Вы тут

Біятланіст Антон Смольскі: Прыродныя фізічныя даныя маюць не самае вялікае значэнне


...Ён хуткі, як страла. Ляціць, разразаючы паветра. Вакол мільгаюць дрэвы і кусты. У вушах шуміць: «Давай-давай! Працаваць! Оп, оп, оп!» Напэўна, усе здагадаліся, хто гэта. Біятлон — не работа, лёс. Лёс 22-гадовага капітана нацыянальнай зборнай Антона Смольскага. Усім вядома, што Беларусь — спартыўная краіна. Сярод зімовых відаў за першае месца па папулярнасці спаборнічаюць хакей і біятлон. І апошні ўсё часцей перамагае... Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна, Сяргей Новікаў і Алег Рыжанкоў — гэтыя людзі стваралі гісторыю беларускага, ды і сусветнага, біятлона. Змяняюцца эпохі, і надыходзіць час маладых і таленавітых. Менавіта такім і з'яўляецца мой суразмоўнік. Як дзеці трапляюць у біятлон? Як выбіраюць сваё, што сэрцу мілейшае? Якія выпрабаванні і складанасці чакаюць іх на доўгім спартыўным шляху? Аб чым біятланісты мараць, дзе знаходзяць матывацыю, як змагаюцца з няўдачамі? Паспрабуем даведацца.


— Добры дзень, Антон. Як у тваім жыцці з'явіўся спорт увогуле і ўласна біятлон? Чым ён так цябе прывабіў?

— У шостым класе — у 12 гадоў — большасць маіх аднакласнікаў і сяброў займаліся ў лыжнай секцыі. Я доўга назіраў за імі, у мяне была зацікаўленасць. І вось у адзін цудоўны дзень я таксама трапіў туды. Так біятлон стаў маім жыццём, у якім я існую 24 на 7. А зацікавіў ён мяне, напэўна, сваёй непрадказальнасцю.

— Спорт, як вядома, гэта жорсткая дысцыпліна. Выпрабаванне на трываласць, асабліва для маладога чалавека. Ці складана казаць «не» сваім жаданням?

— Канешне, не проста. Але з цягам часу дысцыпліна набывае статус звычкі. Мне ўжо складана не прытрымлівацца рэжыму харчавання і рэжыму дня.

— Вы вымушаны заўсёды быць далёка ад дома, сяброў, любімых, а яшчэ і тая самая дысцыпліна... Не ўзнікала жадання кінуць усё дзеля «нармальнага» жыцця?

— Не, прынамсі ў мяне. Канешне, сумуем па родных і блізкіх, але для прафесіянальнага спартсмена апошняе ўжо вельмі складана.

— І ўсё ж такі, калі ты вырашыў, што далей без біятлону ніяк?

— У 2014 годзе, калі трапіў у юніёрскую каманду ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы», вырашыў, што спорт будзе неад'емнай часткай майго жыцця.

— Ты займаешся ўжо дзесяць гадоў. Адчувальны багаж вопыту. Напэўна, было рознае? Жыццё ж, як вядома, гэта падзенні і ўзлёты. Як, перажыўшы паражэнне, не страціць імкнення да перамогі?

— У кожнага чалавека свой характар. Мяне, напрыклад, матывуюць няўдачы. І не мае значэння, што гэта: пераздача ва ўніверсітэце або выступленне, якім я незадаволены. Каб не страціць імкнення да перамогі, я лічу, трэба спрабаваць тысячу разоў і, нарэшце, адзін з іх стане пераможным.

— Якімі якасцямі, на твой погляд, павінен валодаць біятланіст для дасягнення поспеху?

— У сучасным спорце зараз перамагаюць веды. Як гэта ні дзіўна, прыродныя фізічныя даныя маюць не самае вялікае значэнне. Чалавек павінен быць інтэлектуалам, сціплым, працалюбівым і мэтанакіраваным. І толькі тады ён зможа стаць лепшым з лепшых.

— Я на ўсё жыццё абраў дарогу,

На якой калючак больш, чым руж...

Мне здаецца, што гэтыя словы Аркадзя Куляшова ідэальна падыходзяць да цябе. Яшчэ ў дзяцінстве ты намеціў арыенціры і цяпер смела крочыш наперад. Раскажы, якія мэты, лакальныя і глабальныя, ставіш перад сабой?

— Не сакрэт, што марай кожнага спартсмена з'яўляецца алімпійскі медаль. І я не выключэнне. Стараюся атрымаць максімум ад усяго, што маю.

— А пра што яшчэ марыць біятланіст?

— Пра «чыстую» стральбу і хуткую хаду!

— Сёлета наша краіна стала пляцоўкай для правядзення шматлікіх спартыўных мерапрыемстваў сусветнага ўзроўню. Гэта чэмпіянаты Еўропы па біятлоне і фігурным катанні, Кубак свету па фрыстайле. Шмат мерапрыемстваў наперадзе: Еўрапейскія гульні, чэмпіянат свету па летнім біятлоне...

— Без сумневу, такія спаборніцтвы прыцягваюць увагу. Людзям падабаецца спорт, а яны стануць яго рэкламай. Хацелася б, каб хлапчукі і дзяўчаты прыходзілі і запісваліся ў спартыўныя секцыі.

— А як знайсці сваё і не памыліцца? Што ты сказаў бы маладым людзям, якія яшчэ не вызначыліся са сваім жыццёвым шляхам?

— Гэта вельмі складаны выбар. Цяпер існуюць шматлікія тэсты на схільнасць да таго ці іншага спартыўнага кірунку. А парада ў мяне такая: не баяцца ісці наперад, прымаць самастойныя рашэнні. Паверце ў сябе, і ўсё ў вас атрымаецца.

— Дзякуй, Антон, за цікавую гутарку. Спадзяюся, што твае словы натхняць чытачоў на новыя здзяйсненні.

Паразмаўляўшы з біятланістам, можна зрабіць самую галоўную выснову: не бойцеся штосьці мяняць у сваім жыцці, смела запісвайцеся ў секцыі і гурткі. Але памятайце, што спорт — гэта не толькі прыгожае жыццё з падарожжамі, перамогамі і славай. У першую чаргу, ён — самаахвярнасць, адданасць і ўпартая праца. Калі ёсць гэтыя тры кампаненты, будуць і тры папярэднія.

Яму 22. І ён хутчэйшы за стралу. У прыярытэце ў яго — розум, талент і настойлівасць. За плячыма чэмпіянаты свету і Еўропы. Яму скарыліся нават Алімпійскія гульні, на якіх ён выступаў. У чым сакрэт поспеху Антона Смольскага? У імкненні да перамогі ён робіць тысячу спроб. І я ўпэўненая, што тысяча першая, пераможная для яго, наступіць зусім хутка.

Алёна КУХАРАВА, выпускніца 11 класа Васькавіцкай СШ Слаўгарадскага раёна

Фота Дзяніса Касцючэнкі

Пра аўтара

— Мне 17 гадоў, і я патрыётка. Жыццёвая пазіцыя: адданая роднаму слову і роднай краіне. З чацвёртага класа бяру ўдзел у алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, нават дасягнула пэўных поспехаў, — расказвае пра сябе аўтарка. — Я сябе лічу актыўным спартыўным аматарам. Сярод маіх любімых відаў — біятлон, фрыстайл і фігурнае катанне. Хварэю, зразумела, заўсёды толькі за спартсменаў-беларусаў. Яшчэ вельмі люблю падарожнічаць, мару аб'ехаць усю Еўропу. Наведаць краіны, у якіх яшчэ не была, мне ўжо тры гады дапамагае посткросінг. Яшчэ я захапляюся гісторыяй роднай краіны, мару паўдзельнічаць у археалагічнай экспедыцыі. Смела магу назваць сябе чалавекам актыўным і няўрымслівым.

Застаецца толькі дадаць, што Алёна збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі.


Загаловак у газеце: Лёс быць біятланістам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.