Вы тут

Разбітае сэрца


Пра мясцовыя легенды, якія могуць аказацца чыстай праўдай.


На шыкоўных гарадскіх клумбах, якія высаджваюць і даглядаюць спецыялісты камунальных службаў, ды на дачных кветніках, дзе гаспадыні спаборнічаюць у селекцыі нябачаных відаў і сартоў, гэтыя сціплыя кветкі не ўбачыш. Нават на вясковых агародчыках яны ўжо амаль звяліся — і там іх выцеснілі больш буйныя і яркія півоні і касачы. А тут раптам нечакана ў самым цэнтры сталіцы, у адным з цяністых старых двароў, разбітае сэрца закрасавала, падстаўляючы сонцу кожную сваю ружовую з белым «завушнічку». І так гэта было неспадзявана і кранальна, бы сустрэў даўняга, калісьці вельмі добра знаёмага, а цяпер амаль забытага чалавека, і разам з ім вярнуліся і шчыльна ахінулі вобразы, гукі, пахі з далёкага-блізкага мінулага.

У нашай мясцовасці гэтыя кветкі звалі на польскі манер — гронца сэрца. Гадоў з трыццаць назад іх вялізныя кусты красаваліся ці не на кожнай вясковай клумбе, і майскімі душнаватамі вечарамі іх травяніста-мядовы пах перамагаў усе водары позняй вясны і лунаў над вуліцай. Здавалася, яго нават можна памацаць рукамі. На апошні званок і на першыя выпускныя экзамены ўсе школьнікі неслі гронца сэрца ў букетах. Яго «завушнічкі» трымцелі ў такт хадзе, і здавалася, што на зялёныя галінкі паселі дзівосныя пчолы з ружовымі крылцамі, якія вось-вось узнімуцца ў неба чароўным роем... Пры тым, што гэтыя кветкі былі паўсюль, іх гаспадыні вельмі бераглі. Крый божа было, полючы клумбу, вырваць хоць каліва ад куста гронца сэрца. На зіму яго стараліся прыкрыць апалым лісцем, каб не вымерзла. Дзяліліся гэтымі кветкамі, асабліва з людзьмі прыезджымі, таксама неахвотна...

У такога трапяткога стаўлення была свая прычына. Лічылася, што нашы мясцовыя кветкі адмысловыя, і такіх больш няма нідзе. Старыя бабулі нават гісторыю пра гэта расказвалі, пераконваючы, што іхнія бабулі яе непасрэднымі сведкамі былі... Напрыклад, мая бабка Аміля, якая нарадзілася ў самым пачатку мінулага стагоддзя, распавядала, што бабуля яе бацькі служыла тады пакаёўкай у тым самым маёнтку, дзе ўсё і пачалося...

У маёнтку жыла прыгожая паненка, да якой сваталіся шляхціцы з усяго наваколля. Але бацька яе быў багаты і вельмі наравісты, таму адмаўляў кавалерам, заўсёды знаходзячы важкую прычыну. З цягам часу сваты едзіць перасталі, а паненка самотна сядзела ў багатым белым палацы, ужо ні на што не спадзеючыся. Але тут з губернскага Мінска прыехаў да суседа сваяк. Быў ён малады, прыгожы, заможны, а яшчэ і мастак. Стары ўпарты пан замовіў яму партрэт сваёй ненагляднай дачкі. Мастак стаў часта бываць у іхнім доме, нават заставацца з паненкай сам-насам падчас работы над партрэтам. А дзяўчыне, якая сядзела ледзь не пад замком, абдзеленая мужчынскай увагай, шмат не трэба было, каб закахацца. І малады чалавек адказваў ёй узаемнасцю, але разумеў, што шанцаў у яго нуль, бо бацька паненкі вельмі не ўхваляў яго занятак, які лічыў зусім не высакародным.

Усё скончылася без гучных сцэн і трагедый. Пазаляцаўшыся лета, напісаўшы той партрэт і пераканаўшыся, што дзяўчыну за яго не выдадуць, мастак з'ехаў і больш ніколі да сваяка ў нашы мясціны не прыязджаў. Увесну толькі прыслаў паненцы скрыначку, у якой быў корчык невядомай да гэтага кветкі. «Ты разбіла маё гарачае сэрца» — было напісана ў прыкладзенай запісцы. Корчык пасадзілі каля палаца, паненка сама песціла яго і даглядала, зімой накрыла лісцем, каб не змерз. А праз год у маі кусцік выпусціў тонкія доўгія стрэлкі, і на кожным трымцелі ружовыя кветкі, сапраўды вельмі падобныя на расколатыя сэрцайкі.

Паненка тая так і не выйшла замуж, нават калі праз некалькі гадоў памёр яе бацька-дэспат. Яна сама гаспадарыла ў маёнтку, і ўсе кветнікі каля яе палаца былі засаджаныя аднымі кветкамі, якія яна па-польску звала «гарачае сэрца», а мясцовая гаворка зрабіла з іх «гронца сэрца». Яна сама даглядала іх і вельмі пільна сачыла, каб ні адзін флянец, ні адна галінка з яе падворка не прапала. Бо верыла, што так зможа прыцягнуць у свой панылы дом няспраўджанае каханне і аднойчы ён, яе герой, абавязкова вернецца. А калі, так і не дачакаўшыся і не пакінуўшы пасля сябе спадчыннікаў, яна ў сорак два гады ціха сканала ад сухотаў, усе мясцовыя жанчыны кінуліся да клумбаў, якія засталіся без гаспадыні, каб адкапаць сабе кавалачак дзівоснай кветкі — сімвала надзеі і вернасці...

Я вось зараз згадваю гэту амаль забытую вясковую казку і спрабую супаставіць з рэчаіснасцю. У нашым наваколлі зусім недалёка адзін ад аднаго сапраўды стаялі тры заможныя маёнткі. Гаспадыняй аднаго з іх у ХІХ стагоддзі была нейкая пані Свідава. А гаспадарамі іншай сядзібы, якая, дарэчы, разам са старым паркам захавалася і дагэтуль, у той час былі Ваньковічы. Можа, тая рамантычная сумная гісторыя паміж паненкай і заезджым мастаком адбылася насамрэч? Можа, і пра кветкі праўда, бо разбітае сэрца, або дыцэнтра, было ўвезена ў Еўропу з Японіі ў першай палове ХІХ стагоддзя і карысталася вялікай папулярнасцю пры аздабленні сядзіб... Занадта шмат супадзенняў для адной легенды.

Няма ў каго спытаць. Даўно ляжаць на кладах і героі, і сведкі тых падзей, і нават іх унукі, якія маглі штосьці пацвердзіць або ўдакладніць. І толькі «завушнічкі» гронца сэрца, як і дзвесце гадоў назад, загадкава трымцяць на галінках, бы пчолы з дзівоснымі ружовымі крылцамі.

Гэткія амаль фантастычныя, адрозныя ад іншых, маркёры, якія радзіма пакідае нам як засечкі на памяці.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. 

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.