Вы тут

Складнікі шчасця «Студэнта года — 2018» Антона Лемеша


Здаецца, конкурс «Студэнт года — 2018» прайшоў зусім нядаўна. Яшчэ чутны апладысменты, не сціхлі радасныя воклічы. Асабліва яркія ўспаміны засталіся ў пераможцы — Антона ЛЕМЕША, пяцікурсніка педыятрычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Як і чым жыве ўзорны сын, найлепшы студэнт і будучы ўрач сёння?


Вярнуцца ў прывычнае жыццёвае кола ён змог адразу. Падрыхтоўка да конкурсу займала ў хлопца ўвесь вольны час. А, як вядома, у студэнта медыцынскай ВНУ яго і так няшмат: вучыць даводзіцца па тры-чатыры гадзіны ў дзень, часам нават ноччу.

— Паступіўшы ва ўніверсітэт, ад стрэсу і напружанай вучобы схуднеў на дзесяць кілаграмаў! — успамінае Антон. — Аднак маральна да руплівай працы быў гатовы. Недарма ж тры гады вучыўся ў мінскім медыцынскім каледжы. Ды і ўрачом хацеў стаць з дзяцінства. Заўсёды адчуваў, што хачу і магу дапамагаць — гэта для мяне сапраўднае шчасце. Да таго ж, плённая праца ды добрыя вынікі — своеасаблівая падзяка маме, якая верыць у мяне, аддае шмат сіл на маё выхаванне.

Працаздольнасць, імкненне дайсці да канца ў любой справе, адказнасць — тое, што хлопец пераняў у бацькоў. Лайдачыць Антон не любіць, таму з самага пачатку самастойнага студэнцкага жыцця — падпрацоўвае. За восем гадоў пабыў і санітарам, і акушэрам. Цяпер жа пяцікурснік — фельчар хуткай дапамогі. Яго начное дзяжурства доўжыцца дванаццаць гадзін. Пасля — адразу ж на вучобу, пра сон можна забыць. Але ў Антона правіла: ніколі сябе не шкадаваць. Затое хлопец самастойна можа аказаць першую дапамогу, зрабіць укол, перавязку, запісаць кардыяграму — усё тое, што ўваходзіць у працоўныя абавязкі. Давялося Антону і роды дома прыняць. «Гэта быў шок! Я ведаў толькі тэорыю, бачыў, як усё робяць у радзільным доме, — расказвае ён. — Але каб самому?! Прыйшлося сабраць волю ў кулак. А што рабіць? Ніхто ж, апрача мяне, дакладна не дапамог бы...»

А яшчэ ён можа рэанімаваць чалавека. «Спачатку было страшна, — прызнаецца студэнт, — але толькі першыя разы. Тут важна не разгубіцца, сканцэнтравацца і сабраць у галаве свае веды — тады ўсё атрымаецца».

Некалькі разоў на тыдзень хлопец ходзіць на бокс. Менавіта гэты від спорту дапамагае яму разгрузіцца пасля цяжкага дня.

— Для мяне бокс — не проста занятак для падтрымання фізічнай формы, — запэўнівае Антон. — У ім трэба не столькі сіла, колькі ўменне пралічваць кожны свой ход, кожны ўдар, «счытваць» саперніка. З дапамогай боксу я развіваю сваё мысленне.

На конкурсе ні адно выступленне Антона не абышлося без жартаў. Пачуццё гумару ў яго развівалася падчас прагляду камедый, стэндапаў, гумарыстычных праграм. Не прапусціў студэнт і гульню ў КВЗ. Сёння ён капітан універсітэцкай каманды, з якой яны паспяхова выступаюць у шматлікіх беларускіх лігах.

Асаблівае месца ў сэрцы студэнта займае яго родны горад — Смаргонь. З ім звязаны першае сяброўства, школьныя заняткі, стасункі з блізкімі...

— Калі бываю там — быццам бы пражываю ўсё нанова, — кажа хлопец. — Смаргонь для мяне, як любімая рэч з гардэроба: бываюць нашмат прыгажэйшыя і маднейшыя, але гэтая самая любімая, камфортная і ўтульная. Менавіта ў ім я заўсёды адчуваю сябе ў сваёй талерцы.

Пра Антона кажуць: разумны, вясёлы, старанны — сапраўдны лідар, душа кампаніі. Сям'я, сябры, дзяўчына і любімая прафесія — галоўныя складнікі шчасця для хлопца. Ён марыць стаць добрым урачом, мужам і бацькам. А яшчэ — каб тое, чым ён займаецца, заўсёды прыносіла задавальненне.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.