Вы тут

Перыяд паўраспаду


Экалагічна свядомае пакаленне толькі падрастае. Што будзе рабіцца на нашай зямлі, пакуль яно вырасце?


На мінулыя выхадныя разбіралі старую паветку, якая за зіму пахілілася і лягла на зямлю. Не хочаш, але мусіш — давялося разбіраць, выцягваючы на свет божы ўсякую трасцу: перапрэлую салому, бітую цэглу, ржавае жалеза, шкляныя бутэлькі ад поснага масла (памятаеце, здавалі іх рэдка, бо было не дамыцца), рыззё, што калісьці было адзежай, кавалкі цэлафану — яго было асабліва шмат, пэўна, калісьці склалі ў паветку рэшткі вялікага парніка. І што характэрна — праляжаўшы гадоў дваццаць у вільготным асяроддзі, ён зусім не папсаваўся. «Які ж у яго тады перыяд распаду?» — з цікавасцю пыталіся адно ў аднаго, выцягваючы з-пад друзу чаговы брудны, але зусім не пашкоджаны кавалак.

«Ад ста да двухсот гадоў, паўраспаду, адпаведна, ад пяцідзесяці да ста», — ласкава падказаў падключаны да інтэрнэту смартфон. «Нічога сабе!» — уздыхнулі мы і пачалі складваць «доўгайграючыя» адходы ў асобны мяшок, каб пасля выкінуць у кантэйнер для пластыку. Дапамагалі нават малыя — падымалі з зямлі невялікія кавалкі. Рабілі гэта свядома — ім расказалі непрыдуманую гісторыю пра кошку Дусю, якая аднойчы наелася цэлафанавых шкурак ад сасісак і назаўтра здохла. Дзеці вельмі ўразіліся і сабралі смецце да самага дробнага шматка. А калі вясковая цётка, пацікавіўшыся з вуліцы, што мы робім, махнула рукой: маўляў, глупствам займаецеся, растрэслі б той цэлафан па полі ці ў кучу з травой выкінулі, наша Маруся з папрокам ёй адказала: «Ты што, бабуля! Яго ж можа птушачка ці мышка з'есці і памерці»...

Старога пластыку мы напакавалі пад завязку цэлы вялікі мяшок для смецця. (А яшчэ асобна склалі мех шкла ды мех старых ануч, жалеза таксама сабралі ў адну кучу). Усё гэта трэба будзе завезці ды ўпарадкаваць: штосьці здаць у прыёмны пункт, штосьці выкінуць у адмысловы кантэйнер. Разважаючы, як гэта лацвей зрабіць — ці ў багажніку машыны, ці ўсё ж выклікаць брата з трактарам, міжволі заўважылі, што яшчэ гадоў дваццаць, а мо й дзесяць таму такім пытаннем і не задаваўся б ніхто — перавезлі б на каламажцы гэта барахло на рэчку за агародамі, як рабілі спрадвеку ўсе, дый забыліся б. Берагі там топкія — крыніцы паўсюль, ад смецця праз год і знаку не засталося б. Але сёння каб і хацеў — няма як: там, дзе былі калісь зялёныя паплаўкі, зараз твань ды крапіва, дый ступаць нават у гумовых ботах небяспечна — мала таго, што праваліцца можаш, дык паўсюль жа на невялікай глыбіні аскепкі шкла ды бляшанкі, якія нашы бабулі сюды з чыстым сэрцам выкідалі і нам так рабіць наказвалі...

Мы на самай справе яшчэ робім першыя крокі ў плане экалагічнай адукаванасці. Тыя, каму сёння сорак плюс, — можна сказаць, першае пакаленне, якое, прычым ужо ў сталым узросце, пачало ўсведамляць наступствы смеццевага бясчынства. І то, шчыра кажучы, далёка не ўсе. Нашы ж бацькі ў большасці сваёй увогуле не разумеюць, навошта тое смецце сартаваць. І вясковая пажылая цётка, якая глядзела на нас як на дурняў, якім рабіць няма чаго, — карціна тыповая. Бо яна абсалютна шчыра перакананая: навошта дабаўляць сабе клопату, шукаючы спецыяльны кантэйнер (а што казаць пра вяскоўцаў, якія нярэдка таго кантэйнера і ў вочы не бачаць), калі пластык можна спаліць (падумаеш, дым смярдзючы, ці мала паскудства ў гэтым свеце робіцца), а бітае шкло ці шыфер выкінуць на ўзлеску пад куст ці ў яр (кустоў ды канаў вакол вунь колькі, а смецця — усяго мяшэчак). І як пераканаць яе і ёй падобных, што так рабіць нельга? Ёсць спадзяванне, што нашы дзеці дзякуючы школьнаму выхаванню, нашаму прыкладу ды расповедам пра коцікаў ды птушачак будуць больш свядомыя. Але ж, каб змянілася адно пакаленне, патрэбна дваццаць гадоў. Уявіце, што будзе рабіцца на нашай зямлі праз дваццаць гадоў, калі нешта не зменім ужо сёння.

Нездарма гэту тэму закрануў нядаўна падчас паездкі ў Іўе Прэзідэнт, калі казаў і пра неабходнасць адмовы ад пластыкавых пакетаў і посуду, і пра вытворчасць экалагічных драўляных шклопакетаў. Несумненна, словы кіраўніка дзяржавы будуць успрынятыя як заклік да дзеяння і прамыслоўцамі, і гандлёвымі аб'ектамі. Але ці пачулі іх і — галоўнае — ці зразумелі правільна самі людзі, асабліва старэйшага ўзросту? Бо тыя ж пластыкавыя шклопакеты сталі звычайнымі нават для вясковых хат, і каму ты што давядзеш, калі гэта «цёпла, дзёшава і красіва»? А цэлафанавыя пакеты — увогуле пра што размова? Ну, валяецца некалькі старых на агародзе — заарэцца, ды і ўсёй бяды, а калі дзе на беразе ці ў лесе пад дрэвамі — праз пару гадоў травой зарасце. Сто, а то й болей гадоў, кажаце, там праляжыць? А якая мне да таго бяда? Хай ляжыць...

Пакуль што выглядае ўсе менавіта так. Зменіцца нешта толькі тады, калі тыя ж драўляныя вокны будуць каштаваць не больш за пластыкавыя (а з чаго яны павінны каштаваць больш, калі робяцца са свайго лесу?), калі ў магазінах замест пластыкавых бясплатных пакетаў з'явяцца таксама бясплатныя (трывалыя!) папяровыя, а замест пакетаў-«маек» па 80 капеек — палатняныя сумкі (але, выбачайце, не па пяць рублёў, як сёння), калі для пластыкавых бутэлек установяць тараматы (ці хоць бы кантэйнеры — паўсюль, а не выбарачна), калі будзе выпрацавана і пачне дзейнічаць дакладная сістэма штрафаў і заахвочванняў. Вось тады і можна будзе разважаць пра экалагічную свядомасць насельніцтва.

Бо гэта пяцігадовую дзяўчынку можна ўразіць гісторыяй пра памерлага ад смецця коціка. Яе бабулі, каб яна змяніла свае адносіны да экалогіі, трэба прад'явіць штосьці больш грунтоўнае і пераканаўчае.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.