Вы тут

Алена Русакевіч. Куратарскі почырк Міхаіла Баразны


У выстаўцы фатаграфічных твораў «Інтэнцыі» (у Палацы мастацтва) Міхаіл Баразна выступіў адначасова ў якасці мастака і куратара. У кантэксце гэтай культурнай падзеі нельга не звярнуцца да куратарскага вопыту Міхаіла Баразны. Бо гэтая выстаўка стала не толькі сведчаннем яго таленту да мастацкага пераасэнсавання рэчаіснасці, але і яркім узорам яго куратарскай практыкі.


Міхаіл Баразна выступіў куратарам шматлікіх выставак і выставачных праектаў, у тым ліку і міжнародных. І практычна кожны з яго праектаў напоўнены глыбокім сэнсам і мае выразнае візуальнае ўвасабленне. Разгледзім найбольш значныя з іх.

Лаканічнасцю і ўніверсальнасцю куратарскай мовы адрозніваўся выставачны праект «Тэксты. Нямецка-беларускі выставачны праект» (1997—1998), які быў прадстаўлены ў Мінску, Рэйне, Шопінгене і Бекуме. У якасці тэксту тут выступаў набор знакаў і сімвалаў, якія адлюстраваў мастак. Куратар стварыў своеасаблівую інфармацыйную прастору, у якой у якасці крыніцы інфармацыі выступілі творы мастацтва, дзе аўтар зашыфроўвае «тэкст», а глядач яго прачытвае.

Выставачны праект «Мая Амерыка», які быў прадстаўлены ў 1998 годзе ў Мінску, можна лічыць збольшага даследчым, збольшага аўтабіяграфічным. Яго канцэпцыя прадугледжвала пошук асобнага сусвету, які беззваротна знік з сацыякультурнага кантэксту, але назаўжды застаўся ў чалавечай памяці. Гэта і вобраз мары, якая з’яўляецца рухальнай сілай, і сімвал згасання жыцця. Тут выявілася ўласцівая многім праектам Міхаіла Баразны недаказанасць, умоўнасць. Аб’ект напоўнены сакральнай значнасцю і тонкім рамантызмам.

Выставачны праект «Ілюзія адлегласцяў», які экспанаваўся ў Мінску і ў Магілёве ў 2000 годзе, заключаў у сабе глыбокую філасофскую думку, якая раскрывалася пры дапамозе сістэмы знакаў і вобразаў, створаных мастакамі. Куратар падштурхоўваў да разваг аб існуючых у чалавечай свядомасці межах. Умоўная ментальная прастора, якая аддзяляе аб’ект і таго, хто яго ўспрымае, падаецца як лішняя перашкода, якую здольны пераадолець мастак. Кожны прадстаўлены ў экспазіцыі твор нёс вобраз ілюзорнай адлегласці.

Нельга не згадаць выставачны праект «Кодэкс», які быў прадстаўлены на 54-й Міжнароднай біенале мастацтва ў Венецыі ў 2011 годзе. Гэты праект з’яўляўся пераасэнсаваннем архетыпічных вобразаў, якія ўкараніліся ў свядомасці еўрапейца. У гэтым праекце экспанаваныя творы ўтрымлівалі вялікую колькасць сімвалаў і знакаў, і кожны з іх прадугледжваў мноства інтэрпрэтацый і трактовак.

 Акрамя асаблівасцяў вышэйапісаных праектаў, якія дазволяць казаць пра высокае майстэрства Міхаіла Баразны як куратара, нельга не адзначыць плён і яго куратарскай дзейнасці для мастацтва Беларусі. Яна спрыяе ўзбагачэнню нацыянальнага мастацтва новымі тэндэнцыямі, выконвае задачы камертона для развіцця куратарскай практыкі ў Беларусі і спрыяе павышэнню статусу айчыннага мастацтва на міжнароднай арэне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.