Вы тут

Тры пакаленні арганістаў


Беларускія слухачы прывыклі да сольных канцэртаў арганнай музыкі, ды і сам інструмент прадугледжвае гэта. «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва», арганныя канцэрты ў Чырвоным касцёле і ў Полацку праходзяць менавіта ў такім фармаце, і шмат хто нават не ўяўляе, што можа быць інакш. Але ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў сярэдзіне мая праходзіць «Беларускі арганны фэст», які парушае гэта правіла.


Кожны з шасці арганістаў — Ігар Алоўнікаў, Ксенія Пагарэлая, Кацярына Мікалаева, Калініка Мядзведзева, Уладзімір Неўдах і Вольга Падгайская — падрыхтавалі ўнікальную праграму, каб паказаць, што прадстаўнікі беларускай арганнай школы могуць не толькі прадстаўляць слухачу класічныя праграмы, але і ствараць і эксперыментаваць.

Па словах музыказнаўцы Вольгі Савіцкай, канцэрт 16 мая — гэта свята і для слухачоў, і для выканаўцаў, праз якое варта не толькі прадэманстраваць майстэрства знакамітых айчынных артыстаў, але і падкрэсліць, што ў Беларусі існуе свая адметная арганная школа.

Беларуская арганная культура бярэ пачатак з часоў Вялікага Княства Літоўскага, але развівалася непаслядоўна з-за гістарычных абставінаў. Сапраўды, гэтак жа, як на першых арганах можна было выконваць музыку або гучна, або ціха без магчымасці сыграць крэшчэнда ці дымінуэнда, так і арганная культура ў Беларусі то імкліва развівалася, то, наадварот, аказвалася забытая. Але на працягу большай часткі гісторыі традыцыі гэтага старажытнага віду мастацтва захоўвала духоўная музыка. Калі ж казаць пра канцэртную, свецкую арганную музыку, то яе гісторыя ў Беларусі, па словах музыказнаўцы Вольгі Савіцкай, пачынаецца з мая 1963 года, калі прайшлі першыя канцэрты на новым чэшскім аргане, які да нашага часу з’яўляецца самым вялікім у Беларусі і адным з самых магутных на постсавецкай прасторы. З гэтага моманту арган увайшоў у культурнае жыццё Беларусі, аднак у нашай краіне (а тады яшчэ ў савецкай рэспубліцы) не было ўласнай арганнай школы. Да 2017 года ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўсяго было тры арганісты: Алег Янчанка, Аляксандр Фісейскі і Канстанцін Шараў. Двое з іх — Алег Янчанка і Аляксандр Фісейскі — выпускнікі Маскоўскай кансерваторыі класа прафесара Ройзмана. Школа вядомага маскоўскага прафесара працягнула сваё жыццё ў Беларусі і дзякуючы Ігару Алоўнікаву і Ксеніі Пагарэлай. Яны сваёй выкладчыцкай і выканальніцкай дзейнасцю не толькі ўмацавалі традыцыі беларускай арганнай школы, але і падрыхтавалі наступнае пакаленне арганістаў. Аднак нельга прадставіць яе існаванне і без носьбітаў еўрапейскай традыцыі, бо Канстанцін Шараў вучыўся ў музычнай акадэміі ў Латвіі, а Уладзімір Неўдах — у Аўстрыі. Хоць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі арган усё яшчэ з’яўляецца дадатковай спецыялізацыяй, вынік працы арганістаў-выкладчыкаў ёсць ужо цяпер — гэта новае пакаленне маладых таленавітых музыкаў.

Таму канцэрт унікальны тым, што сабраў прадстаўнікоў трох пакаленняў беларускай арганнай школы: вытокаў (Ігар Алоўнікаў, Ксенія Пагарэлая), станаўлення (Уладзімір Неўдах) і сучаснасці (Кацярына Нікалаева, Калініка Мядзведзева і Вольга Падгайская). Але і гэта яшчэ не ўсё, бо музыкі склалі праграму такім чынам, каб прадставіць усе этапы існавання арганнай музыкі: ад барочнай класікі Іагана Себасцьяна Баха праз французскіх рамантыкаў да нашых часоў. Прычым важна прадставіць не проста розныя эпохі, але і іх вяршыні, кульмінацыйныя кропкі.

Канцэрт адкрыў Ігар Алоўнікаў з творамі Іагана Себасцьяна Баха, сярод якіх знакамітыя «Фантазія і фуга до мінор», а пасля — сюіта французскага майстра эпохі барока Луі Нікаля Клерамбо. Зменіць Ігара Алоўнікава, свайго настаўніка па класе фартэпіяна, маладая арганістка Калініка Мядзведзева. Яна выканае барочны твор французскага кампазітара Луі Маршана «Вялікі дыялог до мажор». Кацярына Мікалаева прапанавала вельмі цікавую і незвычайную праграму. «Папершае, — кажа Вольга Савіцкая, — яна звяртаецца да творчасці Шарля-Мары Відора, французскага рамантыка. Гэта цалкам адмысловая старонка гісторыі французскага аргана, паколькі менавіта тады з’явіўся новы, так званы сімфанічны арган. Кацярына Мікалаева выканае першую частку арганнай сімфоніі Відора. Па-другое, яна з’яўляецца аўтарам транскрыпцыі фартэпіяннай сюіты Каміля Сен-Санса для аргана і фартэпіяна. У такім незвычайным дуэце гучаць часткі знакамітага “Карнавала жывёл”: “Лебедзь”, “Акварыум” і “Фінал”. У гэтым творы вельмі шмат гукавыяўленчых эфектаў, і арган з фартэпіяна ствараюць разнастайную карціну, якая садзейнічае раскрыццю праграмнага зместу гэтых твораў». Уладзімір Неўдах прапаноўвае выступленне ў жанры імправізацыі, адраджаючы тым самым на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі гістарычныя традыцыі.

Сучасная аўтарская музыка ў выкананні самога кампазітара — гэта прыклад Вольгі Падгайскай. Яна працуе ў розных фарматах: ад фонавай музыкі да саўндтрэкаў у кіно, — але ўсе яе творы адрознівае выключная крэатыўнасць. На «Беларускім арганным фэсце» яна выконвае творы, якія нават па сваіх назвах вылучаюцца ў праграме канцэрта: «Час аргана», «Зона цішыні», «Fata Morgana». Аднак для канцэрта падрыхтаваны чацвёрты твор — дуэт аргана і тэрменвокса, на якім будзе іграць Аляксандр Атрашэўскі. Гэта экстраардынарнае рашэнне не толькі па спалучэнні інструментаў, але і таму, што ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі тэрменвокс прагучыць упершыню.

Ксенія Пагарэлая, як Ігар Алоўнікаў, выканала акадэмічную праграму, якая складаецца з «Канцэрта до мажор» Георга Філіпа Тэлемана і двух самых вядомых фрагментаў «Гатычнай сюіты» Леона Баэльмана: «Малітва Панне Марыі» і «Taccatа».

Калі гэтае свята музыкі публіка сустрэне цёпла, то такія вясновыя канцэрты можна зрабіць штогадовымі, бо менавіта ў траўні 1963 года пачалася гісторыя сучаснага беларускага арганнага выканальніцтва.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.