Вы тут

Няўбачаны Нотр-Дам


«Потым» зусім побач з «позна»


У вечары 15 красавіка ўспыхнула і ледзь не згарэла ўшчэнт мая мара. Спраўдзіць яе была магчымасць і раней, але я падбіралася да яе, як гурман да самага салодкага і выкшталцонага, пакідаючы «на пасля», калі ўжо здаецца, што ўсё пакаштаваў. Я доўгія гады, даволі вольна вандруючы па Еўропе, хадзіла ля яе кругамі, адцягваючы задавальненне судакранання. Сядзела проста на брукаванцы, задраўшы голаў, ля сабораў у Страсбургу і ў Кёльне (толькі так без рызыкі звярнуць шыю можна зблізку разгледзець іх высачэзныя вежы. А ў Страсбургу яна ўвогуле адна: дабудаваць другую гэткай самай вышыні ў гараджан не хапіла грошай). Дзівілася на скульптуры апосталаў і на вітражы, зробленыя па эскізах Шагала ў Мецы (гэта сталіца Латарынгіі на французска-нямецкай мяжы), слухала рэха ўласных крокаў пад высачэзнымі скляпеннямі сабора святой Алены ў германскім Трыры, ніякавеючы ад ведання, што першыя каменныя вянцы храма — гэта палац той самай Алены, візантыйскай імператрыцы, і ўзводзіліся яны сама позна ў чацвёртым (!) стагоддзі, а можа, і раней. (Дарэчы, у тым храме за алтаром знаходзіцца вялікая хрысціянская рэліквія, пра якую ў нас чамусьці зусім не ведаюць, — туніка Хрыста.) Бачыла і галоўны храм каталікоў — сабор святога Пятра ў Ватыкане. Шчыра кажучы, не вельмі ўразілася, пэўна, дарэмна экскурсавод расказаў, што будавалі яго з камянёў, якія выломвалі з Калізея... Нотр-Дам, пра які, дзякуючы вывучэнню французскай, чытала і чула, пэўна, больш, чым пра ўсе астатнія славутыя помнікі разам узятыя, павінен быў мяне дачакацца. Што яму — васьмісотпяцідзесяцігадоваму, нейкія пару гадоў, пакуль я пагляджу ўсё астатняе і параблю нейкія ну вельмі важныя справы...

А ён узяў і згарэў, літаральна за некалькі гадзін на вачах ва ўсяго свету. Не дачакаўся. Чакаць цяпер давядзецца мне — абяцаюць, што рамантаваць яго будуць пяць або шэсць гадоў, але дзе шэсць — там і ўсе дзесяць. І гэта ўжо будзе не тое, нават калі дачакаюся, і прыкры прысмак усё роўна ўжо нікуды не дзенецца. Прыкрасць ні на кога — на саму сябе: можна ж было раней, што перашкодзіла?..

Зараз многія гадаюць: ці быў той парыжскі пажар няшчасным выпадкам або гэта нейкі папераджальны знак, які нам паслала Неба і які нам яшчэ належыць разгадаць. Не ведаю, як для каго, а для мяне полымя Нотр-Дама вельмі яскрава і балюча-адчувальна высвяціла адну, здавалася б, відавочную ісціну. Паміж «потым» і «позна» адлегласць у нашым жыцці мізэрная, паміж «позна» і «ніколі» яе, лічы, зусім няма.

Таму што будынкі руйнуюцца за лічаныя гадзіны, людзі паміраюць яшчэ хутчэй. Адкладаючы «на пасля» нешта вельмі важнае для цябе самога (пабачыць тое, пра што марыў, сказаць тое, што павінен сказаць блізкаму чалавеку, прыехаць лішні раз у родны дом, пакуль там яшчэ цябе хтосьці чакае, пагаварыць па душах з уласным дзіцем, якое так хутка стала падлеткам, проста легчы пасярод роснага лугу і паглядзець, як плывуць у бездані неба аблокі) дзеля нечага значна больш важнага (кар'еры, дурных хатніх клопатаў, паходаў па магазінах), заўсёды рызыкуеш сутыкнуцца з гэтым «позна» і «ніколі». Бо васьмісотпяцідзесяцігадовы сабор можа згарэць, блізкі чалавек перастане быць блізкім, родная хата заплюшчыць вочы забітымі крыж-накрыж дошкамі, дзіця вырасце і не захоча разумець, знаёмы з дзяцінства луг зарасце асотам і хмызамі, а на цябе нападзе радыкуліт, і ўрач забароніць класціся на сырую зямлю. Так вось і застаешся адзін пад бяздонным небам, на якім, як і тысячы гадоў назад, плывуць раўнадушныя аблокі, — самотны разгублены чалавек, які адкладваў «на пасля» тое, што трэба было рабіць «зараз» або ў крайнім выпадку «цяпер».

У нашага вядомага барда, які нярэдка піша і выконвае жартаўлівыя, «прыкольныя» песні, ёсць адна з падобнага ж рэпертуару. «Лета, якое мы зноў змарнавалі» называецца. «Полем, па жоўтай мяжы // роснымі сцежкамі, долам, лугамі // доўга за намі бяжыць // лета, якое мы зноў змарнавалі»... Давялося быць нядаўна на яго канцэрце. Было шмат жартаў, весялосці, у зале шмат усміхаліся, нават рагаталі. Калі ж загучала гэта песня, публіка прыціхла. Сядзелі з засяроджанымі тварамі, уважліва ўслухоўваліся. Не было ўсмешак, у некаторых у вачах блішчэлі слёзы. Кожны прыгадваў сваё (дый, пэўна, не адно) змарнаванае лета. Ці няўбачаны сабор, які згарэў, не дачакаўшыся.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.