Вы тут

Няхай у агні не гарыць


Увесь свет і беларусы ў тым ліку плачуць аб згарэлым у Парыжы саборы Нотр-Дам. Адразу варта ўдакладніць, што сабор згарэў не цалкам — абрынуўся толькі яго шпіль. Дзве вежы ўдалося патушыць — літаральна за пару хвілін да абрушэння. Усё, парушанае агнём у Нотр-Даме, рана ці позна адновяць, у гэтым няма ніякіх сумневаў. Аднак колькі ўсяго было знішчана (у выніку стыхіі ці наўмысна па нечым загадзе) у нашай краіне. І ці плачам мы аб гэтым так горка?


У мі­ну­лую се­ра­ду ў вёс­цы Рам­ні Га­ра­доц­ка­га ра­ё­на зга­рэў драў­ля­ны кас­цёл Свя­тых апост­алаў Пят­ра і Паў­ла.

Літаральна днямі прыйшла навіна аб тым, што ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці згарэў драўляны касцёл, пабудаваны ў канцы XІX стагоддзя. Месцічы палілі сухую траву, а ў выніку агонь перакінуўся і на драўлянае збудаванне — ад яго засталася толькі частка абгарэлага каркаса. Пра здарэнне напісалі многія СМІ. Аднак гэта ўсяго навіна аднаго дня — учарашнія навіны, як правіла, ніхто не памятае... У касцёле не праводзіліся службы ўжо 30 гадоў. Наўрад ці нехта возьмецца яго аднаўляць.

Здараліся і іншыя пажары, якія забіралі ў нябыт выдатныя ўзоры беларускага драўлянага дойлідства. Як прыгадала намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір, у 2010 годзе агонь знішчыў драўляную царкву Святога Мікалая Цудатворца ў вёсцы Стары Крыўск Рагачоўскага раёна, пабудаваная яна была ў 1852 годзе. Такі ж трагічны лёс напаткаў і царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Хатляны Уздзенскага раёна. Абодва храмы з'яўляліся помнікамі гісторыка-культурнай спадчыны і ўваходзілі ў ахоўны спіс. Але, як той казаў, агонь распарадзіўся іначай. Тэарэтычна гэтыя аб'екты можна аднавіць, мяркуе Наталля Хвір, бо даследаванні па іх праводзіліся. Аднак практычна на месцы цэркваў — выпаленыя пусткі.

Яшчэ адна «пажарная» гісторыя, але са шчаслівым фіналам, адбылася ў ноч перад Раством у 2002 годзе (можа, святы час нараджэння Ісуса паспрыяў таму, што ўсё скончылася добра?). 24 снежня ў 19.21 у пажарную частку Нясвіжа паступіў выклік. Гарэў палац Радзівілаў! Першая пажарная машына была на месцы ўжо ў 19.30. Вельмі хутка туды пад'ехала яшчэ 18 машын, агулам жа пажар тушылі 92 чалавекі. Брандмайстры ацанілі пажар як не вельмі буйны, але досыць складаны з-за нестандартнай планіроўкі будынка. За дзве з паловай хвіліны агонь быў патушаны. Усю першую палову дня 25 снежня спецыялісты падраздзялення адпампоўвалі ваду з каміннай залы замка на плошчы прыкладна 300 квадратных метраў.

Прычыну пажару ў замку знайшлі даволі хутка (ён адбыўся падчас рэстаўрацыі старадаўняга мура). Два слесары праводзілі адагрэў трубы і бака сістэмы ацяплення. Пры гэтым загарэўся ўцяпляльнік — рабочыя залілі яго пяццю вёдрамі вады і сышлі. Аднак праз нейкі час вартаўнік убачыў языкі полымя пажару над дахам палаца і выклікаў ратавальнікаў... Уратавалі!

Можна прыгадваць і іншыя выпадкі, як сумныя да слёз, так і тыя, што выклікаюць захапленне спрытнасцю і прафесіяналізмам тых, хто апярэдзіў бяду, «стаў у праломе». Многія знакавыя аб'екты, такія як Фара Вітаўта ў Гродне і іншыя, былі брутальна ўзарваныя рукамі савецкіх службоўцаў. Апошнім часам сталічныя будынкі першай электрастанцыі і Маскоўскага вакзала таксама зніклі з карты горада: былі прынятыя рашэнні аб мэтазгоднасці зносу культурных каштоўнасцяў. Аднак, як сведчыць гісторыя, такія рашэнні ніколі не бываюць правільнымі. На месцы электрастанцыі — так і не завершаная пакуль «гаргэра» ў самым сэрцы горада, якая ну вельмі муляе вока. На месцы Маскоўскага вакзала — пустка — будаваць пакуль перадумалі, хоць па плане ўжо павінен быў стаяць новы гмах «Газпрама»... Зноў памыліліся, ахвяраваўшы сваім дзеля замежнай будоўлі?

На рэстаўрацыю Нотр-Дама ўжо сабралі 1 мільярд еўра. Дзве сям'і бізнесоўцаў вырашылі ахвяраваць па 200 мільёнаў еўра, яшчэ адна — 100 мільёнаў. Астатнія неабыякавыя людзі таксама вельмі хутка ўключыліся ў збор сродкаў на аднаўленне страчанай прыгажосці сабора, хто колькі мог. А ў што ператворацца нашы слёзы аб страчаным? У канкрэтную дапамогу там, дзе яна патрэбна? Ці проста ў загінулыя нервовыя клеткі?.. Апошнія, між іншым, дакладна не ўзнаўляюцца.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.