Звон адразу ў пяці храмах — адна з многіх акцый у рамках свята харавой музыкі «Славянскі дабравест». Гэта новы праект «Славянскага базару ў Віцебску». Унікальны звон пачулі дзясяткі тысяч людзей, якія знаходзіліся ў цэнтры фестывальнага горада.
Дарэчы, сёння ж стала вядома, што свята можа стаць традыцыйным.
Ініцыятарам яго правядзення стала дырэкцыя форуму мастацтваў, а глава Беларускага экзархата мітрапаліт Павел і архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый падтрымалі нечаканую прапанову.
Як распавялі арганізатары, сёлета ў свяце бяруць удзел толькі прадстаўнікі Беларусі.
А ў наступным годзе чакаюць удзельнікаў з Расіі, Арменіі і Грузіі, іншых краін.
Сярод хароў-удзельнікаў — мужчынскі Віцебскай духоўнай семінарыі, жаночы ансамбль аддзела адукацыі Віцебскай епархіі БПЦ, святочны хор Кафедральнага сабора горада Маладзечна і іншыя.
Асноўныя мерапрыемствы свята разгортваюцца ў самым вялікім віцебскім праваслаўным храме — Свята-Успенскім кафедральным саборы. Там, між іншым, і адбылася ганаровая цырымонія адкрыцця фестывалю ў фестывалі.
Прэс-сакратар Віцебскай праваслаўнай епархіі протаіерэй Андрэй Смольскі лічыць, што людзі ў горадзе, які ў гэтыя дні нагадвае біблейскі Вавілон, захочуць пачуць нешта для супакаення душы, чалавеку часта неабходна духоўнае акармленне... І нярэдка ў гэтыя дні ў цэнтры Віцебска можна ў храмах убачыць вельмі вядомых асоб. Дарэчы, многія зоркі раней ахвяравалі на аднаўленне і будаўніцтва храмаў.
Першы прарэктар Віцебскай духоўнай семінарыі протаіерэй Канстанцін Ізафатаў упэўнены, што свята зойме сваю годную нішу ў шматграннай палітры фестывальных падзей.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?