Вы тут

Хронікі з Вялікага


У гэтым прэстыжным будынку тэатра, як звычайна, кіпіць жыццё. І на сцэне, і за кулісамі — у рэпетыцыйных залах, цэхах, кабінетах адміністрацыйных, творчых і іншых службаў, а таксама ў грымёрных…


Юры Юшкевіч, уладальнік рэдкага контртэнара і шматлікіх узнагарод міжнародных конкурсаў, сваім выкананнем скарыў мінскую публіку

Вечарамі, як вядома, тут спяваюць і танцуюць майстры праслаўленай сцэны, днём рэпеціруюцца, калі ў тым ёсць неабходнасць, рэпертуарныя спектаклі. І, вядома ж, будучыя прэм’еры. У цэхах да іх шыюцца касцюмы. А ў службе галоўнага мастака генеруюцца ідэі сцэнаграфіі для будучых оперных і харэаграфічных шэдэўраў. І ўвесь гэты вялікі механізм працуе зладжана, хоць і задзейнічана ў ім каля 1000 чалавек.

Мабыць, больш, чым хто-небудзь навіны пра тое, што адбываецца ў велізарным абноўленым будынку, які адкрыўся 80 гадоў таму, веда­юць нашы тамтэйшыя калегі. Сярод іх журналістка Алена Балабановіч, вядучы рэдактар аддзела інфармацыі Вялікага тэатра Беларусі, адна з аўтараў часопіса «Партер». Мы часта бачым яе ў ліку арганізатараў прэс-канферэнцый, юбілеяў, творчых сустрэч і іншых крэатыўных праектаў. Яна і распавяла нам пра адзін з іх, які ў сувязі з юбілеем будынку тэатра да 10 сакавіка быў запушчаны ў сацыяльных сетках. Аказваецца, гледачам было прапанавана дасылаць у любую з іх здымкі з выявай тэатра з хэштэгам  #Дому_80 #БТБ_80 #Вялікаму_80.

— Вось так мы паведамілі пра адкрыццё Вялікага тэатра ў даваенны перыяд. У той даўні вечар 10 сакавіка 1939 года жыхары Мінска ішлі да Траецкай гары, каб далучыцца да знамянальнай падзеі: у тэатра з’явіўся новы ўласны будынак! На сцэне тады давалі прэм’еру — оперу Яўгена Цікоцкага «Міхась Падгорны»… Самыя цікавыя здымкі, — расказала наша суразмоўніца, — мы размясцілі на афіцыйным сайце тэатра і ў нашых сацсетках. А пераможцы (іх трое) пайшлі на спектакль «Сівая легенда» 26 сакавіка!

З Аленай мы і пагутарылі аб рэзанансных падзеях першага вясновага месяца.

Пра «Лятучую мыш», якая заляцела ў Мінск

Касандра Вюс паціскае руку маэстра Віктару Пласкіне пасля выканання арыі Кірубіна з оперы «Вяселле Фігаро» Вольфганга Амадэя Моцарта

Працягваюцца рэпетыцыі аперэты Іагана Штрауса «Лятучая мыш». Яе ставіць рэжысёр з Венгрыі Габар Міклаш Кераньі, больш вядомы як Керо, мастацкі кіраўнік Будапешцкага тэатра аперэты і мюзікла. Прэм’ера спектакля запланаваная на 16 красавіка. Ён жа і ўзначаліў пастановачную групу сумесна з італьянскім маэстра — галоўным запрошаным дырыжорам Вялікага тэатра Джанлука Марчано.

Керо нарадзіўся ў Будапешце ў 1951 годзе, скончыў аддзяленне оперных спеваў у мясцовай кансерваторыі і працягнуў адукацыю ў Венгерскай тэатральнай акадэміі, атрымаўшы дыплом «рэжысёра музычнага тэатра». У Венгерскім дзяржаўным оперным тэатры, дзе Керо адпрацаваў 10 гадоў, ён паставіў класічныя оперы: «Лятучы галандзец» Рыхарда Вагнера, «Дон Карлас» і «Макбет» Джузэпэ Вердзі, «Фаўст» Шарля Гуно і іншыя. А ўжо быўшы мастацкім кіраўніком, дырэктарам і рэжысёрам Будапешцкага тэатра аперэты і мюзікла, Габар Міклаш дадаў у афішу такія спектаклі, як: «Каралева Чардаша» і «Графіня Марыца» Імрэ Кальмана, «Краіна ўсмешак» Франца Легара, «Лятучая мыш» Іагана Штрауса…

Віктар Пласкіна, галоўны дырыжор Вялікага тэатра Беларусі, заслужаны артыст Украіны. У тэатры працуе з кастрычніка 2007 года.

Яго спектаклі ідуць у Зальцбургу, Санкт-Пецярбургу, Празе, Вене, Тэль-Авіве, Бухарэсце, Мюнхене. А цяпер рэпетыруецца і ў Мінску! Сам Керо абяцае, што на беларускай сцэне гледачы ўбачаць унікальную пастаноўку:

«Мы ствараем спектакль, які захавае традыцыі першай аперэты 1874 года, але таксама ўбярэ ў сябе ўсё самае лепшае з таго, што існуе на сёння». Складаныя лабірынты, паваротны круг, незвычайныя візуальныя эфекты, цікавая харэаграфія — усё будзе працаваць для ўвасаблення задумкі рэжысёра. «Але ўсё-такі галоўная тут музыка! Яна — выдатная!» — падкрэсліў Кераньі.

Для новай пастаноўкі ствараюцца больш чым 200 незвычайных убораў. Дарэчы, мастак па касцюмах Агнеш Дзярмаці, якая працавала ў аскароносным фільме Іштвана Сабо «Мефістофель», таксама з Венгрыі. Кераньі, як сказаў, шчаслівы зноў звярнуцца да такога цікавага матэрыялу. Яго «Лятучыя мышы» лётаюць на самых розных сцэнах свету.

Аляксандра Флад і Эгле Шыдлаўскайтэ ў дуэце з оперы «Капулеці і Мантэкі» Вінчэнца Беліні

Цікава, што, як і ў арыгінальнай партытуры, партыю князя Арлоўскага на беларускай сцэне выканае… меца-сапрана. Арлоўскі выступіць тут адной з цэнтральных фігур.

Дарэчы, у беларускім Вялікім «Лятучая мыш» ужо ішла. Над аперэтай ў 1961‑м працавалі: дырыжор Таццяна Каламійцава, рэжысёр Вячаслаў Броўкін, мастак Яўген Чамадураў, хормайстар Аляксандр Кагадзееў.

Над новай пастаноўкай аперэты «Лятучая мыш» у Вялікім тэатры яшчэ працуюць Тамаш Ракаі (мастак-пастаноўшчык, сцэнаграфія), Петэр Шомфаі (мастак па святле), Ніна Ламановіч (хормайстар-пастаноўшчык), Вольга Костэль (балетмайстар-пастаноўшчык).

Галоўныя партыі рэпеціруюць вядучыя салісты оперы: Анастасія Масквіна, Алена Сало, Ірына Кучынская, Алена Сіняўская, Алена Таболіч, Марына Ліхашэрст, Клаўдзія Пацёмкіна, Дыяна Трыфанава, Кацярына Міхнавец, Крыскенція Стасенка, Марына Аксёнцава, Васіль Мінгалёў, Аляксандр Краснадубскі, Сяргей Лазарэвіч, Дзяніс Янцэвіч, Аляксандр Міхнюк, Аляксандр Гелах, Андрэй Мацюшонак, Віктар Мендзелеў, Юрый Балацько, Янаш Нялепа, Дзмітрый Капілаў, Ілья Пеўзнер, Андрэй Сялюцін, Андрэй Кліпо і іншыя.

Пра старт вясне

— Мы далі старт вясне! — так выказаўся галоўны дырыжор Вялікага тэатра Беларусі Віктар Пласкіна пра канцэрт «Маладыя зоркі сусветнай оперы», які прагучаў 2 сакавіка. У гэты дзень маэстра стаяў за дырыжорскім пультам. На сцэне спявалі — стыпендыяты некамерцыйнай дабрачыннай арганізацыі Княства Ліхтэнштэйн «SIAA-foundation». Гэтая асацыяцыя дапамагае маладым спевакам і музыкантам, якія валодаюць выдатнымі вакальнымі дадзенымі. У гэтым годзе восем маладых таленавітых салістаў упершыню прадставілі свае мастацтва беларускай публіцы.

Гэта было сапраўднае свята музыкі! Гледачы пачулі вакальныя шэдэўры — знакамітыя арыі, ансамблі з опер еўрапейскіх кампазітараў ад эпохі барока да пачатку ХХ стагоддзя: Вівальдзі, Моцарт, Бізэ, Даніцэці, Офенбах, Штраўс… Кажуць: маладосць гарады бярэ. Так і здарылася: на пачатку сакавіка маладосць заваявала горад Мінск. Канцэрт парадаваў разнастайнасцю тэмбраў: гучалі барытоны, сапрана ды нават контртэнар. У тэатры чакалі гэты канцэрт з нецярпеннем. І ён, як мы пераканаліся, стаў па­дзеяй. Зрэшты, як і ўсе іншыя праекты. Ва ўсялякім выпадку так гавораць прыхільнікі тэатра і мас­медыя.

Дарэчы, некамерцыйная дабрачынная арганізацыя Княства Ліхтэнштэйн «SIAA-foundation», названая «Sic Itur Ad Astra», што азначае «Такі шлях да зорак». Гэты крылаты выраз стаў не толькі іменем, але й дэвізам фонду, пазначыўшы асноўныя кірункі яго дзейнасці, а таксама магутны крэатыўны патэнцыял. Дзякуючы SIAA многія маладыя артысты атрымалі выдатныя магчымасці для творчага старту, скарыўшы сваім майстэрствам публіку культурных сталіц свету. «SIAA-foundation» з 2006 года аказвае падтрымку маладым спевакам: прызначае штомесячныя стыпендыі, ладзіць міжнародныя майстар-класы й семінары, арганізоўвае канцэрты з вядомымі дырыжорамі. Так, традыцыйным з’яўляецца штогадовы канцэрт стыпендыятаў фонду ў адным з буйных канцэртных залаў Еўропы: Нямецкая опера ў Берліне (2015), Дом Моцарта ў Вене (2016), Вялікая зала Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі (2017), Латвійская нацыянальная опера (2018). Цяпер у гэтым прэстыжным спісе ёсць і Вялікі тэатр Беларусі.

Пра ўзнагароды і юбілеі

Ірына Яромкіна — народная артыстка Беларусі. У балеце «Дон Кіхот» Людзвіга Мінкуса выконвае партыю Кітры. Пастаноўка Валянціна Елізар’ева

Алена Балабановіч палічыла важным і са старонак часопіса павіншаваць вядучага майстра сцэны нашага балета Ірыну Яромкіну — з высокім званнем народнай артысткі Беларусі! «Хай для Ірыны прагучаць нашы шчырыя словы віншавання й захаплення яе яркім талентам, працавітасцю, імкненнем дарыць гледачам прыгажосць! — сказала Алена. — Жадаем Ірыне натхнення — для новых здзяйсненняў!»

Яшчэ падзея, якую адзначылі па-асабліваму. Галоўнаму рэжысёру тэатра Міхаілу Панджавідзэ споўнілася 50 гадоў. І амаль 10 з іх ён служыць у Вялікім тэатры Беларусі. Менавіта ў дзень свайго нараджэння Міхаіл Аляксандравіч запрашаў і журналістаў прыйсці да яго на творчую сустрэчу. Яна адбылася 5 сакавіка ў 18:00 у фае тэатра, перад знакавай для рэжысёра пастаноўкай «Саламея» на музыку Рыхарда Штрауса. І гэта была не проста прэс-канферэнцыя, а вечар пытанняў і адказаў.

Пра гастрольную пару

На самых розных пляцоўках вялікіх і маленькіх гарадоў Мексікі артысты Вялікага тэатра ў цяперашні час паказваюць балет Пятра Чайкоўскага «Спячая прыгажуня». У Мінск яны вернуцца толькі 17 красавіка.

— «Спячая прыгажуня» — вельмі прыгожы балет! Гэта казка, якую ведаюць практычна па ўсім свеце, хай сабе і ў розных варыяцыях. Наша пастаноўка — класічная, дзе разнастайнасць танца вельмі гарманічна й лёгка кладзецца на дзіўную музыку Чайкоўскага», — так выказалася напярэдадні паездкі загадчыца балетнай трупай тэатра Таццяна Шаметавец, заслужаная артыстка Беларусі. На яе плечы ўскладзена каласальная адказнасць: менавіта яна на гэты раз узначальвае гастролі. Тыхуана, Мантэрэй, Гвадалахара, Ірапуата, Мерыда, Канкун, Мехіка ды многія іншыя — каля 30 гарадоў Мексікі ўбачаць артыстаў беларускага балета ў гэтым годзе.

— За паўтара месяца будзе адыграна 42 спектаклі, і гэта ўлічваючы так званыя «двайнікі», калі ў адзін вечар выканаўцы танцуюць два балеты адзін за адным, да прыкладу, у 6 і ў 9 гадзін вечара. Хвалююся — вельмі! Усё-такі адказваю за 45 чалавек! Галоўнае, каб усе былі сабраныя ды здаровыя. Бо «Спячая прыгажуня» складаны спектакль. Вельмі вялікая нагрузка кладзецца як на вядучых артыстаў, так і на кардэбалет. Часта дзяўчынкі кажуць, што ім значна складаней — па тэхніцы і балетных элементах — танцаваць «Спячую прыгажуню», чым «Лебядзінае возера»… Дарэчы, балерыны Вераніка Алешчанка ды Валерыя Грудзіна будуць дэбютаваць у гэтым спектаклі менавіта ў Мексіцы. А ў галоўных партыях выйдуць Ірына Яромкіна, Аляксандра Чыжык, Яна Штангей, Вікторыя Трэнкіна, Дар’я Мядоўская, Вераніка Аўчыннікава, Ігар Артамонаў, Антон Краўчанка, Канстанцін Геронік, Ягор Азаркевіч, Арцём Банькоўскі ды іншыя нашы выдатныя артысты.

Габар Міклаш Кераньі, мастацкі кіраўнік Будапешцкага тэатра аперэты і мюзікла ў Вялікім тэатры стварае спектакль «Лятучая мыш», які захавае традыцыі першай аперэты 1874 год

— Мы ўжо ведаем, якая дзіўна прыгожая краіна — Мексіка! — прадаўжае Таццяна Шаметавец. — Велізарныя прасторы, шырокія гарызонты, горы, акіян, залівы! Вядома, вельмі хочацца, каб пад час паездкі знайшліся хвіліны й для адпачынку. Але гэта вельмі небяспечны момант. Таму што расслабляцца — нельга! Становішча абавязвае быць сабранымі, на нас — вялікая адказнасць. А яшчэ мне вельмі хочацца, каб артысты адчувалі сябе адной камандай, больш за тое — адной вялікай сям’ёй. Каб усе разумелі: заўсёды ёсць плячо, на якое можна абаперціся. Гэта вельмі важна… Таму ўключаю здаровы аптымізм, дадаю кропельку гумару й кажу ім: «Ад 42 спектакляў нам нікуды не ўцячы! Што б вы ні думалі й чаго б ні баяліся — мы гэта зробім! Паверце!». Я ведаю, што патэнцыял у трупы — велізарны! Кожны з артыстаў — адказны й неабыякавы чалавек, які любіць сваю прафесію.

27 сакавіка — Міжнародны дзень тэатра

Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра Вялікі тэатр зрабіў падарунак сваім любімым гледачам. У вечар — 26 сакавіка ізноў распавёў гісторыю кахання, якая жыве ў вяках дзякуючы двум беларускім класікам — пісьменніку Уладзіміру Караткевічу ды кампазітару Дзмітрыю Смольскаму. На сцэне Вялікага прагучала опера «Сівая легенда» ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ. Галоўныя ролі выканалі народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна, Сяргей Франкоўскі, Ула­дзімір Пятроў. За дырыжорскім пультам быў Вячаслаў Чарнуха-Воліч. І што цікава, на гэты спектакль можна было купіць два квіткі па кошце аднаго!

Кожны паказ оперы «Сівая легенда», творчы калектыў якой быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, становіцца падзеяй. І кожны раз тэатр у гэты вечар рыхтуе для сваіх гледачоў што-небудзь асаблівае. Так было і на гэты раз. 26 сакавіка за гадзіну да спектакля адкрылася выстава-прэзентацыя кнігі Барыса Лазукі «У засені замкаў і палацаў. Матэрыяльная культура сацыяльнай эліты Беларусі ХІІ–пачатку ХХ стагоддзя». Аповед пра кнігу быў падмацаваны цікавымі рарытэтнымі помнікамі матэрыяльнай культуры з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук, які ўзначальвае Барыс Лазука.

Міхаліна Чаркашына

Яго Вялікасць — Тэатр

Міжнародны дзень тэатра — інтэрнацыянальнае прафесійнае свята ўсіх работнікаў тэатра, якое адзначаецца па ўсёй планеце штогод. 27 сакавіка. Гэты міжнародны дзень традыцыйна праходзіць пад адзіным дэвізам: «Тэатр як сродак узаемаразумення й умацавання міру паміж народамі». «Сусветны дзень тэатра» ўсталяваны ў 1961 годзе па ініцыятыве дэлегатаў IX кан­грэса Міжнароднага інстытута тэатра (МІТ) пры ЮНЕСКА. Заснаваны ў Празе (Чэхаславакія) у 1948 годзе. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік з’яўляўся членам МІТ, пачынаючы з 1959 года, — з таго часу, калі ў сталіцы СССР горадзе Маскве, на базе Усерасійскага тэатральнага таварыства, быў створаны Савецкі Нацыянальны цэнтр Міжнароднага інстытута тэатра (http://www.calendar.by/).

Беларускі прафесійны тэатр развіўся са старадаўніх народных абрадаў, творчасці вандроўных музыкаў, прыдворных труп беларускіх магнатаў, дзейнасці аматарскіх калектываў мяжы XIX–XX стагоддзяў. У цяперашні час у краіне працуе 28 дзяржаўных тэатраў, вялікая колькасць самадзейных народных калектываў, у тым ліку: лялечныя тэатры, драматычныя, музычныя. Самым славутым тэатрам Беларусі, яго візітнай карткай з’яўляецца Вялікі тэатр Беларусі. Яго пастаноўкі маюць грандыёзны поспех як у айчыннага, так і ў замежнага гледача.

 

Здымкі прадастаўлены  Валікім тэатрам Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.