Вы тут

Сучаснасць і мінуўшчына: вопыт краязнаўчай рэгіянальнай перыёдыкі


«Бібліятэка» Брэсцкага раённага краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс» папоўнілася чарговым выпускам — чацвёртым нумарам за 2018 год, альбо 24-м з пачатку выдання — з 2013 года. Асабіста я ашчадна стаўлюся да ўласнага збору гэтага альманаха. Трымаю ў хатняй бібліятэцы на заўважным месцы. Стараюся не прапусціць ніводнага нумара, удзячны рэдактару і ўкладальніку пісьменніку Аляксандру Валковічу.


«Астрамечаўскі рукапіс» — адметны краязнаўчы партрэт Брэсцкага раёна, блізніх да яго ваколіц. Партрэт, які, вобразна кажучы, пастаянна дапаўняецца і пашыраецца. Пройдзе час — і без альманаха ў вывучэнні дакладнай гісторыі згаданага рэгіёна нельга будзе абысціся.

Рубрыкі ў «Астрамечаўскім рукапісе», як правіла, традыцыйныя, яны пераходзяць з нумара ў нумар: «Астрамечава і астрамечаўцы»; «Чароўныя спевы і паданні спадчыны»; «Народныя святы і звычаі Берасцейшчыны»; «Скарбніца народных талентаў»; «Старонкі гісторыі»; «Літаратурная сядзіба»; «Кніжная зала»; «Карані»; «Калаўрот культурнага жыцця»; «У дапамогу ўстановам культуры»; «Мая маладая радзіма». Для параўнання зазірнём, напрыклад, у першы нумар за 2017 год. Адрозненні неістотныя: у 2017-м ёсць яшчэ «Вернісаж» — у раздзеле змешчаны два матэрыялы пра заняткі дзяцей выяўленчым мастацтвам. І ў нумары за 2017 год не было раздзела «Мая малая радзіма», які ёсць у нумары за 2018-ы…

Але ж зараз гартаем старонкі апошняга выпуску... Мяркую, што агляд напісанага не будзе лішнім. Наклад нумара — 99 асобнікаў. І, магчыма, шмат якія вялікія бібліятэкі краіны нават і не ведаюць, што ёсць, перыядычна, адзін раз у квартал, выходзіць «Астрамечаўскі рукапіс».

Вось якой з’яўляецца тэматычная прастора. «Астрамечава і астрамечаўцы» — падборка дакументальных ілюстрацый «Хроніка станаўлення ў фотаздымках»; «Старая слава новую любіць», «Ордэн Пашаны — кіраўніку» — пра сённяшні дзень ААТ «Астрамечава» Алега Бурака; «Свяча гарыць» — гісторыя сустрэч народнага артыста СССР легендарнага беларускага кампазітара Ігара Лучанка з калгасным старшынёй Аляксеем Скакуном; фотарэпартаж «Замежныя адрасы “Астрамечаўскіх Лявонаў”» — пра паездку народнага ансамбля музыкі і песні ў Польшчу.

У раздзеле «Чароўныя спевы і паданні спадчыны» — «Аповед народнай лекаркі Марыі Буйніцкай з Новых Лышчыц пра вайну і вясковае жыццё» (запісала студэнтка 1 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Марына Ермакова. Запіс зроблены ў 2014 годзе); «Класічная літаратура жыве ў народзе» (запісала студэнтка 1 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» БрДУ Ганна Сагановіч. Запіс зроблены ў 2015 годзе); «Новыя вясельныя звычаі» (запіс студэнткі Марыі Дзейнак. Запіс зроблены ў 2015 годзе); «Прыпеўкі розных гадоў» (запісана студэнтамі філалагічнага факультэта БрДУ імя А. С. Пушкіна сумесна з рэдакцыяй «Астрамечаўскага рукапісу» падчас фальклорна-гістарычных вандровак па Брэсцкім раёне. Запісы 2013— 2017 гг.). Завяршае раздзел публікацыя слоў і нот песні Яўгена Ксяневіча на словы Ніны Мацяш «Калыханка маме». Уражлівы «фальклорны сшытак», які дапоўніла цёплая сучасная песня! Так, фальклорная практыка, відавочна, існуе ў праграме навучання філолагаў ва ўсіх ВНУ краіны. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна — не выключэнне. Але ўсё ж такі, мусіць, выключэннем з’яўляецца тое, што запісы гэтыя не знікаюць у справаздачах і архівах, а становяцца прадметам публікацыі, падштурхоўваюць цікаўнага чытача да новых пошукаў, да новых сустрэч са здабыткамі народнай фальклорнай памяці. Такой арганізацыі публікацый, такой тэматычнай прасторы спрыяе і ўдзел ў рабоце краязнаўчага альманаха ў ролі навуковага кансультанта доктара філалагічных навук кіраўніка лабараторыі «Фалькларыстыка і краязнаўства» БрДУ Іны Анатольеўны Швед. Яе ўражлівым грунтоўным артыкулам «“Крутэ носяць бугато суломы ў своі норы — зыма хулодна будэ”: крот у беларускіх народных уяўленнях» адкрываецца яшчэ адзін важкі раздзел альманаха — «Народныя святы і звычаі Берасцейшчыны». Цікавымі падаюцца публікацыі Марыі Русенкі «Народныя паданні пра назвы вёсак Брэсцкага раёна: Люта, Зводы, Чэрск», «Старажытны фальклор маленькай вёсачкі» Вікторыі Галаш. Што да артыкула В. Галаш, то яна ўзнаўляе некаторыя аповеды жыхароў маленькага паселішча Манчакі ў Камянецкім раёне. Карэнных жыхароў у ёй ужо амаль не засталося. Аповеды аўтар пераказвае з вуснаў сваёй маці — Таццяны Аляксееўны, якая жыла ў вёсцы да 16 гадоў. Але ж учэпістая памяць шмат што захавала. Тым самым Вікторыя Галаш і «Астрамечаўскі рукапіс» падказваюць правільны шлях. Вёска праз розныя пакаленні даўно перасялілася ў горад. Але захавалася вясковая памяць. І варта яе не абмінаць, прыглядацца да носьбітаў вясковага, сапраўды народнага фальклору ў іншых абставінах. Што і зрабіла ў дадзеным выпадку маладая даследчыца. І ў выніку, як піша В. Галаш, «дзякуючы аповедам Таццяны Аляксееўны мы набываем шчаслівую магчымасць захаваць частку нематэрыяльнай спадчыны нашых прашчураў, важны складнік беларускай этнакультуры, выкладзенай у лакальнай спецыфіцы фальклору, на жаль, вёскі, якая вымірае».

«Скарбніца народных талентаў» — матэрыялы пра народныя калектывы і народных майстроў. У «Старонках гісторыі» — цікавы нарыс Нікіты Стрыжа «Жыллё сялян Брэсцкага павета». У якасці ілюстрацый выкарыстаны рэпрадукцыі старых паштовак з калекцыі члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомага філакартыста, лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава.

Знайшлося ў альманаху месца і літаратурна-мастацкім публікацыям — у раздзеле «Літаратурная сядзіба». У нумары, які зараз разглядаецца, — апавяданне Аляксандра Валковіча «Боты ўсмятку» і паэтычная падборка Аксаны Валуй «Асеннія матывы». У «Кніжнай паліцы» — рэцэнзія на кнігу Ціны Хутаранкі «Адляцеўшы клін: гісторыя Чэрняў у лёсе народа» (краязнаўчая публіцыстка расказвае пра добра вядомае ёй паселішча, пра землякоў, якія чымсьці сябе сцвердзілі ў розных галінах дзейнасці, у розныя дзесяцігоддзі). Аўтар рэцэнзіі А. Валковіч падкрэслівае галоўны стрыжань краязнаўчай кнігі: «… галоўны герой аповеду — сама аўтар. Яна шмат ведае, умее, памятае і, уласна кажучы, на яе генетычнай памяці мінулага, сувязі яго з сапраўдным і будучым, вернасці роднаму краю, па сутнасці, увесь аповед і трымаецца». Рэцэнзія прысвечана працы далёка не самай прыкметнай, аўтару малавядомаму, адпаведна — і значнасць гэтая інфармацыя набывае асаблівую. Ужо хаця б па той прычыне, што, чым шырэйшае будзе веданне пра кнігу Ц. Хутаранкі, тым болей шанцаў давесці інфармацыю пра паселішча Чэрск да большай грамады. Магчыма, і за межамі паселішча, раёна, а мо і ўсёй Брэсцкай вобласці знойдуцца цікаўныя да гэтай краязнаўчай кнігі людзі?!.

Раздзел «У дапамогу ўстановам культуры» змяшчае сцэнарый тэматычнага прадстаўлення «Беларускія калядкі» (распрацоўка Астрамечаўскага СДК, падрыхтавала да друку Людміла Мельнік). Змяшчае «Астрамечаўскі рукапіс» і матэрыялы пра бібліятэчнае жыццё, работу кніжніц Брэсцкага раёна.

У рэдакцыйную калегію альманаха, які выпускаецца ў свет дзякуючы падтрымцы ААТ «Астрамечава», Брэсцкага райвыканкама, уваходзяць вучоныя, пісьменнікі, арганізатары культурнаасветніцкай работы ў рэгіёне. І ўсё ж галоўны генератар падрыхтоўкі і выпуску штоквартальнага выдання — рэдактар і ўкладальнік Аляксандр Валковіч. Дасведчаны журналіст, публіцыст, краязнаўца, пісьменнік, ён здолеў сабраць вакол альманаха шырокі аўтарскі актыў. Несумненна, «Астрамечаўскі рукапіс» патрабуе і развіцця. Як і ў тэматычным накірунку, так і з пункту гледжання яго афармлення, ды і прадстаўлення выдання ў рэгіёне і за яго межамі. Канешне ж, такія крокі магчыма ажыццявіць толькі пры падтрымцы грамадскасці, пры актыўнай дапамозе ў справе выдання альманаха і з боку бібліятэкараў краю, і з боку школьнага настаўніцтва.

Тым нем менш ужо сёння, у першыя шэсць гадоў свайго існавання, «Астрамечаўскі рукапіс» уражвае, прыцягвае ўвагу. Альманах спакваля становіцца ў эпіцэнтры краязнаўчай работы. Магчыма, на старонках выдання не хапае інфармацыі пра грамадскія і дзяржаўныя музеі. Хацелася б у ролі аўтараў часцей бачыць музейшчыкаў, як і архівістаў, якія, магчыма, прапанавалі б чытачу тыя дакументы, што скіраваны на асвятленне гісторыі Берасцейшчыны.

«Астрамечаўскі рукапіс» — гэта і ўзор, як арганізаваць, спланаваць краязнаўчае перыядычнае выданне. Вопыт альманаха варты вывучэння на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чаму б не прысвяціць Брэсцкаму раённаму краязнаўчаму альманаху асобны семінар? З лекцыяй-аглядам, практычнымі заняткамі, скіраванымі на вывучэнне канкрэтнай рэгіянальнай тэматыкі. Такая практычная арыентацыя — аснова развіцця патрыятычнай, выхаваўчай скіраванасці айчыннай публіцыстыкі. І грунтавацца яна павінна на ўвазе да пэўнай мясцовасці, да роднай старонкі.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, старшыня секцыі краязнаўства Саюза пісьменнікаў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.