Вы тут

Дзень нараджэння, або час выбраў нас


Спачатку хацела напісаць проста пра традыцыі святкавання асабістых дат. Але ў мінулую нядзелю ў мяне быў дзень нараджэння. Дзякуй, дарагі чытач, і табе таго ж! Ды я, як казала адна дасціпная маскоўская калега, узрост не святкую. Правільней сказаць, стаўлюся да гэтага трохі іранічна.


Асабліва калі людзі арганізоўваюць «мерапрыемствы», здымаюць цэлыя залы ў рэстаранах, збіраюць вялікую колькасць гасцей, слухаюць велічныя, часам загадзя напісаныя прамовы. Каб тыя прамовы ды прапусціць потым праз адмысловы апарат, колькі працэнтаў там праўды паказала б? Вось і я пра тое. Памятаю, як гадоў некалькі таму ўдалося пабачыць адзін цікавы дакумент. На лісце ў слупок былі надрукаваныя прозвішчы, а ўверсе назва: «Аргкамітэт па святкаванні 50-годдзя А. М. Л...га». Во як сур'ёзна. Ну вы здагадаліся, што чалавек пры пасадзе і ўсё такое. Раней жа я думала, што аргкамітэты бываюць толькі па святкаванні юбілеяў горада альбо па пахаванні высокіх асоб.

Падумала тады, можа, яно так і трэба, можа гэта я няправільная. Дарэчы, так і казаў мой былы рэдактар светлай памяці Пётр Пятровіч Суцько: «У 30 гадоў ты няздольная асэнсаваць значнасць юбілеяў, — гаварыў ён — у 50 гадоў тваё меркаванне памяняецца». Але ж, як відаць, памыліўся. Нічога не мяняецца. Па-ранейшаму, з захапленнем гляджу на тых, хто нават значныя даты свайго жыцця адзначае, напрыклад, скачком з парашутам альбо ўзыходжаннем на гару. З павагай стаўлюся да асоб, якія ў свой дзень нараджэння абавязкова дапамагаюць іншым дабрачынным ахвяраваннем. Ёсць у мяне такая знаёмая. І вельмі люблю людзей з гумарам, якія ладзяць розныя забавы. Найбольш гэта характэрна, вядома, для людзей творчых прафесій. Напрыклад, адзін артыст на дзвярах грымёркі павесіў аб'яву: «Я нядрэнна б выглядаў у дамавіне». А калі яго дачка сказала, што гэта занадта, памяняў на іншы плакат: «Мне семдзесят. А вам якая справа?» Ну, каб гэта ацаніць, трэба і самому валодаць добрым пачуццём гумару.

Вось у мяне, напрыклад, ёсць свае вершаваныя радкі на гэты дзень. Іх напісала былая каляжанка, якая, на жаль, ужо пайшла з жыцця: «Вот февраль. Семнадцатый. День рожденья Светы. Смело раздеваются вкусные конфеты». Мой пляменнік, які падчас напісання прыведзенага верша быў яшчэ малы, а цяпер займае пасаду ў адной значнай структуры, заўсёды пачынае сваё віншаванне гэтымі радкамі. І праўда, весела і дасціпна. А мне яшчэ адна нагода згадаць добрым словам Таццяну.

Не, я зусім не супраць сяброўскіх пасядзелак з шампанскім. Асабліва, калі ўдаецца дзе-небудзь каля вогнішча з сябрамі, а то і проста папіць гарбаты з тортам з самымі роднымі людзьмі. Як усе, люблю самыя розныя віншаванні. Дзень нараджэння і ёсць нагода пазваніць нават даўнім знаёмым. Мне гэтым разам патэлефанавала былая сяброўка па рабочым інтэрнаце, дзе мы маладымі спецыялістамі жылі на пачатку працоўнай дзейнасці ў адным з райцэнтраў Брэсцкай вобласці. Так добра было пагаварыць пра сем'і, дзяцей, згадаць агульных знаёмых. Пазваніла гэтым разам многа людзей. Праўда, са званкамі адбыўся канфуз. Рэч у тым, што даўно ўжо, але ў гэты ж дзень, 17 лютага, памёр мой бацька. І зранку я пайшла ў царкву. Вядома, адключыла гук у тэлефоне. Адразу ўключыць яго забылася, потым прыйшла пляменніца з дзецьмі, у хаце шум-тлум, не да тэлефона. Недзе пасля трох гадзін дня ўбачыла цэлы шэраг прапушчаных званкоў. І вось сітуацыя: калі набярэш, азначае, нібы набіваешся на віншаванне, не набіраць быццам бы і няветліва. Рашыла пачакаць, праўда, потым амаль усе перазванілі...

А першае месца за сёлетнія віншаванні аддаю калегу Валерыю Каралю. Яго здымкі, дарэчы, часам публікуюцца ў нашай газеце. Дык вось ён у панядзелак ранкам прыйшоў з букетам маіх любімых цюльпанаў, шырока адчыніў дзверы і гучна вымавіў з парога: «Слава савецкім пенсіянерам!» Затым зайшла яго жонка Света, якая, несумненна, гэтыя кветкі купіла. І мы ад душы пасмяяліся. Ну і праўда, па савецкіх мерках, ад нядзелі я займела б шаноўны статус, як любяць жартаваць мае маладзейшыя сябры — вышэйшую ступень сацыяльнай абароны, то-бок пенсію. Чаму жартуюць? Таму што ў 1937-м менавіта гэтым словазлучэннем абазначалі зусім іншае. Так і пісалі: «Прыгаварыць да вышэйшай ступені сацыяльнай абароны».

Але не будзем пра сумнае. Вернемся да ўласных адчуванняў. Цяпер, як той казаў, ні Богу свечка ты, ні чорту качарга. Узросту дасягнуў, які асацыюецца з пенсіяй ледзь не з ленінскіх часоў, але ты не пенсіянер. А калі не пенсіянер, значыць, малады, і павінен імкнуцца да дасягнення новых працоўных вяршынь. Што ж зробіш, калі час выбраў нас першымі ў гэтых шарэнгах. Мусіш крочыць у нагу з ім.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

«Знаходжанне беларускіх палярнікаў у Антарктыдзе — гэта не вандроўка натуралістаў і не туры для экстрэмалаў, а сур'ёзная і карпатлівая штод

Спорт

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Ён быў падрыхтаваны адмыслова напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў.

Грамадства

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

Сярод знаходак — нямала сенсацый.

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.