Вы тут

Журналісты «Звязды» выправіліся на дзяжурства з інспектарамі ДПС


Змены ў інспектараў ДПС спецыяльнага падраздзялення па аддзеле дарожнай бяспекі ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама капітана міліцыі Аляксея МАКАРАВА і яго напарніка малодшага лейтэнанта Арцёма СУФРАНОВІЧА пачынаюцца а шостай гадзіне вечара, а заканчваюцца а сёмай раніцы. Разам з імі мы, карэспандэнты «Звязды», адправіліся ў рэйд, каб прасачыць за парадкам на дарозе.


— Нядаўна адкрыўся мотасезон, звычайна за змену мы затрымліваем па два-тры парушальнікі. За час працы (Аляксей у падраздзяленні 11 гадоў) заўважыў, што з'явілася тэндэнцыя да змяншэння ўзросту гоншчыкаў з 25—30 гадоў да 18—20. Дарэчы, дзяўчаты не ліхачаць, асцярожна паводзяць сябе за рулём, — уводзіць нас у курс справы старшы па званні.

На праспекце Дзяржынскага ажыўлены рух, таму амаль адразу бачым першых «кліентаў».

— Мы ж не перавысілі хуткасць, усе дакументы ў парадку, вось, паглядзіце!

Гэтая маладая пара ездзіць кожны дзень толькі на матацыклах і да правіл дарожнага руху ставіцца сур'ёзна. Супрацоўнікі ДАІ праверылі дакументы, агледзелі транспарт і пажадалі шчаслівай дарогі.

Не прайшло і пяці хвілін, як перад намі апынуўся ўжо сапраўдны парушальнік. Прычына затрымання — няправільна ўстаноўлены рэгістрацыйны знак на матацыкле.

— Ёсць нарматыўны прававы акт, згодна з якім ён павінен быць усталяваны пад вуглом у 45 градусаў. Ваш не адпавядае патрабаванням, вось, глядзіце, — тлумачыць Аляксей.

— Можа, абмяжуемся вусным папярэджаннем? Летась толькі здаў на правы, у калегі купіў матацыкл. Не хочацца, каб так хутка з'яўляліся нейкія праблемы...

— На жаль, не атрымаецца.

— Але я ўпэўнены, што знак відаць з 50 метраў, давайце правядзём эксперымент, — не здаецца кіроўца матацыкла.

Супрацоўнік ДАІ дастаў рулетку, адмераў патрэбную адлегласць і прыцягнуў добраахвотнікаў з ліку выпадковых кіроўцаў аўтатранспарту для чысціні таго самага эксперымента. Вынік аказаўся прадказальным як для назіральнікаў, так і для парушальніка. Мужчына пагадзіўся з ім і паабяцаў выправіць сітуацыю ў найбліжэйшы час.

— І часта з вамі ўступаюць у канфлікт? — цікаўлюся ў Аляксея.

— Вельмі рэдка. Звычайна кіроўцы ведаюць, у чым праблема, таму хутка пагаджаюцца на штраф і едуць далей па справах. Навошта марнаваць свой і чужы час на бессэнсоўныя размовы, спрабуючы выправіць сітуацыю? Ёсць парушэнне — прыйдзецца адказваць за яго.

* * *

Аляксей кажа, што садзіцца за руль у нецвярозым стане цяпер сталі менш, гэта радуе.

— П'яны чалавек пад дзеяннем алкаголю часта пераацэньвае свае магчымасці, губляе хуткасць рэакцыі і больш рызыкуе трапіць у аварыю. Асабліва гэта датычыцца матацыклістаў: калі бачыш наступствы бяскрыўдных, на іх думку, паездак, становіцца не па сабе. Не забуду выпадак, калі малады хлопец не справіўся з кіраваннем матацыкла на вялікай хуткасці. Яго бацька потым плакаў, бо менавіта ён купіў сыну гэтую «цацку». Таму парада ўсім: будзьце асцярожнымі ў сваіх жаданнях і ўпэўненымі ў сваіх магчымасцях.

— Якія яшчэ парушэнні, акрамя перавышэння хуткасці або нецвярозага стану, сустракаюцца ў вашай практыцы найчасцей?

— Адсутнасць тэхнічнага агляду транспарту, пасведчання кіроўцы або прад'яўленне пасведчання не той катэгорыі. Вельмі часта людзі грэбуюць такімі простымі рэчамі, як дзіцячае крэсла. Кажуць, што яно ёсць, толькі дома. Але якая розніца, дзе яно знаходзіцца, калі яго наяўнасць можа выратаваць жыццё, а адсутнасць — пазбавіць яго. Таксама матацыклісты часта не ўключаюць святло. Здавалася б, дробязь, але пакаранне атрымаюць у любым выпадку. У нашай прафесіі трэба мець цвярозы розум, таму заўсёды абапіраюся на закон, а не на эмоцыі. Бывала, што некалькі разоў штрафаваў сваіх сяброў. Праца ў мяне такая, спадзяюся, ніхто не пакрыўджаны дагэтуль, — з усмешкай адказвае Аляксей.

* * *

Падчас рэйду разам з супрацоўнікамі міліцыі мы сустрэлі і праверылі шэсць матацыклістаў, да пяці з якіх не ўзнікала ніякіх пытанняў. Як расказалі міліцыянеры, асноўная колькасць правапарушэнняў кіроўцаў мотатранспарту прыходзіцца на лета, вясной адносна спакойна. Дарэчы, праваахоўнікі могуць спыняць парушальнікаў нават тады, калі патрулююць не ў сваім раёне, а часам і знаходзячыся ў іншым горадзе. Іх работа, як яны кажуць, бывае, працягваецца і пасля заканчэння патрулявання, бо нельга здагадацца, які выпадак можа здарыцца пад канец змены. Але работа любімая, таму ніякія цяжкасці не страшныя.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Захавальнікі бяспекі дарог

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.