Вы тут

Ратавальнікі гатовыя да паводкі


Пакуль няма падстаў для прыходу вялікай вады на Гомельшчыну. Аднак ратавальнікі лічаць, што трэба быць гатовымі да любых экстрэмальных сітуацый. Таму праводзяць вучэнні і адпрацоўваюць тыповыя сітуацыі, якія пры гэтым могуць здарыцца.

Невялічкія азярцы ў жылым мікрараёне Гомеля становяцца пляцоўкай для адпрацоўкі розных непрыемных сітуацый, у якія могуць трапіць людзі падчас паводкі. Самая тыповая — калі вада трапіла ў склеп ці непасрэдна ў жылую пабудову. Таму супрацоўнікі МНС хутка разгортваюць мотапомпу і паказваюць, як будуць перапампоўваць ваду ў іншае месца.


Затым імітацыя яшчэ аднаго дастаткова тыповага надзвычайнага здарэння, якое прыцягвае погляды і мабільныя камеры мінакоў. Калі пачынаецца аперацыя па выратаванні чалавека, які праваліўся пад крохкі лёд, на беразе збіраецца ўжо з дзясятак людзей. Здаецца, надвор'е паклапацілася, каб ратавальнікі адчувалі сябе, як рыбы на лёдзе, але ж іх дзеянні не мітуслівыя. Парадак распрацаваны дакладна. Таму да «пацярпелага» дабіраюцца імгненна на спецыяльных прыладах. Выцягваюць з вады на паверхню і перапраўляюць на бліжэйшы бок вадаёма.

Потым на надзіманых насілках — на той бок, дзе, па легендзе, чакае медыцынская дапамога. Адпрацоўваюць і іншыя бяспечныя варыянты перапраў цераз вадаёмы. Напрыклад, тут жа і вяроўкі, на якія замацоўваюцца насілкі. Усё адбываецца вельмі хутка — сапраўды, прафесіяналы выкарыстоўваюць кожнае імгненне. І гэта вельмі важны крытэрый у справе выратавання жыцця, падкрэслівае начальнік змены цэнтра аператыўнага кіравання аварыйна-выратавальнага атрада Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Плавін:

— Важная кожная секунда, кожнае імгненне, ад пачатку паступлення званка да моманту прыбыцця. Сарыентавацца на мясцовасці і прыняць правільнае рашэнне — гэта мы сёння адпрацоўвалі.

Тое, што для журналістаў і жыхароў суседніх шматпавярховікаў — шоу, для ратавальнікаў зборнага атрада ліквідацыі наступстваў паводкі — планавыя вучэнні. Ратавальнікі падкрэсліваюць: для іх форс-мажор — гэта звычайная работа. Якую трэба выконваць заўсёды дасканала. Таму і трэніроўкі штодзённыя. Намеснік начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір Клабук гаворыць, што ў рэальнасці здараюцца выпадкі, калі пры вялікай паводцы людзі да апошняга моманту не жадаюць пакідаць свае домаўладальніцтвы. Нават тады, калі вады па пояс. Тут важным аказваецца яшчэ і ўменне пераконваць грамадзян:

— Розныя выпадкі бываюць. У такой сітуацыі ў людзей могуць здарыцца праблемы са здароўем. Напрыклад, траўма ці сардэчны прыступ. Таму важна своечасова аказаць дапамогу, якая выратуе чалавека. У нас заўсёды гатоўнасць нумар адзін. На сённяшні дзень усе рэкі ўскрыліся. Ледаставу нідзе не назіраецца. Заторныя з'явы не прагназуюцца. Паглядзім, калі пачнецца крыгалом у вярхоўях рэк у Расіі і адтуль да нас вада пойдзе.

Між тым пакуль маніторынг паводкавай сітуацыі на Гомельшчыне досыць спрыяльны. Вада паступова падымаецца, але пакуль нідзе нават не выйшла на пойму. Крытычных узроўняў няма. Пры тым, што ёсць раё-
ны, якія традыцыйна схільныя да паводкі: Гомельскі, Жыткавіцкі і Нараўлянскі. Дняпро, Бярэзіна і Сож застаюцца пад пільнай увагай гідролагаў. Дарэчы, паўплываць на ўзроўні паводкі могуць і моцныя ападкі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ


Вялікай вады сёлета не чакаецца

Цёплае надвор'е, якое прыйшло ў Беларусь яшчэ ў лютым, паспрыяла таму, што лёд на вадаёмах і снег у вярхоўях рэк краіны пачаў пакрысе раставаць значна раней за звычайныя тэрміны. Дзякуючы гэтаму зараз няма паводкі. Сіноптыкі не чакаюць пагаршэння абстаноўкі і ў далейшым. Вядома, калі надвор'е не падкіне сюрпрызаў накшталт магутнага цыклону.

— Цяпер снегавое покрыва на тэрыторыі Беларусі амаль поўнасцю растала, — паведаміла начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Алена Зубчонак. — Захоўваецца яно толькі ў вярхоўях Заходняй Дзвіны, Дняпра і Сожа, якія месцяцца на тэрыторыі Расіі. Амаль на ўсіх рэках адбыўся крыгалом і яны ачысціліся ад лёду. Рэшткі яго застаюцца пакуль толькі на стаячых вадаёмах, а таксама на некаторых прытоках Заходняй Дзвіны.

Таму зараз на рэках фарміруюцца максімальныя ўзроўні вады, але інтэнсіўнасць, якая датычыцца вясновай паводкі, невялікая — максімум 38 сантыметраў. На асобных участках басейнаў Віліі, Заходняга Буга, Бярэзіны і Прыпяці вада знаходзіцца на пойме, але шырокіх разліваў там няма. Глыбіня затаплення складае ад 3 да 20 сантыметраў.

— Апошняя істотная паводка была ў нас у 2013 годзе, — гаворыць начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны МНС Андрэй Юржыц. — Аднак быць гатовым трэба ў любым выпадку. У МНС распрацаваны план дзеянняў, напагатове тэхніка, якая здольная адпампоўваць ваду, людзі, плавальныя сродкі. Па папярэдніх прагнозах і шматгадовых назіраннях, магчымыя падтапленні ў сямі раёнах краіны. Ды і тое, гаворка ідзе пра так званыя нізкаводныя масты, якія былі пабудаваныя яшчэ ў савецкі час. Яны з-за сваёй канструкцыйнай асаблівасці падтапляюцца менавіта падчас вясновай паводкі, летнімі дажджамі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.