Вы тут

Алесь Свірскі: Прыгожае цела палюбіць лёгка, але ж яднае душа


Мы ведаем, як выглядае сучасная беларуска, а якой яна была ў старажытнасці? Якімі былі стасункі паміж людзьмі, ці шмат мы ў гэтым страцілі? Што можа расказаць пра жанчыну песня і танец? Чым адметная добрая жонка? Пра гэта сёння разважае музыкант Алесь СВІРСКІ, мастацкі кіраўнік беларускага народнага фальклорнага ансамбля «Вербіца» Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода.


Народны аматарскі ансамбль «Вербіца» быў створаны ў 1979 годзе. У яго рэпертуары — аўтэнтычны фальклор і сучасныя апрацоўкі, абрадавыя і лірычныя песні розных рэгіёнаў Беларусі. Арыентацыя на захаванне іх першароднага гучання і стылю выканання, імкненне зберагчы народныя традыцыі, абрады, танцы і мову беларускага народа — галоўнае творчае крэда калектыву. Акрамя спеўнай групы, у «Вербіцы» ёсць танцоры і музыкі (гармонік, цымбалы, скрыпка, кантрабас).

— Найлепшыя якасці ў жанчыны...

— Шчырыя вочы, гарачае сэрца і ўзаемнасць у стасунках.

— Кажуць, што жанчына — гэта загадка...

— Так, і задача мужчыны ўсё жыццё яе разгадваць. Напэўна, гэта магчыма, але, калі ўжо разгадаў, не трэба гэтага паказваць. (Усміхаецца.)

— Што ні ў якім разе нельга казаць жанчыне?

— Хлусню. Не трэба падманваць, бо страчваецца давер і павага, а менавіта яны — залог шчаслівых адносін.

— Добрая жонка — якая?

— Тая, што заўсёды цябе чакае, каханне якой ты заўжды адчуваеш, з ёю табе добра і хораша. І яна смачна гатуе. (Усміхаецца.) Хоць у наш час я не лічу, што месца жанчыны на кухні. Калі праз нейкія прычыны каханая не можа ці не хоча гатаваць, ці проста стамілася, я сам усё зраблю. Гэта мне не замінае, карона не падае. І калі трэба ў хаце прыбраць, нічога дзіўнага ў гэтым не бачу. А вось адпрасаваць штаны сабе можа толькі мужчына, таму гэтым займаюся выключна асабіста.

— Калі б жанчыны былі музычным інструментам, то якім?

— Самым дасканалым — голасам. Голас можа выказаць сум, радасць, непасрэднасць ці нейкія трывогі. Такі розны, універсальны, ён адлюстроўвае самыя разнастайныя пачуцці. Як і нашы жанчыны.

— Вы працуеце ў калектыве, большую частку якога складаюць жанчыны. Ці ўзнікаюць у сувязі з гэтым якія-небудзь асаблівасці ў рабоце?

— Узнікаюць. Прыемна працаваць. (Усміхаецца.) Мая каханая Вольга Ладуцька таксама спявае ў нашым калектыве.

— Гэта натхняе?

— Напэўна, гэта больш яднае нас і ўзмацняе наша каханне. У паездках мы разам. Ёй няма хваляванняў, дзе я і чым заняты, ды і што тут казаць, няма прычын для рэўнасці. Яна — мая падтрымка, бо я кіраўнік, і бываюць моманты, калі мне набходна дапамога блізкага чалавека.

— Як па-вашаму, колькі жыве каханне?

— Пакуль жыве чалавек. Гэта пачуццё нараджаецца, расце, выспявае, дае нейкі плён — і кожны этап па-свойму цудоўны. Спачатку чалавек павінен прайсці стадыю ружовых акуляраў, якая ўзнікае пры знаёмстве, і закахацца ў душу, не кранаючы цела. Гэта вялікая справа, бо прыгожае цела палюбіць лёгка, але яно зменлівае: пакуль мы маладыя, усе прыгожыя. Калі чалавек пакахаў душу, гэта пачуццё можна пранесці праз усё жыццё. Таму так радасна бачыць бабуль і дзядуль, якія прагульваюцца па вуліцах, ходзяць у кавярні і падарожнічаюць разам.

— Але часам каханне знікае ці мы аддаём яго іншаму чалавеку...

— Так, чалавек заўсёды шукае. Добра, калі ён знаходзіць сваю палавінку адразу і ўсё атрымліваецца. А бывае такое, што людзі разам шмат гадоў, і ў нейкі момант разумеюць, што не падыходзяць адно аднаму. Ці некаторыя проста жывуць побач, без кахання, «дзеля дзяцей». Калі дзеці вырастуць, яны не ацэняць гэтага. Каб не жыць з болем штодзень, лепш сказаць «прабач» і адпусціць.

— Як ставіцеся да рэўнасці?

— Шмат чытаў пра гэта і шмат разважаў. Напэўна, у нейкай ступені рэўнасць мае права быць. Бо тады партнёр будзе адчуваць, што за яго нехта хвалюецца, перажывае. А калі чалавек не раўнуе, можна сказаць, што яму ўсё роўна. Ці гэта ўжо такі давер і ўпэўненасць. Але, як спяваў Высоцкі: «Не люблю ўпэўненасці сытай».

— Як жанчыне даведацца, што мужчына сапраўды закаханы ў яе?

— На мой погляд, каханне — гэта перш-наперш клопат пра чалавека. Калі мужчына кахае жанчыну, ён будзе хвалявацца, каб ёй было добра і ўтульна. І не толькі ў кветкава-цукерачны перыяд, а на працягу ўсяго жыцця. Гэта нават глыбей... Каханне — сёння гэта слова, на жаль, мае павярхоўны сэнс. Людзі сустракаюцца і — што тут хаваць — адразу разам жывуць. Пажылі — добра калі год! — «мы не падыходзім адно аднаму». Гэта ўсё так лёгка. Чалавек, быццам матылёк, лётае з кветачкі на кветачку. Пры гэтым страчваецца нейкі глыбокі сэнс жыцця, узнікае звычайны спартыўны інтарэс, прага да нейкага параўнання партнёраў. А сапраўднае каханне — гэта клопат, павага, давер.

— Ці ёсць рысы, па якіх можна вызначыць, што мужчына падыходзіць для сур'ёзных стасункаў?

— Выхаванне мужчыны праяўляецца адразу. Таксама бачна, культурны, прыстойны ён ці не вельмі. Тое, як хлопец ставіцца да сваёй маці, адразу адлюстроўвае, як ён будзе ставіцца да сваёй жонкі. Гэта закладзена з дзяцінства. Калі ён не паважае сваю маці, не трэба думаць, што ён будзе паважаць іншых жанчын. Можа, толькі напачатку, а потым — «ведай сваё месца» ды і ўсё.

— Што такое быць жанчынай?

— Жанчына — гэта сусвет, космас, глыбіня. І безумоўна, такая жанчына, якая сама гэта разумее і правільна сябе падае, заслугоўвае вялікай павагі. З такой цікава. Напэўна, жанчынай быць цяжка, гэта вялікая праца. Сёння многія хочуць быць на ўзроўні з мужчынамі, што мае права быць. Толькі ў іх страчваецца нейкая жаноцкасць і пяшчота...

— Каханне — гэта калі...

— Адзін без аднаго не можа існаваць і дня.

Калі хлопец у танцы «лапаць», будзе «лапцем» па жыцці

— У інтэрв'ю вы не раз казалі, што ў кожнай песні ёсць гістарычны код. Таму цікава даведацца: якімі паўстаюць беларускія жанчыны ў нашых песнях?

— Ведаеце, амаль усе нашы песні пра каханне. І ёсць шмат пра цяжкую жаночую долю. Але лёгкай быць не магло: трэба было працаваць, гадаваць дзяцей ды гнуць спіну ў полі. Не сказаць, што ў мужчын доля была лягчэйшая: яны таксама шмат працавалі і часта ваявалі. Колькі ёсць рэкруцкіх і салдацкіх песень! Але людзі знаходзілі час на вячоркі і сустрэчы, танцы і спеўкі. Дарэчы, танцы былі вельмі цікавыя, яны выхоўвалі маладых. Напрыклад, першы танец на вячорках яшчэ з часоў ВКЛ дазваляў юнаку дакранацца толькі да локця дзяўчыны. Танец гэты вельмі просты. Людзі становяцца ў кола, за рукі не бяруцца. Спачатку ідуць плаўныя рухі і падскокі. А потым яны па кругу бяруць адно аднаго за локаць. Хлопцы — левую руку за спіну, а правай рукой кранаюць локаць дзяўчыны. Гэта танец, калі ўсе прыглядаюцца адно да аднаго. Бо людзі збіраліся з некалькіх вёсак, навошта ж яшчэ былі гэтыя танцы? Гэта сустрэча не толькі, каб бавіць час, але і каб хлопец абіраў сабе дзяўчыну. Другі танец, напрыклад, «Млын», быў такі: выбіралі сабе пару, але яшчэ не ведалі адно аднаго. Станавіліся ў кола, чаргуючыся: хлопец-дзяўчына, хлопец-дзяўчына. Правыя рукі ў цэнтр кола, і ішлі па крузе, тры воплескі ў далоні — і ў іншы бок. А пасля ўжо ішла полечка, тады хлопец мог узяць дзяўчыну за талію, патанцаваць, і пры гэтым падчас танца маглі трошкі паразмаўляць. Потым зноў станавіліся ў кола, ішлі ў адзін бок, у другі — зноў полька. Але кожны раз моладзь мяняла партнёраў — так яны знаёміліся. Далей танец — падэспань. Асаблівасць яго ў тым, што дзяўчына стаіць спінай і трымае руку ўверсе, далонню да неба. Тут можна паглядзець, які ў яе стан, наколькі прыгожая постаць і як яна панясе каромыслы з вёдрамі. (Смяецца.) Гэта і гумар, і ўсур'ёз, бо праз танцы маладыя людзі прыглядаліся. Дарэчы, тады такога не было, што людзі пажаніліся, пажылі нейкі час і разыходзіліся. Яны сур'ёзна ставіліся да таго, каго сабе выбіраюць. Як дзяўчына спявае, як танчыць, як смяецца... такая яна будзе і ў жыцці. Тое ж датычыцца і хлопцаў. Калі ён у танцы «лапаць», то і будзе «лапцем» па жыцці. Дзяўчаты ж таксама выбіралі жаніхоў. Для мужчын былі сілавыя танцы, якія праводзіліся, пакуль дзяўчаты адпачывалі. Напрыклад, танец-гульня «Патэльня». З мужчынскіх паясоў на зямлі выкладвалася кола. Хлопцы браліся за рукі, і, калі вядучы скажа «гарачая патэльня», кожны павінен паспрабаваць адзін аднаго запіхнуць у кола, а сам застацца па-за яго межамі. Тыя, хто трапіў у кола, выбываюць. Вядучы блытае: «Гарачы... пацалунак»,— хлопцы ідуць па крузе і нічога не робяць. «Гарачае... надвор'е», — таксама. Калі ён скажа «гарачая патэльня», мужчыны аказваліся ў коле, і так аж пакуль не застанецца адзін, самы моцны і самы спрытны. Ці гульня «Яшчур», якая праводзілася на Купалле. Бралася такая доўгая жэрдка, якая пабывала ў купальскім вогнішчы, і вось ёй хлопец круціў па крузе, што было, дарэчы, небяспечна. А астатнія павінны былі пераскокваць, бо, калі не пераскочыш, атрымаеш гарачай галавешкай па нагах. Такім чынам выяўляўся спрыт. Многае ў тыя часы было разумным і правільным. Мы, на жаль, адышлі ад гэтага. Іншыя культуры нішчаць наш код, што закладзены ў крыві продкамі. Шкада — мы свайго не беражом і нават, на жаль, цураемся.

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Фота з архіва Алеся Свірскага

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.