Вы тут

Лукашэнка патрабуе спыніць падтрымку прадпрыемстваў, якія не спраўляюцца


Будуць разглядацца законапраекты, якія непасрэдна будуць уплываць на дзелавую структуру і асяроддзе.


«Як мы з вамі дамаўляліся, сёння традыцыйна — нарада з эканамічным блокам нашай дзяржавы, ядром якога з'яўляецца ўрад. Паколькі пытанні, вынесеныя на нараду, датычацца і парламента, і Камітэта дзяржкантролю, Адміністрацыі Прэзідэнта, іншых структур, мы запрасілі сюды кіраўнікоў (названых арганізацый — “Звязда”)», — адзначыў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, на гэтай нарадзе на разгляд вынесена некалькі законапраектаў, якія непасрэдна будуць уплываць на дзелавую структуру і асяроддзе. Яны тычацца і міжнароднага супрацоўніцтва, узаемадзеяння з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, мытных працэдур.

«Урад унёс прапановы па павышэнні эфектыўнасці работы асобных прадпрыемстваў. Пры гэтым яшчэ раз хачу нагадаць: ніякіх паслабленняў быць не павінна, і хопіць мне ўносіць прапановы па 10 раз па тых прадпрыемствах, якія раней не выканалі абяцанае, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Толькі пасля таго, як, прабачце мяне, у чарговы раз нагадваю, кіраўнікі пойдуць у месцы не гэтак аддаленыя, тады мы будзем разглядаць прапановы другі і трэці раз. А так кіраўніцтва прадпрыемстваў сябе выдатна адчувае, правалілі абяцанае, не вярнулі канкрэтна грошы ў бюджэт ці інвестару. А бюджэт павінен за іх цяпер плаціць і адказваць на іх даўгах. Трэба гэтую практыку было скончыць учора».

Прэзідэнт таксама дадаў, што ў наяўнасці не адзін пункт гледжання, а мноства, таму ён паабяцаў выслухаць кожнага і прыняць адпаведныя рашэнні. Паколькі пытанняў вельмі шмат — каля 10, Аляксандр Лукашэнка заклікаў выконваць рэгламент і выступаць «без усялякіх разглагольстванняў», тым больш, што ўрад прыйшоў з адзіным меркаваннем.


Па выніках нарады першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын падзяліўся з журналістамі падрабязнасцямі сустрэчы.

Паводле яго слоў, адзін з блокаў разгляданых пытанняў — гэта аспекты паляпшэння дзелавога клімату ў Беларусі, інвестыцыйнай прывабнасці. "Мы зрабілі акцэнт ужо на практыку прымянення пэўных нормаў заканадаўства ў нашай краіне. Таму неабходна будзе ўнесці пэўныя карэкціроўкі ў прапанаваныя дакументы. Канцэптуальна тыя асноўныя рэчы, якія ў іх выкладзены, кіраўніком дзяржавы падтрыманы", — адзначыў Аляксандр Турчын.

У бліжэйшы час па гэтай тэме з'явяцца канкрэтныя дакументы.

Асобны блок пытанняў нарады датычыўся функцыянавання шэрагу беларускіх прадпрыемстваў — у прыватнасці, "Гомельшкло". На яго думку, урад можа з задавальненнем адзначыць, што прыклад функцыянавання гэтага прадпрыемства, якому была аказана значная дзяржаўная падтрымка, даў пэўныя вынікі. "Узровень рэнтабельнасці на гэтым прадпрыемстве ў 2018 годзе дазваляе ўраду з аптымізмам глядзець і быць упэўненым, што прадпрыемства ўсе свае абавязацельствы перад дзяржавай, бюджэтам, банкаўскай сістэмай выканае ў поўным аб'ёме", — сказаў Аляксандр Турчын.

Станоўчыя высновы аб працы прадпрыемства "Гомельшкло" можна зрабіць у тым ліку і таму, што яно датэрмінова пагашае тыя сумы, якія павінна вярнуць у бюджэт.

На нарадзе разглядалі таксама цэментную прамысловасць, у якой, па словах Турчына, "сітуацыя больш сур'ёзная". Так, рэалізацыя інвестыцыйных праектаў прыйшлася на той час, калі значна знізіліся кошты на гэтую прадукцыю. "Але сёння, як мінімум, прадпрыемствы забяспечваюць сваю бягучую дзейнасць, а пытанні, скажам так, магчымага — падкрэсліваю, магчымага — аказання дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам цэментнай галіны, я думаю, будуць прапанаваны Прэзідэнту ў асобным нарматыўна-прававым акце", — дадаў ён.

Па гэтай тэме кіраўнік дзяржавы паставіў жорсткія патрабаванні — у першую чаргу, па тэрмінах пагашэння запазычанасцяў, якія павінны быць зачынены своечасова. Беларускі лідар запатрабаваў ад Камітэта дзяржкантролю і Адміністрацыі Прэзідэнта кантраляваць тэрміны, каб гэты працэс не расцягваўся. Іншы акцэнт Аляксандра Лукашэнкі — адказнасць кіраўніка прадпрыемства. Усім неабходна разумець, што нічога не будзе проста так.

На нарадзе абмяркоўваўся шэраг міжнародных дамоваў. "Пытанні тычыліся мытнага супрацоўніцтва ў рамках СНД, супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі структурамі, у прыватнасці з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця па фінансаванні пэўных праектаў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі", — расказаў першы намеснік прэм'ер-міністра.

Нараду Аляксандр Турчын назваў вельмі прадуктыўнай.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.