Вы тут

Белінвестбанк прадставіў новае пазіцыянаванне брэнда


Белінвестбанк прадставіў новае пазіцыянаванне брэнда

— Зялёны колер брэнда паказвае новую філасофію і асноўныя кірункі дзейнасці банка на наступныя некалькі гадоў і новыя падыходы да вядзення бізнесу, — адзначыў старшыня праўлення Андрэй Брышцялёў.


Кіраўнік Белінвестбанка лічыць, што экалагічнасць — паняцце шматграннае. Яно ўключае ў сябе мноства аспектаў і кірункаў, але ключавым у рамках новага пазіцыянавання брэнда стане экалагічнасць вядзення бізнесу, як уласнага, так і партнёраў. Акрамя таго, экалагічны парадак дня будзе інтэграваны ў карпаратыўную культуру і стратэгію развіцця банка, закране навакольнае асяроддзе і грамадства ў цэлым.

Рэалізацыя праграмы па трансфармацыі ў Экабанк разлічана на сем гадоў. Асноўныя яе моманты закладваюцца ў стратэгію развіцця фінансавага інстытута з 2021 года, хоць і цяпер банк ужо зрабіў першыя крокі ў гэтым кірунку.

Выпуск «зялёных аблігацый» не за гарамі

Сярод глабальных экалагічных праектаў банка, якія знаходзяцца ў стадыі прапрацоўкі, — выпуск «зялёных аблігацый». Іх адметная рыса ў тым, што прыцягнутыя сродкі будуць выкарыстоўвацца для праектаў, звязаных з аднаўляльнай энергіяй, павышэннем энергаэфектыўнасці, экалагічна чыстым транспартам або нізкавугляроднай эканомікай.

«Запуск «зялёных» праектаў дасць магчымасць знайсці і аказаць падтрымку ідэям і тэхналогіям, здольным змяніць свет да лепшага», — сказаў спікер. Пазыка выйдзе ў адкрыты рынак і будзе прапанавана як фізічным, так і юрыдычным асобам, у тым ліку банкам. Аб'ём эмісіі і прыбытковасць будуць вызначацца ў залежнасці ад пула канкрэтных праектаў. Адказваючы на пытанне аб магчымым калідоры прыбытковасцяў, старшыня праўлення растлумачыў, што такія праекты з'яўляюцца доўгатэрміновымі і носяць інвестыцыйны характар, таму «па эканамічных законах яны павінны быць танныя». Што датычыцца валюты наміналу, то банк будзе рабіць упор на нацыянальную валюту. Прыцягненне сродкаў у замежнай валюце не выключана, калі фінансаванне будзе накіравана на набыццё абсталявання і тэхналогій за мяжой.

«Зялёныя» выпускі каштоўных папер банк гатовы размяшчаць ужо ў 2020—2021 гадах — па меры ўзнікнення патрэб і фарміравання пула адпаведных праектаў. Пры гэтым Андрэй Брышцялёў выказаў упэўненасць, што пул праектаў будзе заўсёды. Больш за тое, у банку падкрэсліваюць, што не робяць упор на буйныя прадпрыемствы.

Адна трэць — экалагічныя праекты

Цяпер у партфелі банка колькасць зялёных праектаў складае каля 10 %. Іх долю за час рэалізацыі праграмы трансфармацыі плануецца павялічыць мінімум да 30 %.

Сярод ужо рэалізаваных падобных праектаў — будаўніцтва фотаэлектрычнай станцыі ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці і міні-ГЭС у Слонімскім раёне. Акрамя таго, банк аказаў садзейнічанне ў будаўніцтве ветрапарку ў Віцебскай вобласці. Белінвестбанк, адзіны сярод крэдытна-фінансавых інстытутаў, уваходзіць у склад каардынацыйнага савета праекта «ліквідацыя бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Беларусі». У ліку найбольш буйных праектаў, якія знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі, Андрэй Брышцялёў назваў фінансаванне будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў Мінску, рэканструкцыі сталічнай ачышчальнай станцыі УП «Мінскводаканал». Таксама банк удзельнічае ў стварэнні і прасоўванні экалагічна бяспечных ахаладжальных вадкасцяў.

Разглядаюцца і новыя кірункі праграмы Сlіmаtе Smаrt Trаdе. Гаворка ідзе аб абсталяванні і сістэмах, выкарыстанне якіх будзе дапамагаць спрыяльнаму ўплыву на клімат. Лінія, выдаткаваная для рэалізацыі праектаў, складае 20 мільёнаў еўра.

Дыктуюць уласнік і пакупнік

Не стаў хаваць Андрэй Брышцялёў таго, што цяпер ідуць перагаворы аб куплі Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця дзяржаўнай долі ААТ «Белінвестбанк». «Калі прапанова паступіла, то яна накіравана ўласніку. Кантрольны пакет дакументаў знаходзіцца ва ўрадзе. Усе ўмовы здзелкі, тэрміны, падыходы прапрацоўваюцца сумесна з прадстаўнікамі ЕБРР і ўрадам», — адзначыў Андрэй Брышцялёў.

Як паведамлялася, намер гэтага буйнога банка ўвайсці ў акцыянерны капітал Белінвестбанка пацвердзіў сёлета ў пачатку сакавіка прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сума Чакрабарці пасля сустрэчы з Прэзідэнтам нашай краіны. Кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандр Піваварскі раней паведаміў, што Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця разлічвае завяршыць здзелку па ўваходжанні ў акцыянерны капітал Белінвестбанка ў першым паўгоддзі 2019 года. Асноўная задача ўваходжання ў акцыянерны капітал — нарасціць кошт банка для прыцягнення ў наступным стратэгічнага інвестара.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Зялёны — гэта экалагічны

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.