрамкаў — мэта пілотных праектаў, якія пры ўдзеле міжнародных партнёраў рэалізуюцца ў розных рэгіёнах краіны. 48 беларускіх гарадоў далучыліся да ініцыятывы «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі», у Брэсце распрацавана стратэгія «разумнага» гарадскога развіцця, у Мінску такая стратэгія распрацоўваецца. Праект, накіраваны на павышэнне энергаэфектыўнасці, развіццё ўстойлівага транспарту, адаптацыю да змены клімату ажыццяўляецца ў такіх гарадах, як Навагрудак, Баранавічы, Слаўгарад, Пружаны і іншых.

* Укараненне інавацыйных спосабаў кіравання рэсурсамі, стварэнне новых бізнес-мадэляў, якія будуць мець эканамічныя, сацыяльныя і экалагічныя выгады.

Такая ідэя закладзена ў аснове «зялёнай» эканомікі, якая развіваецца ў нашай краіне. Адзін з яе прыярытэтных кірункаў — распрацоўкі ў сферы абыходжання з вытворчымі адходамі і пластыкам.

Пры практычна нязменнай колькасці насельніцтва ў нашай краіне ўтвараецца ўсё больш прамысловых і камунальных адходаў. Гэта значыць, існуючая мадэль спажывання не ўстойлівая.

У Мінпрыроды лічаць, што для вырашэння такіх праблем неабходна далучаць грамадзян. І ў гэтым кірунку вызначальную ролю іграюць мясцовыя органы ўлады.

* Экалагізацыя эканомікі, заканадаўства немагчымая без фарміравання экалагічнай культуры, паляпшэння экаадукацыі грамадства.

Поспех вырашэння гэтай задачы — у зацікаўленасці, упэўнена першы намеснік міністра. Сёння ў Беларусі больш за 150 устаноў адукацыі працуюць па праграме «Зялёныя школы», у БДЭУ і БДПУ імя М. Танка ўкаранёны праграмы навучання азеляненню нацыянальнай эканомікі, многія ўстановы і арганізацыі займаюцца экавыхаваннем.

— Прынцыпова важнай бачыцца асветніцкая праца па экалагічнай тэматыцы, — адзначыла Ія Малкіна. — І для нас усіх гэта павінна стаць не толькі вектарам, якога б мы прытрымліваліся ў сваіх галіновых і рэгіянальных праграмах, але і ў цэлым глабальным выклікам.

Андрэй ХУДЫК, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

Фота Сяргея Нікановіча.

— Сёння намаганні Мінпрыроды накіраваныя на дасягненне ўстойлівага балансу паміж захаваннем наваколля і эканамічным развіццём, прасоўванне прынцыпаў экалагічнай цэласнасці, «зялёнай» эканомікі, канцэпцыі «разумнага» развіцця. Міністэрства вызначана каардынатарам ключавых мерапрыемстваў па дасягненні сямі Мэт устойлівага развіцця экалагічнай скіраванасці (Мэты 6, 9, 11, 12, 13, 15, 17). Сумесна з іншымі рэспубліканскімі органамі яно адказвае за фарміраванне нацынальных паказчыкаў па экалагічным кірунку — а гэта 22 задачы і 26 паказчыкаў, якія вызначаны на глабальным узроўні, і 30 проксі-паказчыкаў — на нацыянальным. У далейшым неабходна гарманізаваць з Мэтамі не толькі галіновыя дзяржпраграмы і нацыянальныя планы дзеянняў, але і нарматыўна-прававыя дакументы.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: «Зялёная» чацвёрка і чалавек

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.