Вы тут

Фашысцкая «прафілактыка» ў вёсцы Субаты Маларыцкага раёна


Ніколі да гэтага не чула пра такую форму расправы над жыхарамі акупіраванай тэрыторыі, пра якую расказалі тут. Раней мае героі гаварылі, як знішчалі цэлымі вёскамі альбо расстрэльвалі асобных людзей за сувязь з партызанамі... У Субаты прыехаў карны атрад і праводзіў фашысцкую «прафілактыку» асаблівым чынам.


Трагічны дзень

Выводзілі з кожнай хаты сям'ю і звяралі наяўных яе членаў са спісам. Калі дома не было кагосьці з мужчын, аўтаматычна залічвалася, што ён ваюе ў рэгулярнай арміі альбо ў партызанскім атрадзе. Такую сям'ю каралі: выводзілі ў лес амаль за кіламетр ад вёскі і забівалі, уключаючы старых і малых. У самы разгар гэтай аперацыі паступіла нейкая іншая каманда з пасыльным, немцы паспешна сабраліся і з'ехалі. Такім чынам, каго паспелі — расстралялі, некаторым іншым пашанцавала. Гэтую трагічную гісторыю і апошняя жыхарка вёскі Вольга Букач, і старшыня Чарнянскага сельскага Савета Аляксандр Пятручык чулі ад мясцовай старажылкі Надзеі Вакульскай. Ужо два гады, як няма Надзеі Іосіфаўны. Яна яшчэ расказвала, што да вайны Субаты лічыліся вялікай вёскай, і школа была тут, і магазін.

А калі Вольга Канстанцінаўна Букач прыйшла ў 58-м з Жабінкаўскага раёна ў дом да маладога мужа, у Субатах налічвалася ўсяго 12 хат. Цяпер засталося тры сядзібы. Жыве яна адна. Тры разы на тыдзень да яе прыходзіць сацыяльны работнік Валянціна Сільчук.

Ударніца калгаснай працы

Бабулю Вольгу мы засталі не дома, а за работай у агародзе. Ходзіць яна з цяжкасцю, абапіраючыся на кіёчак. Але сядзець склаўшы рукі не згаджаецца. Сама ўскапала агарод каля дома, садзіць грады. «Чалавек жыве, пакуль ён рухаецца», — гаворыць апошняя жыхарка вёскі, і з ёй цяжка не пагадзіцца. Аб тым, якой рухавай ды працавітай была Вольга ў маладосці, зараз гавораць яе шматлікія ўзнагароды.

Вольга Канстанцінаўна прыносіць з хаты скрыначку з медалямі-значкамі і цэлы скрутак розных грамат ды падзячных лістоў. Галоўная ўзнагарода ў гэтай скарбонцы — медаль «За працоўную адзнаку». Яе палявод калгаса імя Крупскай атрымала ў 1986 годзе. Былая калгасніца ўспамінае, якой цяжкай была тая праца на зямлі, як лён даглядалі, бульбу, буракі. Асабліва нялёгка давалася ўборка цукровых буракоў. Іх сеялі многа. «Калі вазілі здаваць у Жабінку, бывала, дадому мы траплялі аж пасля адзінаццаці вечара. А нас дома яшчэ свая гаспадарка чакала». Муж Вольгі Букач лесніком працаваў, таксама днямі ў лесе быў.

Багатая маці і бабуля

Дзеці змалку дапамагалі бацькам. Выраслі і падаліся ў горад. Старэйшы сын жыве і працуе ў Маларыце, малодшы — у Кобрыне. Чацвёра ўнукаў мае бабуля і шасцёра праўнукаў. Матуля і бабуля з гонарам гаворыць пра дзяцей і ўнукаў, усе выраслі прыстойнымі людзьмі, усе працуюць. З разуменнем разважае, што часта прыязджаць не могуць, у кожнага — работа, сям'я.

Затое летась яны зрабілі сваёй маці і бабулі прыгожы юбілей. Нагатавалі дома ўсялякіх страў, прывезлі ў вёску, накрылі вялікі стол і ад душы павіншавалі імянінніцу з 80-годдзем.

...Заўсёды ў такіх паездках-знаёмствах задаю адно і тое ж пытанне: «Хіба вам тут не страшна адной, хіба дзеці не клічуць да сябе альбо ў іх месца мала?»

— Клічуць, яшчэ як клічуць... — адказвае суразмоўніца. — Во і цяпер, перад Новым годам, сын з Кобрына прыехаў, завёз да сябе. Там мы Новы год разам сустрэлі, пабыла колькі дзён. Нявестка кажа — пабудзьце яшчэ, Каляды разам адсвяткуем. А мне, не ведаю, як гэта расказаць... сумна стала, не знаю, куды сябе дзець. Яны на работу пойдуць — сядзі адна, у акно глянеш — кругом людзі незнаёмыя, чужыя. Сяджу і думаю, як там мая хата без мяне. Адным словам, не стала чакаць выхадных ды прасіць сына, каб завёз, села на аўтобус ды прыехала.

Чаго баяцца ў сваёй хаце? Не, часам зімой, калі ночы доўгія, рана цямнее, неяк вусцішна бывае, — працягвае гаспадыня. — Чакаю, пакуль Валя прыйдзе, потым выхадныя — нехта прыедзе. А так чаго баяцца?

Лясныя госці

Праўда, аднойчы гаспадыню куніца напалохала. Неяк прабралася ў падпечак, ці то сама нару прарыла, ці знайшла якую вентыляцыйную адтуліну, але ў адну з начэй бабуля Вольга пачула нейкія дзіўныя гукі з падпечка, на другую ноч шорганне прадоўжылася. Галоўнае, не ведала, што там. Нібы нячысцік завёўся: то штосьці шкрабае, то дзярэ шпалеры. Ноччу лясная шкодніца нават ходнікі (так тут называюць палавікі) сцягвала і пераварочвала посуд. Сын з унукам прыехалі, усю хату да сантыметра агледзелі, нічога не знайшлі. Тыдзень тэрарызавала прышэліца напалоханую гаспадыню, пакуль аднойчы нахабна не вылезла з падпечка днём і, спужаўшыся бабулі з кіем, куляй не скочыла ў веранду. Там не заўважыла шкла ў акенцы, літаральна вынесла яго і пабегла ў лес. Ну а астатнія лясныя госці бываюць больш мірныя і памяркоўныя.

Два гады таму гаспадыня пасябравала з вожыкам. Раз паставіла міску з рэшткамі ежы на старую нізенькую лаўку, а ранкам убачыла, як вожык старанна есць з міскі. Пасля гэтага стала яму кожны дзень падкладваць штосьці. Вожык асмялеў, падчас трапезы ніякай увагі не звяртаў на прысутнасць чалавека. Але пасля зімы вожык прапаў, больш не прыходзіў. І бабуля Воля вельмі сумуе па ім. Мінулым летам яшчэ заяц прыходзіў на падворак. А ліса прыйшла ды здохла каля пограба. Вольга Канстанцінаўна, як жонка лесніка, парадак знае, разам з сацработнікам яны адразу прыкапалі жывёліну, бо цалкам магчыма, што тая была хворая.

Лясных гасцей вясковая жанчына не баіцца. Праўда, сабаку яны, здаралася, крыўдзілі. Аднойчы, пакусаўшыся з лісой, сабачка не выжыў. Тут жа лес кругом. Звяр'я поўна. Таму з уласнай гаспадаркі застаўся ў яе толькі кот.

Газета, крама і... вясна

Трынаццаты год, як жыве ўдавой. Два гады, як адна ў вёсцы. Адзінокай сябе бабуля асабліва не адчувае. Пра сацработніка гаварылася. А з вясной работы прыбавілася на падворку. Два разы на тыдзень прыходзіць аўтакрама. Раней хадзіла тры разы, але пенсіянерка сама сказала ім, каб прыязджалі двойчы. Яшчэ два дні ў тыдзень прыязджае паштальён, прывозіць раённую газету. Вольга Канстанцінаўна — актыўная падпісчыца, газету чытае ад вокладкі да вокладкі, што дзіўна, нават без акуляраў. А вось са слыхам горш: «Тэлевізар уключу, бачу, што людзі ходзяць, а што гавораць, не заўсёды разбяру».

У двары ў бабулі Вольгі расце дуб, які старэйшы сын Букачаў пасадзіў перад адыходам у армію. Дуб падрос, увайшоў у сілу. Але яму яшчэ далёка да галоўнай славутасці гэтай вёскі — дуба-волата, якому, відаць, не менш за трыста гадоў. З процілеглага ад хаты нашай гераіні боку ў дрэве ўтварылася вялікае дупло. Магчыма, наступства ўдару маланкі. З іншых бакоў дуб выглядае даволі моцным, хутка гэты волат выпусціць лістоту. Акурат ад яго і пачынаецца дарога, якая вядзе да помніка. Нам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Алегам Якубчыкам паказвае гэту дарогу Вольга Канстанцінаўна і расказвае, што ў суботу прыязджалі людзі з Чарнян, наводзілі тут парадак.

* * *

У лесе помнік знаходзім хутка. Відаць, што гэты прымітыўны абеліск быў пастаўлены вельмі даўно. Пазней зрабілі мемарыяльную дошку, на якой увекавечылі прозвішчы людзей, што атрымалася высветліць. Агароджа блішчыць свежай фарбай, на вялікай брацкай магіле павылазілі шматгадовыя кветкі. Іх некалі пасадзіла Надзея Вакульская. Пакуль жыла, сюды заўсёды прыходзіла, тут ляжаць яе сваякі. Каб не той зверскі расстрэл, можа, сёння Субаты не аказаліся б у спісе вёсак, якія дажываюць свой век.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: У засені векавога дуба

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.