Вы тут

Ад пераплёту да ярлыка


Найвыдатнейшым помнікам кніжнай культуры прысвечаная кніга, што летась пабачыла свет у сталічным выдавецтве «Беларуская навука». «Кірылічныя выданні XVI стагоддзя з калекцыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» — другое выданне каталога, які дае выдатную магчымасць для даследаванняў гісторыі і кнігавыдання ў прыватнасці: храналагічная структура працы дазваляе прасачыць развіццё кніжнай вытворчасці ў XVI стагоддзі.


Каталог утрымлівае навуковае апісанне 25 экзэмпляраў 20 кірылічных выданняў, сярод якіх — Евангелле (Масква, 1558/1559), Псалтыр (Вільня, 1576), Біблія (Астрог, 1581), Апостал (Вільня, пасля 1595), Мінея агульная (Масква, 1600) і інш. Гэтыя кнігі пабачылі свет у друкарнях Вільні, Заблудава, Астрога, Масквы і пераважна былі прызначаны для богаслужэння. Кожны экзэмпляр паўстае перад чытачом як частка аднаго цэлага — старадрукаванай кнігі, якая цудам дайшла да нас. Безумоўна, ёсць магчымасць вывучаць апісанне старадрукаў, якія валодаюць нейкімі агульнымі прыкметамі, а таксама кожную кнігу як помнік кнігадрукавання з унікальнымі асаблівасцямі.

Адметнасць працы ў тым, што пры апісанні кожнага экзэмпляра прыведзена інфармацыя пра яго цэласнасць, захаванасць. Так, можна дазнацца, колькі ў таго ці іншага выдання пашкоджанняў, страчана лістоў ці іх фрагментаў, а таксама ці ёсць дадаткова прыплеценыя лісты і парушэнні ў паслядоўнасці старонак у працэсе рэстаўрацыі. У раздзеле «Устаўкі і папаўненні» прыводзяцца рукапісныя тэксты, якія папаўняюць страчаныя фрагменты арыгінала. Дадзена нават характарыстыка паперы ўставак і яе датаванне. Увогуле тэме паперы нададзена вялікая ўвага: асноўныя прыкметы ручной вытворчасці — вадзяныя знакі — разгледжаны ў адпаведнасці з іх разнавіднасцямі і варыянтамі.

Унікальная частка каталога — апісанне непаўторных асаблівасцяў таго ці іншага экзэмпляра, напрыклад, запісаў, чытацкіх памет, пячатак, штампаў, кніжных ярлыкоў. Такія прыметы дазваляюць прасачыць гісторыю існавання выдання, у тым ліку даведацца пра яго былых уладальнікаў. Асаблівасць калекцыі ЦНБ НАН Беларусі — у прысутнасці вялікай колькасці экзэмпляраў з дапаўненнямі і ўстаўкамі, якія маюцца ў 18 з 25 кніг.

Найбольш поўнае ўяўленне пра структуру праекта і яго асобных блокаў дае прадмова, дзе асаблівая ўвага ўдзелена методыцы складання фінгерпрынту (група знакаў, атрыманых паслядоўна з пэўных старонак і радкоў тэксту кнігі і прызначаных для ідэнтыфікацыі выдання), якая раней не ўжывалася ў беларускіх каталогах, але можа стаць неад’емным элементам навуковага адлюстравання.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.