Вы тут

Супрацоўнікі Полацкага вінаробнага завода просяць захаваць прадпрыемства


Сярод зваротаў, якія былі накіраваны на адрас кіраўніка дзяржавы напярэдадні «Вялікай размовы» падчас акцыі «Ваша пытанне Прэзідэнту», быў і ад калектыву Полацкага вінаробнага завода. Людзі прасілі захаваць прадпрыемства і рабочыя месцы.


«Працуе з прыбыткам»

Коратка пра змест. У лісце сказана, што прадпрыемства працуе бясстратна, нават з прыбыткам, своечасова аплачвае падаткі, выдаткі на энерганосьбіты і набывае ўсе неабходныя дапаможныя і расходныя матэрыялы.

«Заработная плата выплачваецца своечасова, без затрымак. На заводзе асвоены выпуск фруктова-ягадных натуральных вінаў метадам гарачага разліву, ажыццяўляецца разліў вінаў на чатырох дзеючых лініях (разліў у шкляную бутэльку 0,7—0,5 літра, у пакеты пюр-пак аб'ёмам 1,0 і 0,5 літра, разліў у шклянкі 0,25 літра). Для вытворчасці віна выкарыстоўваюцца толькі натуральныя сокі і настоі ўласнай вытворчасці, сыравіна (яблыкі, травы) растуць у нашай краіне. На прадпрыемстве працуе свой прыёмны пункт шклобутэлькі, асвоены выраб упаковачнай тары. Абсталяванне прадпрыемства, у тым ліку і цэх перапрацоўкі яблыкаў, знаходзяцца цалкам у тэхнічна працоўным стане...»

У звароце таксама адзначаецца, што на прадпрыемстве працуе больш за 70 чалавек, многія з іх больш за 30 гадоў. Канстатуецца, што каля 80 % — ва ўзросце ад 45 гадоў і вышэй, якім будзе праблематычна знайсці работу з такой спецыялізацыяй, а ва ўсіх сем'і і дзеці. «У сітуацыі, якая склалася на прадпрыемстве, нашай віны няма, мы годна і добрасумленна выконваем свае абавязкі і зацікаўлены ў далейшай рабоце прадпрыемства. Для гэтага ёсць усё: вытворчыя магутнасці, абсталяванне, спецыялісты і велізарнае жаданне працаваць. Мы вельмі спадзяёмся на дапамогу нашаму заводу ў працягу працоўнай дзейнасці, а мы ў сваю чаргу будзем выконваць добрасумленна працоўныя абавязкі», — так завяршаецца зварот.

Але ж насамрэч — банкрут!

Вядома, калі не быць у тэме, міжволі ўзнікае пытанне: навошта тады закрываць прадпрыемства, якое працуе з 1929 года? Сёлета — юбілей, але, зразумела, у калектыве, мякка кажучы, зусім не святочны настрой.

Няўжо нехта спецыяльна захацеў, каб у бюджэт не плацілі падаткі, каб работнікаў звольнілі?

У Полацкім райвыканкаме неаднойчы падкрэслівалі, што мясцовая ўлада не была зацікаўлена, каб КУВП «Полацкі вінаробны завод» закрылі. Рашэннем эканамічнага суда Віцебскай вобласці яго прызналі банкрутам яшчэ ў чэрвені 2017 года.

У выніку пасяджэння камісіі па прадухіленні эканамічнай неэфектыўнасці (банкруцтва) пры аблвыканкаме ў верасні мінулага года кіраўніку па банкруцтве было даручана працягнуць рэалізацыю плана ліквідацыі прадпрыемства. Апошні быў зацверджаны ў чэрвені 2018-га. Было даручана актывізаваць работу па продажы маёмасці прадпрыемства. Пастановай суда (ад 27.12.2018) працягнуты тэрмін ліквідацыі да 28-га чэрвеня бягучага года, пра гэта паведаміў намеснік старшыні па эканоміцы Полацкага райвыканкама Аляксандр Каладынскі.

Як расказала намеснік старшыні эканамічнага суда Віцебскай вобласці Вольга Тур, у завода былі вялікія даўгі, таму эканамічная дзейнасць прывяла да неплацежаздольнасці. І адпаведны зварот аб неабходнасці банкруцтва быў з боку кіраўніцтва прадпрыемства. Пасля вывучэння дакументацыі суд вынес рашэнне аб ліквідацыі. Трэці год яго дзейнасць рэгулюецца і ажыццяўляецца, згодна з адпаведным заканадаўствам аб эканамічнай неплацежаздольнасці і банкруцтве.

Спрабавалі прадаць...

Першы антыкрызісны кіраўнік распрацаваў план санацыі, але ён не прайшоў экспертызу ў РУП «Белсудэкспертзабеспячэнне».

Між іншым, суддзя некалькі разоў выносіла пастанову аб адхіленні судовага разбіральніцтва. Рабіла гэта, каб на прадпрыемстве дапрацавалі план санацыі. Але не атрымалася — з-за вялікай сумы запазычанасці...

Другі па ліку антыкрызісны кіраўнік КУВП «Полацкі вінаробны завод» Вячаслаў Юшчанка расказаў, што яго папярэднік рабіў яшчэ пазалетась спробы прадаць завод як комплекс маёмасці. Спачатку цана лота складала каля 3,9 мільёна рублёў. Правялі тры аўкцыёны. На апошнім цана паменшылася да прыблізна 3,2 мільёна рублёў.

Вячаслаў Юшчанка на пасадзе з мая мінулага года. Адзначыў, што бягучая запазычанасць была 1,2 мільёна рублёў... Агульная ж запазычанасць на сённяшні дзень на ўзроўні 11 мільёнаў.

Каб неяк выправіць стан спраў, летам мінулага года пераарыентавалі завод на выпуск іншай прадукцыі — так званага фруктовага віна без дадання спірту.

Паводле слоў кіраўніка, на сёння прадпрыемства ў прынцыпе працуе нядрэнна. Нават з невялікім прыбыткам. І ўдалося пагасіць прыблізна 500 тысяч рублёў — бягучай запазычанасці. Вінны матэрыял выкарыстоўваецца з запасаў. Пакуль яны не скончацца, завод будзе працаваць. Што датычыцца калектыву, то сёння ў штаце 73 чалавекі. Сярэднямесячная заработная плата за студзень склала 620,3 рубля.

Суразмоўнік разумее, што людзі вельмі перажываюць, але трэба ўлічваць рэаліі жыцця. Лісты ў розныя інстанцыі накіроўваліся неаднаразова. Але, калі завод банкрут, што зробіш?

Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Полацкага райвыканкама сумесна з адміністрацыяй прадпрыемства ў красавіку мінулага года быў распрацаваны план дзеянняў па пошуку работы членам калектыву.

Неаднаразова прапаноўвалі работу

За студзень — люты, дарэчы, звольнілі толькі траіх. Сярод іх: пенсіянер, другога — у сувязі з афармленнем пенсіі па інваліднасці, трэцяга звольнілі за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Для неабходнасці ажыццяўлення вытворчай дзейнасці прадпрыемства прынялі на работу грузчыка...

Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Полацкага райвыканкама прааналізавалі, хто працуе на прадпрыемстве, улічваючы спісачную колькасць на пачатак года — 76 чалавек. Высветлілася, што 23 ва ўзросце да 40 гадоў, 14 чалавек — 40—49 гадоў, 39 ча-
лавек старэйшыя за 50 гадоў, у тым ліку пяць чалавек — перадпенсійнага ўзросту (менш за два гады да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту) і сем чалавек — пенсіянеры па ўзросце.

Чатыры разы, пачынаючы з лістапада пазамінулага года, упраўленнем былі арганізаваныя інфармацыйна-кансультацыйныя сустрэчы з работнікамі прадпрыемства, якія падлягаюць вызваленню ад работы.

Аказана індывідуальнае кансультаванне: па тлумачэнні заканадаўства аб занятасці насельніцтва, пераліку мерапрыемстваў, якія аказваюцца службай занятасці, у тым ліку аб магчымасці перанавучання, перасялення ў сельскую мясцовасць з прадастаўленнем жылля, выдзялення субсідыі для арганізацыі ўласнай справы, аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні з улікам адукацыі, пажаданняў і наяўнасці вакансій.

Упраўленнем, пачынаючы з ліпеня пазамінулага года, каля дзесяці разоў арганізоўваліся міні-кірмашы вакансій з запрашэннем работнікаў прадпрыемства. Правядзенне чарговага з выездам на прадпрыемства прайшло 22 сакавіка.

За 2018—2019 гады ва ўпраўленне для рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных звярнулася пяць грамадзян, звольненых з прадпрыемства. Усе яны працаўладкаваныя.

Як запэўнілі карэспандэнта, у выпадку вызвалення работнікаў прадпрыемства, будзе забяспечана працаўладкаванне работнікаў на існуючыя вакансіі ў арганізацыі раёна. Плюс акажуць садзейнічанне ў адпаведнасці з нормамі заканадаўства. У мэтах даць магчымасць заробку ў перыяд пошуку працы будзе арганізавана часовая занятасць у выглядзе аплатных грамадскіх работ.

Аказанне садзейнічання ў працаўладкаванні працягнуць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?