Вы тут

Апошні перыпатэтык


Апошні перыпатэтык

У мяне да вас два пытанні: 1. Ці вы таксама лепш думаеце ходзячы? 2. Якія ў вас асацыяцыі з Азіяй? Калі задаць другое пытанне іспанцам, яны (эм, мы?) хутчэй за ўсё адкажуць пра Японію, тэхналогіі, робатаў і анімэ. Будзе, натуральна, нешта пра Кітай. І яшчэ нейкі адзін чалавек раскажа, як «з’ездзіў у Таіланд, каб знайсці сябе». Стаўце мне падабайку, калі маеце такога сябра.

Шчыра кажучы, я не ведаю дакладна, як гэтая карціна выглядае ў Беларусі. Кітайскую мову, ведаю, людзі апантана вывучаюць: я гэта заўважыла ў мінскім аэрапорце, калі паглядзела ўверх, а ўся інфармацыя пра рэйсы была напісаная на кітайскай. Я нават спалохалася, што «Мадрыд» мне там не вычытаць. Японія, я думаю, мае фанатаў амаль у кожнай краіне нашай старой Еўропы, і, што вельмі няблага, асабіста ведаю людзей, якія распаўсюджваюць культуру і літаратуру Індыі (дазвольце мне перадаць прывітанне геніяльным Міхасю Баярыну і Ігару Кулікову). Я не ўпэўненая, колькі беларусы ведаюць пра, скажам, меншыя краіны паўднёвай Азіі, але скажу вам, што я была дужа прыемна здзіўленая, калі даведалася, што ў «Маладосці» будзе нумар з кантэнтам пра Бангладэш.

Сядзела я спакойна, планавала свае калонкі на наступныя месяцы. Так, я аптыміст і спадзяюся, што буду яшчэ цікавая вам праз некалькі месяцаў. Задала пару пытанняў, а намеснік галоўнага рэдактара параіў не спяшацца: у студзені, маўляў, тэматычны нумар, можам прапусціць калонку. Я спытала пра тэмы і ледзь не памерла ад шчасця, калі даведалася, што можна пра Бангладэш. Чаму? А таму, што адна з маіх найлепшых і найстарэйшых сябровак (мы сябруем больш за дзесяць гадоў, калі не памыляюся), Рыма — менавіта з Бангладэш і паходзіць. Рыма трапіла ў маю школу, калі нам было па чатырнаццаць–пятнаццаць. Мы вельмі хутка пасябравалі, таму што я таксама была дзівачка, толькі тамтэйшая бо мелі шмат супольных хобі і былі падобныя характарамі. І яшчэ таму што... Добра, хто мае замежнага сябра? Каб зусім замежнага, з Аўстраліі, Бангладэш ці Кеніі? Справа ў тым, што, калі ты сябруеш з чалавекам, у якога абсалютна адрозны культурны фон, чым у цябе і ты, у дадатак, яшчэ малады і добры, то канфліктаваць вельмі цяжка: кожны расказвае пра сваё — пра культуру, мову, літаратуру, і няма часу быць нязгодным, настолькі ўсё цікава. Вось так і склалася наша сяброўства. Дзякуючы Рыме я пачула ўпершыню загадкавую бенгальскую мову (яшчэ не вывучыла, усяму свой час), пакаштавала бенгальскую ежу, прыняла ўдзел у бенгальскіх і мусульманскіх святах. Аднойчы, яшчэ ў далёкім 2009 годзе, Рыма ўзяла ў маці два сапраўдныя сары, і мы зладзілі фотасесію (як бачыце на далучаным здымку). Натуральна, мы з Рымай гаварылі яшчэ і пра літаратуру. Я дапамагала ёй разумець іспанскую школьную праграму, а яна часам гаварыла пра выбітных бенгальскіх пісьменнікаў. Мне хацелася б, каб вы самі калі–небудзь паразмаўлялі пра літаратуру з чалавекам з Бангладэш. На бенгальскім літаратурным небасхіле ёсць ясныя зоркі неверагоднага хараства, і чытачы не блукаюць цёмнай ноччу.

Невымоўна цікава назіраць, як складаецца чалавечы лёс. Кожны чалавек ёсць сусветам, і калі зірнуць з дзіцячаю цікаўнасцю, то ўжо не адарваць вачэй. Рабіндранат Тагор... Супярэчлівы чалавек, як мы ўсе супярэчлівыя ў пэўнай ступені. Паэт, музыка і мастак. Аўтар гімнаў дзвюх сучасных краін (Індыі і той жа Бангладэш). Народжаны ў інтэлігентнай сям’і, а пазбягаў фармальнай адукацыі. Жорсткі крытык еўрапейзацыі сваёй зямлі і першы не–еўрапейскі літаратар, які атрымаў нобелеўскую літаратурную прэмію. Гуманіст, універсаліст і нават анты–нацыяналіст, які больш чым хто іншы паспрыяў бенгальскаму нацыянальнаму рэнесансу. Бачылі б вы, як у сяброўкі загараецца святло ў вачах, калі яна размаўляе пра Тагора!

Рабіндранат нарадзіўся ў 1861 годзе, і хутка стала відавочна, што ён «іншы», менавіта «іншы» — нават сярод сваіх неверагодна таленавітых 13 братоў і сясцёр. Выраслі з іх філосафы, паэты, музыкі, дыпламаты і празаікі. Такія ёсць амаль у кожнай сям’і. А вырас і Рабіндранат Тагор — чалавек, які пачаў найбуйнейшую культурную рэвалюцыю сваім пяром. У паэзіі Тагор пазбягаў тыповых лінгвістычных канструкцый, строгіх форм, умеў гуляць словамі і ствараць тое, што дагэтуль называюць «магічнымі радкамі». Жывымі. У прозе, асабліва ў кароткіх апавяданнях на бенгальскай мове ён не баяўся натуралізму шчырасці і разбурэння стэрэатыпаў. Хто, калі б не ён, напісаў бы пра галечу датуль ідэалізаванай бенгальскай вёскі, дый такой даступнай гутарковай мовай? Хто напісаў бы такую крытыку каставай сістэмы без кроплі еўрацэнтрызму? Хто здолеў бы запярэчыць самому Гандзі, калі той патлумачыў землятрус у Бігары кармай? Хто мог бы сумяшчаць мадэрнісцкую, наватарскую паэзію з эсэ пра тое, наколькі важная павага да навукі і навуковых працэсаў?

Ніхто, мабыць, не наважыўся б на такое і ў такой колькасці, каб не гэты вечны падарожнік, Бенгальскі Бард, апошні арыстатэлічны сусветны перыпатэтык. Цягам свайго жыцця Рабіндранат Тагор пабываў у трыццаці краінах на пяці кантынентах, што толькі пераканала яго ў тым, наколькі чалавек маленькі і вялікі: маленькі — бо яго досвед абмежаваны часам і прасторай; вялікі — бо ўнутры кожнага чалавека хаваецца космас і за кожнай парай стомленых вачэй хаваецца цэлая гісторыя чалавецтва. Зірнуць бы за вочы Тагора! У душу чалавеку не паглядзіш, але задумайцеся: трэба ж быць удзячнымі за магчымасць запісваць свой вопыт і перадаваць, хоць часткова, наступным падарожнікам, мапу да каштоўнага скарбу.

Я набралася смеласці і папрасіла ў Рымы, бенгальскай сваёй сяброўкі, крыху дапамогі і пераклала вам на беларускую мову яго «Апошні верш». Верш, які на справе ніякі не апошні, проста завяршае раман «Шэшэр кабіта», які быў выдадзены ў 1929 годзе. Сяброўка запісала мне верш уголас, даслала версію лацінкай, каб я магла захоўваць (хоць падобныя) рыфму і рытм, інтэрпрэтавала метафары і параўнанні, адказала на ўсе мае пытанні, за што я ёй бязмерна ўдзячная. Мы стараліся. Заварыце сабе гарбату вось зараз. Гатова?

Апошні верш

Ці чуеш ты, як несмяротны час

Ляціць удаль, мінае нас,

І калясніца часу мкне праз цемру ў небасхіл,

І з вечнай цемнаты нябёс пяе, крычыць, міргае зорны пыл?

О, сябар мой,

У часу тонкай сеці

Ў палоне я — ляцім, а месяц свеціць,

Дарогу асвятлае нам,

І час мне шэпча ў вуха: «Не аддам»...

О, сябар мой, бывай!

Любоў мая!

Плыву аж да світання я па Леце:

І берага даб’юся, зноў хрышчоны,

Мае жыцці, мінулыя імёны

Нясе халодны вецер.

За гэтым вымярэннем

Пакутаў ды цярпення,

Душа, цябе чакае рай.

Любоў мая, бывай!

Калі самотнай ноччу, ціхай, яснай,

Душой адчуеш сум той пазачасны,

Калі вятры вясной

Задзьмуць завялай кветкай над табой,

І сэрца закрычыць — шукай мяне:

У цемры дзесь яшчэ мой дух жыве

Ўнутры цябе, як сон,

Мае ўспаміны й вобразы спяваюць ва ўнісон.

Але гэта не мара!

То ісціне ахвяра,

Над смерцю перамога,

Любоў мая, трывога!

І ты, любоў, ляціш,

Каханне запаўняе твае вены,

Нясе цябе брыз хуткіх пераменаў

У невядомы край.

О, сябар мой, бывай!

Каханы мой, мяне ты не згубіў,

Бо статую маю зляпіў з зямлі.

Маліся мне штодня,

І пераможам цемру, смерць і час.

Хай дотыкі й экстаз

Не перашкодзяць чысціні кахання,

Малітвы ды чакання,

Хай гонар твой лунае напаказ

І хай не прагучыць тужлівы сказ:

Твая малітва ўзвысіцца да неба

Прыгожай, шчырай, белаю любоўю,

Без суму ды без болю.

Душа ўжо не ў цяжар:

Вясёлыя ўспаміны — божы дар.

Мяне не забывай,

Але сыходжу, сябар мой: бывай!

Не плач, мая любоў,

Бо трэба запаўняць пустэчу зноў,

Сярэбранай каметай

Ты будзеш асвятлаць маю планету.

Як хтось будзе чакаць — я буду рады,

Пад вечным зарападам

Збіраць мне будзе кветкі ціхай ночы,

Паглядзіць неба ў вочы,

І небу ж хтось падорыць свае мары —

Каштоўным, шчырым дарам...

Затое сёння я пайду ў палон

Таму, хто сумяшчае нада мной дабро са злом.

Усё, што я аддаў табе — тваё, ды назаўсёды!

Не плач і не бядуй — бяры,

Усё тваё, бо мы — сябры.

Як будзеш ты багаты, то багаты будзе й рай,

О, сябар мой, бывай!

Словы паэта. Словы апошняга перыпатэтыка. Як сказаў бы Максім Багдановіч, словы нашага «папутніка сярод нябёс». Словы, якія дагэтуль лунаюць над небасхілам сусветнай літаратуры.

Памёр глыбока хворы Тагор у 1941 годзе, калі яму было 80 гадоў. Перад апошняй аперацыяй пакінуў такія радкі, дыктаваў давераным людзям свой сапраўдны апошні верш: «Я згублены пасярэдзіне свайго дня нараджэння. Хачу сваіх сяброў, іх дотыкаў, апошняй зямной любові. Я вазьму апошні дар жыцця. Я вазьму апошняе чалавечае бласлаўленне. Сёння мая торба пустая. Я аддаў усё, што мог аддаць. Калі ў адказ атрымаю што–небудзь (крыху любові, крыху прабачэння), дык я вазьму гэта з сабой, калі сяду ў лодку, якая давядзе мяне да свята бясслоўнага канца».

 

Анхела Эспіноса Руіз

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.