Вы тут

Чым здзіўляў фестываль «Музы Нясвіжа-2019»


На тры дні старажытны Нясвіж ператварыўся ў адну вялікую сцэнічную пляцоўку падчас Свята мастацтваў «Музы Нясвіжа-2019». Шмат эмоцый, уражанняў падаравалі арганізатары фестывалю — Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі аблвыканкам, Нясвіжскі райвыканкам і Заслужаны калектыў «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» жыхарам горада, шматлікім гасцям, прыхільнікам камернай музыкі.


Па традыцыі ў першы дзень нясвіжскай імпрэзы Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры паказаў камедыю па п'есе Жана-Батыста Мальера «Ён мужык, а яна паненка» ў пастаноўцы рэжысёра Яўгена Валабоева.

На працягу 24 гадоў мастацкія фэсты ў Нясвіжы застаюцца адной з самых адметных падзей у культурным жыцці Беларусі. Штогод гэтыя інавацыйныя праекты яднаюць айчынную музыку розных эпох і жанраў. З моманту свайго заснавання і да сённяшняга дня фестываль з'яўляецца сімвалам узнаўлення і адраджэння гісторыі беларускага мастацтва, перш за ўсё — музычнага.

Сёлетняе свята было прысвечана 200-годдзю вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі. Таму своеасаблівым прынашэннем юбіляру ад усіх аматараў і знаўцаў яго творчасці стаў вялікі канцэрт акадэмічнай музыкі «Нясвіж — крыніца натхнення Станіслава Манюшкі і яго аднадумцаў», падрыхтаваны творчымі калектывамі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга.

— Мы першыя ў Беларусі ў мястэчку Мір некалькі гадоў таму арганізавалі канцэрт у знак пашаны да гэтага аўтара. Раней многія лічылі, што Манюшка — польскі кампазітар. Але ў Польшчы ён пражыў толькі пятнаццаць гадоў, астатнія — у Беларусі. Цяпер зноў загучала імя гэтага кампазітара, ураджэнца Міншчыны, а я — ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці, таму не мог не ўспомніць гэтую знамянальную дату. Я сам стаў цяпер больш ведаць пра яго творчасць. І мы абавязкова зробім новую вялікую праграму, прысвечаную таленавітаму творцу. Заўчасна не скажу, калі гэта будзе, але, бадай, праз год або два.

 

Міхаіл Фінберг падкрэсліў, што фестываль стаў па-сапраўднаму нацыянальным, беларускім.

Тут жа, у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, перад пачаткам прэс-канферэнцыі наведвальнікі змаглі азнаёміцца з невялікай выстаўкай, якая расказвала пра творчасць маэстра, паслухаць выступленне струннага квартэта і ансамбля кларнетыстаў. Але самае цікавае і яркае чакала аматараў камернай музыкі пасля. Творчыя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі прадставілі для іх свае новыя канцэртныя праграмы, дзе прагучалі найлепшыя ўзоры беларускай музыкі з ХІІ да ХХІ стагоддзя. Канцэрт «Рэлігійныя творы айчынных майстроў» сабраў удзельнікаў і гасцей свята ў Нясвіжскім Касцёле Божага Цела, канцэрт «Музыка беларускіх палацаў» — у Тэатральнай зале Палацавага ансамбля Нясвіжа.

Даволі шмат людзей розных узростаў сабраліся ў Нясвіжскім цэнтры культуры. Яны прыйшлі, каб прыняць удзел у адкрыцці выстаўкі работ з фонду Міжнароднага конкурсу-пленэру юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука «Краявіды Нясвіжа вачыма дзяцей».

— Адзінаццаты год мы праводзім пленэр для дзяцей. Кожны раз ён прысвечаны розным тэмам, каб дзецям было цікавей працаваць, — расказала загадчыца мастацкім аддзяленнем Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў Марына Канавалава. — Мы робім кампазіцыйны пейзаж асобна, а яшчэ пішам два эцюды з натуры. Сёння на выстаўцы ў асноўным прадстаўлены карціны 2019 года. Гэта работы прызёраў, якія атрымалі дыпломы 1-й і 2-й ступеняў і Гран-пры. Сёлета дзеці малявалі на тэму «Нясвіж. Французскія паркі». Юным талентам трэба было ўявіць, як калісьці яны выглядалі, праявіць фантазію. Таму кампазіцыі атрымаліся незвычайнымі, фантастычнымі. І, даецца на першы погляд, намаляваныя краявіды не маюць адносін да Нясвіжа. Але гэтыя паркі сапраўды калісьці існавалі і дзеці перадалі іх прыгажосць. У пленэры ўдзельнічалі школьнікі не толькі з Мінскай вобласці, але і з розных куткоў Беларусі, а таксама з горада Рэутава Маскоўскай вобласці і Літвы.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Святлана Баранок яшчэ раз нагадала, што творчасць Станіслава Манюшкі вядомая не толькі ў Беларусі і Польшчы. Сёлета ўвесь свет адзначае 200-годдзе з дня нараджэння беларуска-польскага кампазітара, які нарадзіўся на Міншчыне ў мястэчку Убель Чэрвеньскага раёна.

Святлана Баранок.

— Самае галоўнае, чым мы можам ганарыцца, гэта тое, што ў Смілавічах адкрылі музейную экспазіцыю, якая знаёміць з яго жыццём і творчасцю. Гэта адзіны ў свеце музей Манюшкі. І сёння наш фестываль ажывіў музыку не толькі гэтага выдатнага творцы, але і кампазітараў, якія жылі ў яго эпоху, — адзначыла Святлана Баранок.

Як падкрэсліла Святлана Аляксандраўна, на Міншчыне праводзіцца каля дваццаці культуралагічных акцый.

А наогул, калі казаць пра мерапрыемствы, то ўсяго іх трыццаць восем. Некаторыя з іх ладзяцца з перыядычнасцю раз на два гады, іншыя — раз на тры гады. Вясна, май — самая фестывальная пара года. У Вілейцы, Маладзечне, Мядзеле прайшоў фестываль духавой музыкі «Майскі вальс», які сабраў духавыя аркестры з Міншчыны, Беларусі, замежных краін. У пачатку чэрвеня Маладзечна прыме Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі.

 

Завяршылася музычная акцыя 25 мая вялікім гала-канцэртам «Новае ў Нясвіжы», дзе разам з канцэртным аркестрам выступі лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Наталля Тамела, Таццяна Глазунова, Галіна Грамовіч, Алеся Дзержавец, Дзмітрый Качароўскі і іншыя.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Манюшка і маленькі Парыж

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.