Вы тут

Уладзімір Сіўчыкаў. Аднойчы вясною ў Амерыцы


Неакласічны калос

Ледзь не кожны жыхар Нью-Ёрка і бадай кожны госць «Вялікага Яблыка» лічаць за абавязак калі не ўскараскацца на гэтую статую, дык хаця б агледзець яе з борта парома, прагулачнага цеплахода або катара, якія рэгулярна курсіруюць да выспы Свабоды (Liberty Island), што раней звалася Бэдлаў (Bedloe’s Island), пераважна з Паўднёвага порта (South Street Seaport) на Манхэтане.

Статуя Свабоды (Statue of Liberty), поўнае найменне якой «Свабода, якая азарае свет» («Liberty Enlightening the World»), уваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і ёсць адным з сімвалаў Злучаных Штатаў. Гэта падарунак Францыі да Сусветнай выстаўкі 1876 года і да 100-годдзя амерыканскай незалежнасці, а таму азначана на ёй лацінскімі літарамі дата «July IV MDCCLXXVI» — дзень, калі была прынята Дэкларацыя Незалежнасці ЗША. Адной нагою статуя наступае на разбітыя ланцугі, а сем прамянёў на яе кароне сімвалізуюць сем кантынентаў паводле заходняй геаграфічнай традыцыі. Вышыня манумента разам з п’едэсталам складае 93 метры, а самой статуі — 46 метраў.

Несумненна, што французскі скульптар Фрэдэрык Агюст Бартольдзі (Frédéric Auguste Bartholdi) арыентаваўся на адзін з сямі цудаў старажытнага свету, на легендарную статую — маяк Калоса Радоскага, хоць, як некаторыя лічаць, меў і цалкам канкрэтную мадэль.

Рука статуі з паходняю была з трыумфам паказана на Сусветнай выстаўцы ў Філадэльфіі, а вось з усталяваннем гатовага манумента ўзніклі фінансавыя і арганізацыйныя праблемы.

Паводле дамоўленасці Амерыка мусіла падрыхтаваць п’едэстал, але сродкі збіраліся занадта павольна. Тады газетны магнат і адзін з вынаходнікаў прынцыпаў «жоўтай» прэсы Джозэф Пýлітцэр (Joseph Pulitzer) найперш праз сваю газету «The New York World» правёў маштабную кампанію, і патрэбныя сродкі былі закумуляваныя.

Гатовую статую разабралі на 350 частак і прывезлі ў Нью-Ёрк у чэрвені 1885 года. Каб зманціраваць гіганцкую медную скульптуру на пастаменце, французскі інжынер Густаў Эйфель (Gustave Eiffel), будучы стваральнік знакамітай парыжскай вежы, спраектаваў не толькі масіўную стальную апору, але і каркас, бо ў сярэдзіне «Свабода» пустая.

Французскі падарунак прыпазніўся ўсяго толькі на дзесяць гадоў, але манумент урэшце быў урачыста адкрыты 28 кастрычніка 1886 года ў прысутнасці тысяч гледачоў.

Напачатку Статуя Свабоды служыла і навігацыйным арыенцірам, маяком, але вось ужо больш за 130 гадоў з’яўляецца не толькі помнікам культуры, але і сусветным сімвалам свабоды і дэмакратыі.

Пасля тэрарыстычнай атакі 11 верасня 2001 года на Сусветны гандлёвы цэнтр манумент быў часова закрыты. Пазней закрывалі яго і каб усталяваць новыя лесвіцы і ліфты, але ўжо больш за пяць гадоў адкрыты поўны доступ да статуі ажно да яе кароны з агляднай пляцоўкай.

Першы раз я пабачыў яе вобмільгам і здалёк познім вечарам па дарозе з аэрапорта Ньюарк. Куды лепей удалося агледзець статую праз тыдзень, падчас круізу на цеплаходзе.

Як на мой густ, дык кабета-Свабода, дарма што «францужанка», не вельмі прыгожая. Твар яе падаецца застыглым і занадта класічным, ледзь не копіяй мікеланджэлаўскага «Давіда», асабліва што датычыць ніжняй сківіцы.

У побыце некаторыя мінакі дражняць яе «швачкаю» з намёкам на тое, што пазіравала Бартольдзі нібыта Ізабэла Боер, удава Ісака Зінгера, амерыканскага стваральніка і гандляра машынкамі для шытва.

А калі пачуў, што называюць яе і «зялёнай бабаю», дык міжволі згадаў айчынную, мінскую «зялёную бабу», усталяваную пры Камароўскім базары. Толькі вось амерыканская высока ўздымае паходню і ўслаўляе свабоду, а наша, беларуская, — гандлярка, што сядзіць пры мяху з семкамі.

Бібліятэка кангрэса

Фота аўтара.

Самая буйная бібліятэка ў свеце і галоўнае кнігасховішча Амерыкі — The Library of Congress — мае поўнае і афіцыйнае найменне — Нацыянальная бібліятэка Кангрэса ЗША імя Томаса Джэферсана (Thomas Jefferson).

У 1800 годзе сталіцу перанеслі з Філадэльфіі ў невялікі тады Вашынгтон. Тагачасны прэзідэнт Джон Адамс (John Adams) выдзеліў сродкі на бібліятэку, якой карысталіся б толькі прэзідэнт з віцэ-прэзідэнтам, сенатары ды кангрэсмены. Адсюль і яе назва. Пасля «Другой вайны за незалежнасць» экс-прэзідэнт Томас Джэферсан прадаў бібліятэцы свой асабісты кнігазбор, і гэта стала сапраўдным нараджэннем бібліятэкі. Імя Джэферсана носіць і адзін з чатырох, найстарэйшы корпус, які мае статус гістарычнага і архітэктурнага помнікаў і месціцца ў цэнтры Вашынгтона, на Капіталійскім пагорку (Capitol Hill).

Гэта папраўдзе палац адукацыі, навукі і культуры, які ўражвае сваім багаццем і шыкоўнай аздобаю. Сёння ў Бібліятэцы шчыруюць тры з паловаю тысячы супрацоўнікаў, якія штогод абслугоўваюць да двух мільёнаў карыстальнікаў і экскурсантаў. У васямнаццаці чытальных залах адначасова могуць працаваць паўтары тысячы наведвальнікаў, якія дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту.

 Кожнае публічнае выданне краіны павінна перадаваць туды адзін асобнік. Аб’ём фонду — кніг, часопісаў, газет, мапаў і іншых носьбітаў інфармацыі на 420 мовах свету — складае пад 160 мільёнаў асобнікаў, і да дзвюх тысяч з іх аблічбоўваецца штодня.

Мабыць, праз тое, што ў галівудскіх кінастужках нярэдка выводзіцца адмоўны вобраз кангрэсмена, часам можна пачуць жарт: «А што, амерыканскія кангрэсмены яшчэ і чытаюць?!» На поўным сур’ёзе магу засведчыць: чытаюць, прынамсі, тут, бо на свае вочы бачыў спецыяльную залу, у якой яны працавалі і працуюць! Больш за тое, Бібліятэка мае сакрэтныя фонды і штодня рыхтуе сотні розных даведак, але абслугоўвае не толькі Кангрэс, але і розныя ўрадавыя органы, даследчыя ўстановы, навукоўцаў, прыватныя фірмы, прамысловыя кампаніі і адукацыйныя ўстановы.

Дырэкцыя лічыць, што самы каштоўны бібліятэчны асобнік — гэта першае друкаванае выданне Дэкларацыі Незалежнасці ЗША 1776 года. Але з тым меркаваннем можна было б паспрачацца, бо захоўваецца ў бібліятэцы пяць з паловаю тысяч інкунабул, а сярод іх і 42-радковая Біблія, першадрукаванае выданне Вульгаты ін-фоліа. Здзейсніў яго ў Майнцы на пачатку 1450-х гадоў Іаган Гутэнберг, і служыць яно традыцыйным пунктам адліку ў гісторыі еўрапейскага кнігадрукавання. Асобнік гэтай Бібліі (ці яго муляж?), з шэрагу дваццаці аднаго поўнага, што захаваліся ва ўсім свеце, дэманструецца тут непадалёк ад увахода, на пачэсным месцы на другім паверсе, у адмысловым стэндзе-сейфе.

А мне асабіста прыемна было ведаць і ўсведамляць, што ў Германа-Славянскім аддзеле, у секцыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, захоўваюцца і тры папяровыя арыгіналы маіх аўтарскіх кніг — «Бювар: маналогі і дыялогі», «Уладзевы гісторыі: проза» і «Кошык Велікодны: вершы дзецям». Маю нават падзячны ліст за перадачу іх у фонды бібліятэкі на фірмовым бланку з адметным гербам «The Library of Congres».

Сховішча амерыканскіх таямніц

Мушу прызнацца, што немалое нервовае ўзрушэнне ўсё ж адчуў, калі апынуўся перад адным з самых пазнавальных у свеце будынкаў. Вельмі часта можна пабачыць яго ў выпусках тэлевізійных навінаў, ягоны фасад адлюстраваны на 20-доларавай банкноце.

Сам Белы дом (White House) ужо больш за два стагоддзі сімвалізуе сабою штосьці куды больш значнае і знакавае, чым проста важны будынак. Ягоная класічная архітэктура сімвалізуе адзінства і магутнасць амерыканскай нацыі. І, тым не менш, мае ён і цалкам канкрэтны, зямны адрас: Федэральная акруга Калумбія, Вашынгтон, Пенсільванія-авеню, 1600 (Washington, 1600, Pennsylvania Avenue). Ён папраўдзе візуалізаваў тое, што называюць уладаю не толькі ў ЗША, і стаіць у шэрагу такіх сусветна вядомых збудаванняў, як Апостальскі палац у Ватыкане, як Забаронны горад у Пекіне, як французскі Елісейскі палац або расійскі Крэмль. Гэта тое месца ў амерыканскай сталіцы, дзе жыве і працуе прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі, гэта ягоная рэзідэнцыя.

Ідэя ўзвесці гэты будынак належала першаму амерыканскаму прэзідэнту Джорджу Вашынгтону і зарадзілася, калі маладая нацыя пачала будаваць сваю новую сталіцу. У 1791 годзе Вашынгтон падпісаў акт, паводле якога быў абвешчаны конкурс на будаўніцтва «прэзідэнцкага дома», і заклаў сімвалічны краевугольны камень. Конкурс той выйграў ірландскі дойлід Джэймс Хобан (James Hoban), а на будоўлі працавалі эмігранты з розных афрыканскіх краін, а таксама выхадцы з Італіі, Мексікі, Шатландыі.

Збудавалі Белы дом за восем гадоў, і на той час, у што сёння даволі цяжка паверыць, быў ён у Амерыцы найвялікшай пабудовай. Сваё цяперашняе найменне (мабыць, і праз тое, што будаваўся з белага пясчаніку Aquia Greek) ён атрымаў не адразу і зваўся яшчэ «Прэзідэнцкім палацам», «Прэзідэнцкім асабняком», «Прэзідэнцкім домам» і «Белай палатай».

Паводле іроніі лёсу, самому Джорджу Вашынгтону не наканавана было ні пажыць, ні папрацаваць у лёсавызначальным для ўсіх астатніх амерыканскіх прэзідэнтаў будынку, а першым ягоным гаспадаром стаўся Вашынгтонаў наступнік Джон Адамс (John Adams).

З таго часу Белы дом перажыў некалькі перабудоў ды рамонтаў і не адзін пажар. На сёння гэта больш за сем гектараў зямлі і 132 пакоі. На цокальным паверсе размешчаны дапаможныя службы, вышэй ладзяцца грамадскія прыёмы і мерапрыемствы, а самы верхні ўзровень прызначаецца прэзідэнцкай сям’і.

Найбольш знакамітыя — Блакітны, Зялёны і Чырвоны пакоі, а таксама скарбніца. А ў Авальным кабінеце, які служыць працоўным месцам прэзідэнтам з 1909 года, прымаюцца рашэнні і падпісваюцца дакументы, якія, бывае, кардынальна мяняюць сусветную палітыку.

Кажуць, што найболей экспанатаў пасля сябе пакінула Жаклін, жонка прэзідэнта Джона Кенэдзі (John Fitzgerald «Jack» Kennedy, JFK). Ахвотна верыцца і ў тое, што менавіта тая, у чыіх жылах цякла магнацкая кроў Радзівілаў, прывезла ў асабняк шмат шыкоўнай старадаўняй мэблі і стварыла непаўторную атмасферу, якая ўласцівая ўнутранай прасторы Белага дома і сёння.

Натуральна, што будынак, у якім захоўваюцца многія сакрэты дзяржавы, дзе жыве і працуе яе першая асоба, амаль што незаўважна, але надзейна кантралюецца і ахоўваецца.

Сакрэтная служба ЗША (Secret Service) была створана ўказам прэзідэнта Аўраама Лінкальна (Abraham Lincoln) 14 красавіка 1865 года, і менавіта ў той дзень яго смяротна параніў у тэатры акцёр Джон Уілкс Бут. Функцыю аховы першай асобы краіны яна пачала выконваць пасля забойства прэзідэнта Уільяма Макінлі (William McKinley) ў 1901 годзе. Сакрэтная служба паспрыяла і з’яўленню на свет Федэральнага бюро расследаванняў (ФБР), вядомага па абрэвіятуры FBI (Federal Bureau of Investigation). А вось паліцыю для аховы рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы і яго сям’і (White House Police Force) сваім распараджэннем стварыў прэзідэнт Уорэн Хардзінг (Warren Gamaliel Harding). Пазней яе перайменавалі ў Executive Protective Services (EPS) і яна стала ахоўваць таксама амерыканскія прадстаўніцтвы ў іншых краінах, а таксама кандыдатаў у прэзідэнты падчас прэзідэнцкіх выбараў. Сёння яна імянуецца Uniformed Division of the Secret Service. Сто агентаў ахоўваюць прэзідэнта на радзіме і столькі ж суправаджаюць яго ў паездках за мяжу.

Пабачыць (праўда, далёка не ўсе) інтэр’еры Белага дома можна, калі запісацца на экскурсію загадзя. А вось дэманстрантаў з пераважна палітычнымі лозунгамі і транспарантамі пры ягонай агароджы лёгка перастрэць штодня.

У прылеглым да Белага дома Лафаетскверы (Lafayette Square) цікавіў мяне найперш помнік Андрэю Тадэвушу Банавентуру Касцюшку. Цікавіў і таму, што літаральна два тыдні таму і на беларускай зямлі быў адкрыты помнік знакамітаму ваеннаму інжынеру і ваеннаму дзеячу аўтарства скульптара Гэніка Лойкі.

Каля амерыканскага помніка Касцюшку давялося мне прачытаць міні-лекцыю пра нацыянальнага героя трох краін. Адна з маіх слухачак, пяцідзесяцігадовая амерыканка Элізабэт, якая займаецца нерухомай маёмасцю і трымае ранча пад горадам Шарлотам (Charlotte) у Паўночнай Караліне, рэзюмавала: «Зразумела, Касцюшка гэты быў няміра яшчэ той: сварыўся з урадамі ўсіх краін, дзе толькі ні жыў!» Давялося парыраваць, маўляў, у Парыжы ён не ваяваў, а пераважна вучыўся і, мажліва, праз тое мае статус усяго толькі ганаровага грамадзяніна Францыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.