Вы тут

Беларусь будзе трымацца добрага парадку дня ў адносінах з Кыргызстанам


Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Кубанычбекам Амураліевым.


Кіраўнік дзяржавы назваў падобныя сустрэчы — з пасламі дружалюбных для Беларусі краін — традыцыйнымі. На іх у тым ліку абмяркоўваюцца праблемы ў двухбаковых адносінах.

"Перш за ўсё хачу адзначыць вельмі добрую дынаміку развіцця нашых адносін. Вы ніколькі не павінны сумнявацца пры ўсякіх нюансах — Беларусь заўсёды была і будзе для вас надзейным не проста партнёрам, а сябрам, — падкрэсліў беларускі лідар. — Я вельмі разлічваю, што аналагічную палітыку будзе праводзіць і кіраўніцтва Кыргызскай Рэспублікі. І мы, як і ў былыя часы, добрыя часы, калі мы жылі ў адной дзяржаве, мы заўсёды з любоўю і паразуменнем ставіліся да кіргізскага народу. Гэта вельмі падобныя людзі".

Аснова нашага падабенства, на яго думку, заключаецца ў тым, што кіргізы — гэта самыя працавітыя і міралюбныя людзі, якія шануюць сямейны ачаг. Прэзідэнт адзначыў, што шмат разоў бываў у Бішкеку і іншых населеных пунктах гэтай дзяржавы, дзе і выявіў падабенства народаў.

"Мы будзем прытрымлівацца добрага парадку дня ў адносінах паміж Беларуссю і Кыргызстанам. І любыя вашы просьбы, прапановы, заўвагі неадкладна будуць разгледжаны ва ўрадзе, мною, і мы заўсёды адрэагуем. Я таксама хачу скарыстацца магчымасцю і папрасіць вас, каб вы перадалі самыя добрыя, цёплыя пажаданні майму добраму сябру, Прэзідэнту Кыргызстана. Гэта вельмі прыстойны чалавек. Вось бывае ж так, што ў патрэбны час і ў патрэбным месцы, у самыя складаныя часы гасподзь пасылае народу таго чалавека, які вельмі патрэбны гэтаму народу", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў надзею, што калі народ Кыргызстана згуртуецца вакол гэтага чалавека, то краіна зможа шмат чаго дасягнуць. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што Беларусь гатова падтрымаць Кыргызстан у сілу сваіх магчымасцяў, падставіць плячо.

"Памятайце, што тут у вас сябры", — сказаў беларускі лідар.

 У адказ Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызстана ў Беларусі звярнуў увагу, што ідэю традыцыйных сустрэч паслоў з кіраўніком дзяржавы вельмі добра прынялі многія кіраўнікі дыпламатычных місій у Беларусі. "Не толькі я, але і мае калегі ўдзячныя [за такую ​​магчымасць — "Звязда"]", — сказаў ён.

У тэму

У 2018 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў 130,9 млн долараў (100,7 % да ўзроўню 2017 года), экспарт — 120,3 млн долараў (97,5 %), імпарт — 10,6 млн долараў (160,4 %). Сальда станоўчае ў памеры 109,7 млн ​​долараў.

Аснову беларускіх паставак у 2018 годзе сфарміравалі наступныя тавары: згушчаныя і сухія малако і вяршкі, масла сметанковае, сыры і тварог, трактары і седлавыя цягачы, мяса і харчовыя субпрадукты птушкі, мэбля, сталярныя будаўнічыя вырабы, лекі, шпалеры, пража з сінтэтычных валокнаў.

Імпартаваліся часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў, нафтапрадукты, машыны і механізмы для абмалоту сельскагаспадарчых культур, валакно баваўнянае нячэсанае, іншыя тавары.

Экспарт беларускіх паслуг у 2018 годзе склаў 4,4 млн долараў (89,5 % да ўзроўню 2017), імпарт — 0,8 млн долараў (124,8 %). Сальда станоўчае — 3,6 млн долараў.

За 2018 год у эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Кыргызскай Рэспублікі на суму 0,4 млн долараў (0,2 млн долараў за 2017).


Кубанычбек Амураліеў: Прыярытэтныя сферы для будучага супрацоўніцтва — прамысловасць і сельская гаспадарка

Па выніках сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы Кубанычбек Амураліеў пагутарыў з журналістамі.

Ён адзначыў, што з Аляксандрам Лукашэнкам удалося абмеркаваць дынаміку развіцця адносінаў паміж краінамі як у двухбаковым, так і шматбаковым фармаце, у рамках розных арганізацый.

"Вядома, гандлёвае сальда адмоўнае (для Кыргызстана — "Звязда"). Гэта значыць, 95 % Беларусь экспартуе, 5 % — імпартуе, але гэта не значыць, што гэта такі аднабаковы гандаль, гэта проста ўзаемавыгадна", — падкрэсліў пасол. Ён звярнуў увагу на якасць беларускай прадукцыі і яе запатрабаванасць на рынку.

Таксама на сустрэчы размаўлялі аб культурна-гуманітарным супрацоўніцтве і праектах, мерапрыемствах у гэтай сферы.

Пасол таксама нагадаў, што ў чэрвені бягучага года пройдзе саміт лідараў краін ШАС, дзе сустрэнуцца Прэзідэнты Беларусі і Кыргызстана. "Ну, і не за гарамі, хутка адбудзецца афіцыйны абмен візітамі, — падкрэсліў ён. — Калі? Над гэтым працуем, можна ў канцы года чакаць".

Прыярытэтнымі сферамі для будучага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі Кубанычбек Амураліеў назваў прамысловасць і сельскую гаспадарку.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Як хлопец з Вілейкі абыгрывае славутых кітайцаў.

Грамадства

Ці можна выхоўваць дзіця ў сацыяльных сетках?

Ці можна выхоўваць дзіця ў сацыяльных сетках?

Анлайн-жыццё падлеткаў усё часцей становіцца прычынай сямейных канфліктаў.

У свеце

Чым адметны Аман?

Чым адметны Аман?

Султан неаднаразова выступаў пасярэднікам у рэгіянальных і міжнародных канфліктах.

Грамадства

Качанава: Сустрэчы з працоўнымі калектывамі - гэта магчымасць рэальна ацаніць сітуацыю на месцах

Качанава: Сустрэчы з працоўнымі калектывамі - гэта магчымасць рэальна ацаніць сітуацыю на месцах

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч».