Вы тут

Дзясяты фэст экскурсаводаў сёлета запрашае наведаць больш за 300 праграм


Юбілейны, дзясяты фэст экскурсаводаў сёлета запрашае наведаць больш за тры сотні экскурсій, якія пройдуць па ўсёй краіне. Найбольш прапаноў для цікавых падарожжаў у Мінску.


13 і 14 красавіка вы зможаце выбраць такія праграмы для ўік-энду, якіх пазней не замовіць ні ў адным турыстычным агенцтве. Тут не будзе аглядных экскурсій. Як прафесійныя атэставаныя, так і маладыя гіды распрацавалі аўтарскія праграмы. Да мерапрыемства далучыліся краязнаўцы, настаўнікі, гісторыкі, музейныя супрацоўнікі. Пазнавальныя сустрэчы ў вёсках таксама будуць праводзіць святары, а ў Віцебску паспрабуюць свае сілы маленькія экскурсаводы — выхаванцы абласнога палаца дзяцей і моладзі. Арганізатары абяцаюць, што падрыхтавана багата навінак, будуць квэсты, інтэлектуальная гульня, лекцыі з археолагамі і гісторыкамі.

Галоўная ідэя фэсту — звярнуць увагу людзей на мясціны, у якіх яны жывуць. Усюды можна знайсці арыгінальную і цікавую інфармацыю. Так, у Мінску пройдуць экскурсіі па Грушаўцы, Серабранцы, Гарадскім вале, Старажоўцы, можна будзе даведацца пра таямніцы Пушкінскага пасёлка каля парку імя Чалюскінцаў ды іншае.

Шмат незвычайных падарожжаў падрыхтавалі рэгіёны. Напрыклад, на пошукі волатаў запрашае Віцебскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, што ў аграгарадку Акцябрская Віцебскага раёна. «Сцяжынамі Коласа» прапануюць прайсці ў Люсіне на Піншчыне, тут у пачатку мінулага стагодзя беларускі класік працаваў настаўнікам і падаў гэтыя мясціны пад назвай Цельшына ў трылогіі «На ростанях». Дзяцей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі чакаюць на квэст-экскурсіях у Глыбокім. Аматараў веласіпедных экскурсій парадуе Жабінка — маршрут, падчас якога яны будуць знаёміцца з біяграфіяй Тадэвуша Касцюшкі, складае 52 кіламетры і разлічаны на шэсць гадзін! А чаму б не даведацца, дзе жыў «электрычны чалавек»? Так у народзе празвалі Якуба Наркевіча-Ёдку (гасцей сустрэнуць у фальварку Наднёман).

Рэгістрацыя на ўдзел у фэсце экскурсаводаў на сайце fеstguіdеs.bу толькі пачалася, але на многія бясплатныя экскурсіі ўжо не трапіць — групы набраліся за першыя некалькі гадзін. Асаблівы попыт на містычнае падарожжа па Мінску, экскурсію на піўзавод і дзіцячыя квэсты. Але яшчэ многа куды можна трапіць і без рэгістрацыі. Турыстаў чакаюць Гомель, Жлобін, Пружаны, Зэльва, Добруш, Бешанковічы, Ляхавічы, Полацк, Слонім, Гродна, Ваўкавыск, Бабруйск, Докшыцы, Слуцк, Крычаў, Пухавічы, Івацэвічы, Высокае і нават у Мадрыдзе і Беластоку беларусам будуць рады.

Фэст экскурсаводаў — беларуская версія святкавання Міжнароднага дня помнікаў і мясцін. Як заўважыў прадстаўнік беларускага камітэта ІСОMОS (аднаго з арганізатараў мерапрыемства) Цімох Акудовіч, экскурсіі — гэта адна з формаў захавання гістарычных аб'ектаў. Пасля лакальных падарожжаў людзі мяняюць сваё стаўленне да спадчыны, клапоцяцца пра яе захаванне, больш даведваюцца пра гісторыю і культуру сваёй радзімы.

Кансультант аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Марына Масташова адзначыла, што фэст экскурсаводаў спрыяе развіццю ўнутранага турызму. За дзесяць гадоў, як ён праводзіцца, з рознымі мясцінамі Беларусі пазнаёмілася больш за чатыры тысячы чалавек. Падчас мерапрыемства нараджаюцца новыя формы работы з турыстамі. Напрыклад, веласіпедныя экскурсіі і падарожжы для людзей з інваліднасцю спачатку былі апрабаваныя менавіта на фэстах экскурсаводаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: У пошуках містыкі, волатаў і «электрычнага чалавека»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.