Вы тут

За апошнія пяць гадоў узровень сацыяльнага сіроцтва знізіўся на 16%


Адкуль і з чаго гэта пайшло — сацыяльнае сіроцтва ў нашым грамадстве, сказаць цяжка. Калі я ў 90-х пачынала пісаць на гэтую тэму, то часта сустракала горкае параўнанне: пасля вайны дзіцячыя дамы напаўнялі сапраўдныя сіроты — бацькі якіх загінулі, а цяпер гэта дзеці, якіх бацькі кінулі. Тады, у 90-х, у інтэрнатных установах выхоўвалася 35 тысяч дзяцей, у асноўным гэта былі так званыя сацыяльныя сіроты. Але гэта не значыць, што дзяцей, якія пакутавалі з-за таго, што бацькі пра іх забывалі за пляшкай гарэлкі, было столькі. Нацыянальная сістэма па своечасовым знаходжанні малых, якія аказаліся ў небяспечным жыццёвым становішчы, яшчэ толькі выбудоўвалася. Часам непаўналетніх забіралі з сям'і толькі пасля таго, як з кімсьці з іх або з бацькоў здаралася бяда. Напрыклад, у 1993 годзе «Звязда» пісала пра сям'ю, дзе шасцёра дзяцей забралі ад бацькоў пасля таго, як пры нявысветленых абставінах загінула сёмае. Малодшаму з іх было 8 месяцаў, старэйшаму — 14 гадоў. Пакуль дзяцей афармлялі ў інтэрнатныя ўстановы, бацькі прадалі чатырохпакаёвую кватэру ў цэнтры Мінска, а выручаныя грошы хутка прапілі. Пасля прыняцця Дэкрэта № 18 наўрад ці такі жыццёвы сцэнарый быў бы магчымы. Хутчэй за ўсё, сёмае дзіця засталося б жывым. Не выключана, што бацькі паспрабавалі б вярнуць сваіх сыноў і дачок.


На пачатак мінулага года ў нашай краіне налічвалася 20,8 тысячы дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Міністэрства адукацыі адзначае, што з прыняццем Дэкрэта № 18 іх колькасць паступова скарачаецца. За апошнія пяць гадоў узровень сацыяльнага сіроцтва знізіўся на 16 працэнтаў.

На жаль, штогод у нашай дзяржаве рэгіструецца новая колькасць дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Летась такіх было 2322.

Безумоўна, пільная ўвага дзяржаўных органаў, якія абавязаны своечасова выяўляць непаўналетніх у складанай жыццёвай сітуацыі і папярэджваць сямейныя катастрофы, дапамагае знізіць колькасць няшчасных выпадкаў, звязаных з малымі. Аднак своечасовае выяўленне небяспечнай сітуацыі цяжка стасуецца з памкненнем скараціць колькасць адабраных дзяцей. Таму вельмі складана мераць эфектыўнасць дэкрэта нейкім адным паказчыкам. Як вельмі цяжка прымусіць залежнага чалавека перамагчы сваю залежнасць. Таму, хто разбурае сябе, надзвычай цяжка знайсці сілы выратоўваць сваю сям'ю. І ўсё ж такі, дэкрэт працуе. Людзі вяртаюць дзяржаве грошы і вяртаюць дзяцей.

На пачатак гэтага года міжведамасная работа па ліквідацыі сацыяльна небяспечнага становішча праводзілася ў 13 288 сем'ях, дзе выхоўвалася 24 691 дзіця. Зняты з уліку ў сувязі з нармалізацыяй абстаноўкі 20 595 дзяцей з 10 205 сем'яў.

За мінулы год 2904 дзіцяці атрымалі статус тых, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне. 1756 дзяцей вернуты бацькам, бацькі 1146 дзяцей не зрабілі захадаў па стабілізацыі сітуацыі ў сям'і, адносна іх суд будзе прымаць рашэнне аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.

На пачатак гэтага года ў дачыненні да 18 862 дзяцей бацькі кампенсуюць расходы дзяржаве па іх утрыманні. За 2018 год кампенсавана 63,35 % сродкаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Выратаваць дзяцінства

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.