Вы тут

Уладальнікам тытулу «Студэнт года» стаў будучы дзіцячы ўрач


У Мінскім дзяржаўным палацы культуры прайшоў фінал рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года”. Арганізатарам праекта выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі нашай краіны. Конкурс праводзіцца пачынаючы з 2011 года. За гэты час званне “Студэнт года” дзяўчаты заваёўвалі аж шэсць разоў, а сярод пераможцаў быў толькі адзін хлопец.


Сёлета ў фінале сустрэліся шэсць дзяўчат і трое хлопцаў – пераможцы абласных і мінскага гарадскога этапаў. Колькасная перавага зноў была на баку студэнтак... Фіналістаў чакалі творчыя і інтэлектуальныя баталіі: студэнцкая прэзентацыя “Будзем знаёмыя”, інтэлектуальны конкурс, конкурс аратарскага майстэрства “"#Упрафесіі” і творчае спаборніцтва “Мая малая радзіма”.

Пасля падліку ўсіх балаў стала зразумелым, што пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года” стаў пяцікурснік педыятрычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Антон ЛЕМЕШ. Яго сярэдні бал паспяховасці — 8,78. Хлопцу ўласцівы творчы і адказны падыход да ўсіх спраў, які дапамагае яму дабівацца высокіх вынікаў у вучобе, навуцы, спорце,  грамадскай дзейнасці і…у КВЗ. “Яшчэ старажытныя мудрацы казалі, што без смешнага нельга спасцігнуць сур’ёзнае”, - кажа ён.

Праца на хуткай дапамозе навучыла Антона разумець сапраўдную каштоўнасць часу. “Дзеці адкрываюцца табе толькі, калі ты з імі на роўных. Яны не церпяць фальшы і падману. Менавіта таму я выбраў сваю прафесію, – падкрэслівае будучы дзіцячы ўрач. – У сваім жыцці я ведаю адно галоўнае правіла: калі ты чагосьці вельмі хочаш, то абавязкова гэтага дасягнеш”.  

Між іншым, пераможцам у намінацыі “Студэнт года ONLINE" па выніках галасавання ў віртуальным сеціве стаў таксама Антон ЛЕМЕШ.

Другое месца ў рэспубліканскім конкурсе заняў студэнт трэцяга курса факультэта традыцыйнай беларускай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ігар ГЕЛДЗІНСКІ.

Сярэдні бал яго паспяховасці – 8,92. "Хачу спазнаць гэты свет як мага больш, таму імкнуся кожнай сферы надаць дастаткова часу. Ключавое месца ў маім жыцці займае харэаграфія. Дзякуючы ёй і разам з ёй я рухаюся наперад і дасягаю новых мэтаў", --  канстатуе хлопец.

На трэцім месцы -- студэнтка трэцяга курса фінансава-эканамічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Марыя САЎЧАНКА. У гэтым годзе дзяўчына стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі. Яе сярэдні бал – 9,80. Выдатную вучобу яна паспяхова спалучае з навуковай дзейнасцю (  у яе скарбонцы дыплом першай катэгорыі на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў). Акрамя таго, Марыя з’яўляецца вакалісткай заслужанага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Камарыкі” і вакальнай групы “Miracle”, якая не раз станавілася пераможцам гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсаў. Цяпер Марыя — намеснік сакратара ўніверсітэцкай першаснай арганізацыі, камандзір студэнцкага педагагічнага атрада “Фартуна” і студэнцкага валанцёрскага атрада “Насустрач”.

У гутарцы з журналістамі перад фіналам першы скаратар ЦК БРСМ Дзмітрый ВАРАНЮК адзначыў, што "Студент года" - не проста конкурс, які выяўляе аднаго з таленавітых маладых людзей. “Мы хочам паказаць, што сёння ўсё наша студэнцтва – гэта элітная моладзь, якая ўмее ярка жыць, сябраваць і любіць сваю краіну, - падкрэсліў ён. -  Хачу паведаміць, што конкурс "Студэнт года" выходзіць ужо на міжнародны ўзровень. Мы падпісалі адпаведнае пагадненне аб правядзенні міжнароднага этапу. І ўсе фіналісты, якія будуць сёння на сцэне, аўтаматычна трапляюць у міжнародны фінал. Летам  2019 года ў Расіі пройдзе "Студэнцкая вясна краін ШАС".

Нагадаем, што летась перамогу ў конкурсе атрымала студэнтка філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандра РАДКОВІЧ. Такім чынам, ганаровае званне “Студэнт года” засталося за гродзенскімі студэнтамі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.