Вы тут

«Каралева вясна-2019» пра удзел у конкурсе і будучыню


Сярод 13 дзяўчат з розных ВНУ, якія прадставілі гледачам і журы свае таленты ў фінале рэспубліканскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева-вясна — 2019», найлепшай па выніках галасавання стала студэнтка Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Таццяна ШЧЭРБАЧ. Яна расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене», як праходзіла гэта творчае спаборніцтва і чаму яе навучыла.


— Таня, мяркуючы па тваіх фатаграфіях у сацсетках, ты даволі актыўны чалавек!

— Гэта так. Я танцую, спяваю, малюю, іграю на фартэпіяна. Яшчэ ў дзяцінстве бацькі зразумелі, што я — неспакойная дачка, якая не любіць сядзець на адным месцы, таму імкнуліся заняць мяне нечым. Жаданне развівацца ў розных кірунках засталося дагэтуль, таму зараз пастаянна ўдасканальваю свае ўменні.

— Ты вучышся на першым курсе педагагічнага факультэта на лагапеда. Што паўплывала на выбар прафесіі?

— Я лічу сябе хатняй дзяўчынай, таму засталася разам з сям'ёй у Гродне. Да таго ж, мая мама — педагог-лагапед. Ні на хвіліну не сумнявалася ў правільнасці свайго выбару спецыяльнасці. Мне падабаецца, якія веды атрымліваю ва ўніверсітэце кожны дзень.

— Колькі часу сышло на роздум, ці прымаць удзел у конкурсе «Каралева-вясна — 2019»?

— Гэта было спантаннае рашэнне. Шчыра кажучы, заўсёды была далёкая ад такога кшталту конкурсаў, таму падобны вопыт для мяне першы. Але знаёмыя і родныя не раз намякалі, што варта было б паспрабаваць, і я пагадзілася: «А чаму б і не?». Першы кастынг прайшоў яшчэ ў снежні, тады арганізатары конкурсу толькі ацэньвалі знешнія даныя тых, хто прыйшоў. У выніку трапіла ў фінал універсітэцкага этапа, чаму была вельмі рада. Падрыхтоўка да яго доўжылася тры месяцы, да абласнога, які праходзіў у красавіку, — некалькі тыдняў, а да рэспубліканскага — усяго тыдзень. Гэта быў выклік самой сабе: даказаць, што я здольная на многае, не наведваючы дагэтуль мадэльную школу і не ўдзельнічаючы ў ніякіх фотасесіях.

— Што ўразіла больш за іншае ў фінале рэспубліканскага этапу?

— Усё было на высокім узроўні, арганізатары імкнуліся стварыць для нас, удзельніц, камфортныя ўмовы для творчасці і работы. Адносіны паміж дзяўчатамі склаліся добрыя, усе адна адной дапамагалі. Акрамя таго, фіналу папярэднічала шмат цікавых мерапрыемстваў: сустрэча з ветэранамі, майстар-класы па дэфіле, па аратарскім і артыстычным мастацтве, розныя фотасесіі. Гэта было крута! Адной з самых яркіх і запамінальных падзей усяго вечара на рэспубліканскім этапе стаў эпатажны выхад. Прызнаюся шчыра, эпатажнасць ніяк не асацыюе з сабой, я, хутчэй, кансерватыўная, спакойная дзяўчына. Але для мяне гэта падалося нечым новым і цікавым. Вобраз адпавядаў ракавой красуні ў чырвоным адзенні. Памятаю, перад выхадам я яшчэ сказала дзяўчатам: «Так зараз зайздрошчу гледачам, якія ўсё гэта бачаць!»

— Асноўнай тэмай конкурсу прамоўніцкага майстэрства была «Падзея, якая змяніла ваша жыццё». Пра што ты расказвала?

— Асноўная думка: не веру ў тое, што падзеі змяняюць жыццё. Упэўнена, што я змяняю яго сама. Лічу сябе ўпартай дзяўчынай, гэта дапамагае мне дасягаць пастаўленых мэт. Ніколі не разлічваю атрымаць што-небудзь проста так, імкнуся кіраваць усім самастойна.

— Гучыць упэўнена. Гэта адна з тваіх рыс характару?

— Галоўнае, я не лічу сябе самаўпэўненай, асабліва тое датычыцца конкурсаў або спаборніцтваў. Нармальна стаўлюся да пройгрышаў, аднак заўсёды аналізую свае выступленні. Ніколі не настройваюся абавязкова на перамогу, вось падчас фіналу проста хацела годна прадставіць свой універсітэт, паказаць, на што здольная і атрымаць пэўны вопыт. Прыемна, што ўсё выйшла нават лепш, чым планавалася.

— Конкурс навучыў цябе чамусьці? Якія магчымасці адкрыў?

— Уставаць своечасова і збірацца да сустрэч загадзя. А яшчэ ўсё рабіць хутка, дакладна і па справе. Зразумела, што пасля перамогі маё жыццё стала больш актыўным, мяне запрашаюць на розныя мерапрыемствы і акцыі. Але варта сказаць, што іншым дзяўчатам-удзельніцам таксама аддаецца вялікая ўвага, таму, паўтаруся, не трэба зацыклівацца толькі на першых месцах.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота прадстаўлена гераіняй публікацыі

Загаловак у газеце: Як загартоўваюць... «Каралеў»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.