Вы тут

На прыёме да старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанкі разглядалі пытанні па арганізацыі збору малака


Не так даўно на прыём да старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанкі, які ён праводзіў у Мядзеле, запісалася жанчына наконт арганізацыі збору малака. Папярэдне да яе выехалі спецыялісты, каб разабрацца ў сітуацыі. Жанчыну чакалі на прыёме, але яна не з'явілася.


Фота Анатоля Клешчука.

Сутнасць пытання растлумачыў начальнік Нарачанскага вытворчага ўчастка адкрытага акцыянернага таварыства «Маладзечанскі малочны камбінат» Сяргей КРУГЛІК:

—У грамадзянкі ўзнік канфлікт з індывідуальным прадпрымальнікам, які збіраў малако ў насельніцтва і адмовіўся яго прымаць у гэтай жанчыны. Справа ў тым, што прадукцыя не адпавядала ні санітарным, ні ветэрынарным нормам, ні фізічным параметрам, ні чысціні, ні тэмпературы. І ён меў рацыю. Але ў адказ гаспадыня адрэагавала эмацыянальна і запатрабавала, каб малако забіраў малочны камбінат. Мы стварылі камісію і выехалі на месца, прыхапіўшы з сабой асобны бітон. Замералі тэмпературу малака — паказала 17,4 градуса па Цэльсію, пры дапушчальнай да 10 градусаў. Малако было забруджана фізічнымі часцінкамі.

Мы папрасілі працадзіць яго ў нашай прысутнасці. Спадарыня не знайшла для гэтага нічога лепшага за брудную кашулю. Паколькі па астатніх параметрах малако падыходзіла, пайшлі на ўступкі, вылілі яго ў асобную ёмістасць і прывезлі на прадпрыемства, дзе дадаткова прафільтравалі, ахаладзілі і пусцілі ў перапрацоўку.

На наступны дзень замеры паказалі, што тэмпература малака 18,4 градуса, яно зноў бруднае. Камісія не ўзяла з сабой асобнай тары, бо думала, што гаспадыня адрэагавала на заўвагі і выправіць усе недахопы. Вядома, такую прадукцыю не мог забраць і малакавоз, каб не сапсаваць тое, што знаходзілася ў бочцы. Мы склалі акт, які падпісалі ўсе члены камісіі і ўладальніца кароў.

Трэці раз тэмпература малака была ўжо 24 градусы, яго шчыльнасць і колькасць саматычных клетак значна перавышалі норму. Натуральна, малако мы не прынялі і растлумачылі здатчыцы, што камісія не можа кожны дзень выязджаць на месца па яе патрабаванні — гэта аднімае не толькі шмат часу, але і фінансаў. Гаспадыня сказала, што не пакіне проста так справу і будзе скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі. У яе тры каровы, дзве з якіх патрабуюць належнага догляду. Вынікі актаў, фотаздымкі мы перадалі ў райвыканкам і звярнуліся ў санітарную службу раёна, каб дапамаглі навесці парадак у гэтым пытанні, — канстатаваў Сяргей Яўгенавіч.

— Усяго ў нашым раёне ў асабістых падсобных гаспадарках налічваецца 422 каровы. На першае студзеня 2018-га іх было 500. За год мінус склаў 78 галоў, — уступае ў размову старшыня Мядзельскага раённага Савета дэпутатаў Алег БАРОЎКА. — Летась з асабістых падворкаў грамадзян закуплена 1045 тон малака. За май, які лічыцца месяцам вялікага малака, гэты паказчык — на ўзроўні 86 тон. У нас складзены маршруты збору малака ў насельніцтва. Спецмашыны не абмінаюць ні адзін населены пункт, нават тыя, дзе трымаюць усяго адну рагулю.

Як адзначыў Алег Алегавіч, калі-нікалі ўзнікаюць і спрэчныя моманты з прыёмкай малака. Галоўны — наяўнасць антыбіётыкаў. Гэта і зразумела: жывёла часам хварэе, і яе даводзіцца «калоць».

«Мы, вядома, бракуем гэтую партыю, уводзім каранцін, праводзім з людзьмі прафілактычныя гутаркі. Малако з прыватных гаспадарак збіраецца круглы год. Зімой прасцей, у летнюю спякоту яго трэба хутчэй прыняць і даставіць на перапрацоўку — да якасці малака прад'яўляюцца жорсткія патрабаванні. Мы стараемся давесці людзям, што ў сельвыканкамаў адна з імі мэта — харчовая бяспека прадуктаў. І калі адзін нядобрасумленны здатчык бухне бітон некандыцыйнага малака ў агульнае, то падвядзе і суседа, і жыхароў раёна, што трымаюць жывёлу.

У прыватных асоб, якія зарэгістраваны індывідуальнымі прадпрымальнікамі і нанятыя філіялам Маладзечанскага камбіната на работу, таксама ёсць зацікаўленасць сабраць як мага больш малака адпаведнай якасці і своечасова даставіць на завод. Ад гэтага залежаць іх заробкі, надбаўкі. У той жа час шмат затрат цягне асабісты транспарт, які трэба абслугоўваць, рамантаваць.

Калі раней сельсаветы займаліся пытаннямі забеспячэння жыхароў кармамі для свойскай жывёлы, пашамі, то цяпер іх роля памянялася. Яны выконваюць, так бы мовіць, ролю трацейскага суддзі пры спрэчных момантах. Ну і вядома, заахвочваюць уласнікаў прыватных падворкаў трымаць больш жывёлы. «Кожны год лепшыя малаказдатчыкі на раённым злёце перадавікоў узнагароджваюцца грашовымі прэміямі. У мясцовых сродках масавай інфармацыі расказваем пра іх, прапагандуем вопыт тых, хто найбольш здаў і сабраў ад насельніцтва малака. А таксама паказваем іх праблемы і як яны вырашаюцца», — кажа Алег Алегавіч.

Догляд за хатняй жывёлай паўсюдна лічыцца цяжкай працай. Апраўдваецца яна матэрыяльна або не, кожны лічыць па-свойму. У прыватнасці, за літр малака дзяржава плаціць 48 капеек. Калі чалавек штодня, напрыклад, здае па 20 літраў, то нескладана падлічыць, што за месяц можа атрымаць каля трохсот рублёў, за тры «малочныя» месяцы — каля 900 рублёў. Для кагосьці гэта значная прыбаўка да сямейнага бюджэту. На думку іншых, такія даходы не апраўдваюць фізічных намаганняў і клопатаў. Лепш купіць малочныя прадукты ў краме.

Дадам, што доля паступлення малака ў філіял Маладзечанскага камбіната ад насельніцтва складае 8 % ад агульнай колькасці.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Карова ў двары — прыбытак у сям'і

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.