Вы тут

«Занадта мала радасці прыносіць у апошні час спорт беларусам»


Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з нацыянальнай камандай па цяжкай атлетыцы.


Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што такія мерапрыемствы — вітаць людзей, якія прыносяць славу нашай краіне — стануць добрай традыцыяй. «Маё стаўленне да спорту вы ведаеце, мае ацэнкі спорту ў развіцці краіны, уздыме духу нашага народа вы таксама ведаеце, таму я вас запрасіў у такой нефармальнай абстаноўцы — хай на некалькі хвілін — пагутарыць і падзякаваць вам за тое, што вы стварылі на зямлі грузінскай», — сказаў беларускі лідар.

19 медалёў, 8 — у дваябор’і, другое выніковае месца ў агульнакамандным заліку, устаноўлены 2 рэкорды Еўропы, 15 рэкордаў Беларусі — такі вынік нашай каманды на чэмпіянаце Еўропы 2019 у Грузіі.

На думку беларускага лідара, цяжкая атлетыка «цяжкі і нудны від спорту, дзе трэба пастаянна змагацца». 

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што дзякуючы нацыянальнай камандзе ён практычна цалкам паглядзеў чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы. Прэзідэнт адзначыў, што нашы атлеты змагаліся, перамагалі, практычна не дапускалі няўдач.

«Трэнеры — малайцы. Яны выразна планавалі падыходы кожнага спартсмена. Вы ведалі, на што здольны спартсмен. Не скажу, што вы на 100 % вынікі паказалі, але блізка да гэтага», — сказаў беларускі лідар. Не мае патрэбы, лічыць ён, паказваць максімальны вынік на такіх спаборніцтвах — трэба плаўна падводзіць атлетаў да лепшых вынікаў да галоўных спаборніцтваў — напрыклад, чэмпіянату свету.

Кіраўнік дзяржавы назваў трэнераў «прыгажунамі» — на памосце, побач са сваімі падапечнымі. «Я вельмі патрабавальна ставіўся да трэнераў, крытыкаваў больш не трэнераў і кіраўнікоў, а тых, хто перад Прэзідэнтам адказвае за цяжкую атлетыку — гэта Белмыткамітэт», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што кожнаму віду спорту трэба надаваць увагу, тут патрэбен пэўны адміністрацыйны рэсурс, каб своечасова пастаўляць неабходны спартыўны інвентар, ствараць усе ўмовы.

«Шчыра кажучы, занадта мала радасці прыносіць у апошні час спорт беларусам. Хоць мне тут пішуць — і дзясяткі медалёў, і іншае... Медаль медалі не роўная — па-першае. Від віду таксама не роўны. Але цяжкая атлетыка ўваходзіць у каралі тых відаў спорту, якія прыносяць славу. Гэта вялікі від спорту. Падкрэсліваю, хоць я і вельмі не люблю цяжкую атлетыку асабіста. Калі вы выступаеце, я люблю, — з усмешкай заўважыў Прэзідэнт. — Калі вы падымаеце гэты цяжар, а асабліва, калі вы становіцеся чэмпіёнамі кантынента, планеты, Алімпійскіх гульняў. Калі вы падымаеце беларускі сцяг, калі гучыць гімн, я таксама радуюся — не менш, чым вы».

Таксама кіраўнік дзяржавы распавёў пра асаблівасць мінулага першынства, на якую ён звярнуў увагу:

«Хлопцы і дзяўчаты, калі ўжо бяруць сцяг, адчуваецца, што гэта беларусы. Разумееце, гэта ўжо не тое, што карані ў Савецкім Саюзе... Гэта ўжо наша. Трэнеры ўзялі ўсё найлепшае, што было ў той вялікай краіне і выхавалі сваіх. Адчуваецца, што выходзіць беларус, народжаны ў суверэннай і незалежнай Беларусі».

Калі ў спартсменаў ёсць якія праблемы, яны могуць звярнуцца да кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, ва ўрад, дадаў ён. «Мы павінны зрабіць максімум магчымага», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў нашым атлетам і трэнерскаму штабу і выказаў надзею, што яны зробяць усё, каб не падвесці нашу краіну ў будучыні.

Пасля адбылася цырымонія ўзнагароджання.

За прафесійнае майстэрства, вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку спартсменаў высокага класа, значныя спартыўныя дасягненні беларускі лідар узнагародзіў медалем «За працоўныя заслугі» старшага трэнера-выкладчыка па цяжкай атлетыцы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» Валерыя Сізянка. Ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» было прысвоена спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы Дар’і Наумавай.

Акрамя таго, за паспяховае выступленне беларускай нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы на чэмпіянаце Еўропы 2019 Падзяка Прэзідэнта была аб’яўлена галоўнаму трэнеру жаночай каманды Валянціну Кароткіну, галоўнаму трэнеру мужчынскай каманды Віктару Шаршукову, спартсменам-інструктарам Генадзю Лапцеву і Яўгенію Ціханцову.


Каментарыі ў тэму

Галоўны трэнер мужчынскай нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы Віктар Шаршукоў распавёў пасля сустрэчы: «Была вельмі творчая гутарка. Прэзідэнт адразу сказаў, што адпрацавалі на 90 % — але гэта сапраўды, мы так і планавалі — наколькі тонка (Аляксандр Лукашэнка — «Звязда») адчувае спорт, — адзначыў спецыяліст. — Наша галоўная задача — чэмпіянат свету і далей — Алімпійскія гульні, гэтыя і наступныя, якія ў Парыжы».

Беларусь разлічвае атрымаць больш квот для цяжкаатлетаў на Алімпіяду ў Токіа. Цяпер у зборнай толькі дзве квоты для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2020 года ў Токіа — мужчынская і жаночая. Прэзідэнт паставіў задачу прыкласці ўсе намаганні, каб павялічыць іх колькасць. Віктар Шаршукоў сказаў, што гэтае пытанне можа быць вырашана станоўча адпаведнымі міжнароднымі структурамі. Беларусь знаходзіцца на добрым рахунку ў міжнародных арганізацый. Акрамя таго, ёсць прыклад краіны, якая змагаецца за змяненне рашэння, — Казахстан, яны робяць гэта праз суд. 

З нагоды судзейскіх рашэнняў на чэмпіянаце Еўропы 2019 года Віктар Шаршукоў выказаўся ёміста: «У нас тры медалі адабралі — у Лапцева, Арамнава, Мудрэўскага ў суме, — сказаў ён. — Таму што судзейства агіднае, я пра гэта ўжо казаў. Больш за тое, і Прэзідэнт зараз падкрэсліў, што трэба змагацца. Калі некампетэнтныя суддзі ў Еўропе, якія ніколі штангу не паднiмалі, — гэта абсурд».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.