Вы тут

…І стала менш у класіка загадак


Фундаментальная навукова-папулярная праца «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча», якую летась выдаў Беларускі дакументацыйны цэнтр — вынік даследчыцкай дзейнасці, чатырохгадовай працы ў архівах Беларусі і Расіі гісторыка-архівіста Зміцера Дразда. Кніга прысвечана высвятленню найменш даследаваных, а то і зусім невядомых старонак жыцця першага класіка беларускай літаратуры і нашага першага прафесійнага літаратара. Дык што ж прынцыпова новага сказаў аўтар? У цэлым — шмат. А цяпер пра самае істотнае.


Сам аўтар найбольш важным сваім адкрыццём лічыць тое, што яму ўрэшце ўдалося раскрыць таямніцу прозвішча нашага класіка. У выніку працяглых архіўных пошукаў даследчык выявіў некалькі дзясяткаў разнастайных дакументаў: выпіскі з метрычных кніг, судовыя позвы, даверанасці, пратаколы, прашэнні, фармулярныя спісы, лісты і інш., якія адназначна засведчылі, што прыдомка «Дунін» да прозвішча Марцінкевіч не мелі не толькі яго продкі, але і сам Вінцэнт Іванавіч амаль да 25-гадовага ўзросту. Гэты прыдомак з’явіўся толькі ў 1832 г., калі будучы класік пачаў рабіць першыя спробы афіцыйна даказаць сваё дваранскае паходжанне. Дарэчы, канчаткова старажытнае шляхецкае паходжанне Дуніна-Марцінкевіча было зацверджана толькі ў 1838 г., прычым, паводле пададзеных ім дакументаў, ягоны род нібыта быў вельмі старажытным і выводзіўся ад нейкага Пятра Дуніна — магчыма, датчаніна па нацыянальнасці, які жыў ажно ў ХІІ стагоддзі. Зміцер Дрозд у кнізе выказвае сур’ёзныя сумненні наконт гэтай версіі і сцвярджае, што хутчэй за ўсё не існавала ніякай роднасці паміж вышэйназваным сярэдневяковым персанажам і нашым класікам. Чаму? А таму, што прамежак часу паміж жыццём магчымага першапродка і дакладна зафіксаванымі архіўнымі звесткамі пра самых даўніх продкаў нашага класіка, складае звыш 500 (!) гадоў, што з вялікай доляй верагоднасці выключае магчымасць існавання ўсялякага сваяцтва паміж Пятром Дуніным і Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.

Акрамя таго, гісторык-архівіст аргументавана абверг стэрэатып пра тое, што Дунін-Марцінкевіч ужо ў дзяцінстве стаў круглым сіратой. Ён даказаў, што калі бацька Вінцэнта сапраўды памёр праз некалькі месяцаў пасля нараджэння сына, то маці памерла толькі ў 1830 г., калі яму было ўжо 22 гады і ён знаходзіўся на казённай службе ў Мінску. А яшчэ даследчык давёў, што бліжэйшыя продкі Дуніна-Марцінкевіча і ён сам былі зусім не беднымі людзьмі. Да таго ж будучы беларускі класік у маладым узросце кінуў казённую службу і набыў маёнтак Люцынка (Мінскі павет), дзе валодаў немалымі зямельнымі ўчасткамі і меў прыгонных сялян.

У адрозненне ад ранейшых айчынных даследчыкаў Зміцер Дрозд сцвярджае, што, кіраўнік усіх католікаў Расійскай імперыі, архіепіскап Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, з’яўляецца сваяком не Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяго толькі першай жонкі ягонага бацькі. А яшчэ адным цікавым фактам з’яўляецца тое, што аўтар высветліў наяўнасць далёкага сваяцтва беларускага пісьменніка з паэтам Аляксандрам Пушкіным: расійскі класік з’яўляўся праўнучатым пляменнікам другой жонкі дзеда нявесткі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Адметнай рысай даследавання з’яўляецца яшчэ і тое, што яе аўтар не абыходзіць і некаторыя непрывабныя, «цёмныя» старонкі біяграфіі пісьменніка. На першы погляд, гэтыя факты нібы ў нейкай ступені дыскрэдытуюць айчыннага класіка, аднак, з другога боку, яны ў сукупнасці з мноствам яго годных учынкаў і творчых здзяйсненняў ствараюць аб’ёмнацэласны і разам з тым цалкам жывы вобраз.

Непрывабныя старонкі біяграфіі першага прафесійнага літаратара Беларусі звязаны найперш з шэрагам абаінавачванняў яго ў розных злачынствах, з-за якіх яму давялося і вытрымаць шматлікія допыты, і пасядзець у турме, і пабываць пад хатнім арыштам. Так, Зміцер Дрозд сцвярджае, што Дунін-Марцінкевіч двойчы сядзеў у Мінскай турме (былы Пішчалаўскі замак). Першы раз гэта мела месца ў 1835 г. у сувязі з гучнай тагачаснай справай аб падробцы разнастайных дакументаў — пераважна звязаных з пацвярджэннем дваранскага паходжання заказчыкаў. І хоць непасрэдны ўдзел у гэтай афёры не быў даказаны, тым не менш Вінцэнт Іванавіч правёў каля тыдня ў турме, а затым пэўны час знаходзіўся пад хатнім арыштам. А другі раз турэмнае зняволенне мела месца ў 1864 г. з-за абавіначванняў у яго магчымай падтрымцы ўдзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Хаця вядома, што Дунін-Марцінкевіч адкрыта не дапамагаў паўстанцам, а толькі сімпатызаваў ім і ў крайнім выпадку мог кагосьці з іх прытуліць у сваім маёнтку Люцынка. Тым не менш ён прайшоў праз допыты і каля года прасядзеў у Мінскай турме, пасля чаго яго адправілі ў Люцынку і строга забаранілі адтуль выязджаць. У той жа час ягоная дачка Каміла за актыўныя антыўрадавыя выступы была саслана царскімі ўладамі на 10 гадоў у Сібір.

У гэтым кантэксце нельга не згадаць яшчэ адзін факт з жыцця маладога Вінцэнта, які быў звязаны з яго абвінавачваннямі ў такім злачынстве, як «кіднэпінг» — выкраданне дзяцей. Маці яго будучай жонкі звярнулася ў паліцыю з заявай аб тым, што Вінцэнт нібыта прама на вуліцы выкраў яе непаўналетнюю дачку Юзэфу і неўзабаве таемна з ёй абвянчаўся. Аднак Зм. Дрозд высветліў, што ў працэсе працяглага разбіральніцтва і допытаў было вызначана, што насамрэч Юзэфа ўжо мела 16 гадоў (а не 14, як казалі яе бацькі) і добраахвотна, без усялякага прымусу і выкрадання пагадзілася на шлюб. У выніку з Вінцэнта знялі ўсе абвінавачванні і дазволілі яму афіцыйна абвянчацца з Юзэфай у мясцовай грэка-каталіцкай царкве.

Па-сапраўднаму ўражвае надзвычай вялікі аб’ём у кнізе разнастайных дакументаў і матэрыялаў. Агулам яны займаюць каля 160 старонак, а тэкстуальная частка кнігі перавышае памер дакументальнай крыху болей чым у два разы. У кнігу ўключаны архіўныя дакументы на рускай, польскай і лацінскай мовах, сярод якіх пераважаюць шматлікія архіўныя справы — пераважна метрыкі аб нараджэнні і хрышчэнні, даверанасці, прашэнні, судовыя позвы, кантракты на арэнду, квітанцыі, распіскі, рапарты, пастановы, заявы, тастаменты, справаздачы, рэзалюцыі, аб’явы, пратаколы пасяджэнняў, асабістыя лісты… Прычым адметна тое, што ўсе польскамоўныя дакументы друкуюцца ў арыгінале, а нешматлікія матэрыялы на лацінскай мове пададзены ў беларускіх перакладах, зробленых вядомым айчынным лаціністам, кандыдатам філалагічных навук Алесем Жлуткам.

Безумоўна, аўтарам праведзена каласальная праца, што сведчыць аб яго даследчыцкай апантанасці. Тым не менш… кніга не пазбаўлена і пэўных недахопаў. Не надта ўдалай выглядае агульная структура кнігі, якая падзелена ажно на два дзясяткі раздзелаў, прысвечаных самым розным (часам малазначным) аспектам жыцця Дуніна-Марцінкевіча і яго сваякоў. Да таго ж гэтыя структурныя адзінкі па сваім аб’ёме «вагаюцца» ў занадта вялікіх памерах — ад 5 да 50 старонак. Непадрыхтаваны чытач можа папросту заблытацца і згубіцца ў неабсяжным «акіяне» шматлікіх звестак, лічбаў і датаў.

Па-другое, калі гэтая кніга вызначана як «навукова-папулярнае выданне», то ў ім, на маю думку, абавязкова павінна быць агульнае заключэнне, у якім былі б ёміста прадстаўлены галоўныя вынікі даследавання, зроблены адпаведныя высновы і акрэслены асноўныя задачы для будучых даследчыкаў-марцінкевічазнаўцаў. Бо без гэтага досыць складана адэкватна засвоіць і трывала запомніць той вялізны масіў інфармацыі, які ледзь не з першых старонак літаральна паглынае чытача.

Хочацца таксама дадаць, што ў некаторых раздзелах кнігі Зміцер Дрозд выявіў сябе не толькі як карпатлівы і здольны гісторык-архівіст, але і як чалавек з пэўным літаратурным густам. Таму лічу, што ў будучым ён — пры ўмове няспыннай працы над сабой і над словам — мог бы напісаць нават раман-біяграфію Дуніна-Марцінкевіча ці прынамсі сцэнарый дакументальнага/мастацкага фільма пра пакручасты жыццёвы шлях гэтага выбітнага пісьменніка.

У цэлым жа аўтар выдаў надзвычай важную і цікавую кнігу, якая робіць заўважны ўнёсак у гісторыю беларускай літаратуры і разам з тым з’яўляецца каштоўнай часткай багатай скарбонкі айчыннага марцінкевічазнаўства. Істотна найперш тое, што па старонках выдання раскрыты даўнія таямніцы Дуніна-Марцінкевіча, якія многія дзесяцігоддзі аніяк не паддаваліся правільнаму вытлумачэнню.

А найбольш важна тое, што перыпетыі жыцця выдатнага пісьменніка і ягоных шматлікіх продкаў і нашчадкаў аўтар прасочвае на шырокім фоне розных вызначальных падзей у гісторыі Беларусі (найперш войны, паўстанні, рэвалюцыі). Гэта стварае аб’ёмную і цэласную карціну чалавека ў кантэксце эпохі і дазваляе аднесці кнігу да жанру гісторыка-біяграфічных выданняў.

Эдуард ДУБЯНЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.