Вы тут

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт


— Для заняткаў паркурам падыдзе любое месца. Бывае, прагульваемся па вуліцы і заўважаем круты завулак. Тады спыняемся і пачынаем трэніроўку, — кажа адна з маіх суразмоўніц Караліна АРУЦЮНЯН, дваццацідвухгадовы майстар спорту і трэнер па спартыўнай гімнастыцы. Разам з сяброўкай і калегай Вікторыяй МІХАЙЛАВАЙ, таксама майстрам спорту, яны ўжо два гады з'яўляюцца адзінымі дзяўчатамі-паркуршчыцамі ў Беларусі. Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова. Аднойчы кампанія знаёмых прапанавала дзяўчатам паглядзець, чым яны займаюцца. І панеслася...


Фота Юрыя Кастарова

— Калі хлопцы толькі пачыналі займацца паркурам, не было столькі інфармацыі, колькі цяпер, таму вучыліся самастойна, без падтрымкі трэнераў. Здымалі свае трэніроўкі на камеру, аналізавалі і выпраўлялі памылкі інтуітыўна, — кажа Караліна. — Першыя трэніроўкі мы праводзілі ў экстрым-парку на сталічнай вуліцы Сталетава. З Каралінай назіралі за хлопцамі, запаміналі базу, а пасля самі спрабавалі выконваць розныя трукі і звязкі. Нам спадабалася, што была маральная і фізічная падтрымка з боку хлопцаў, часта чулі ад іх падбадзёрванне. Дарэчы, адзін з тых трэйсераў (паркуршчыкаў. — Аўт.) — мой малады чалавек, — усміхаецца Вікторыя.

— А сёння паркур папулярны сярод моладзі? — пытаюся ў дзяўчат.

— Людзей, якія актыўна ім займаюцца, у Беларусі няшмат, амаль усе адзін аднаго ведаюць. Накірункам цікавяцца многія, але няма фінансавай падтрымкі. Для любога спартсмена важна ўдзельнічаць у розных спаборніцтвах, а ў нас яны праводзяцца толькі два разы ў год — вясной і восенню. Зразумела, мы з задавальненнем выступаем на іх, але хочацца большага, — дзеліцца Караліна.

— Для тых, хто займаецца паркурам, няма розніцы, дзе трэніравацца: на вуліцы або ў зале. Аднак у памяшканні можна толькі адпрацоўваць трукі, там мяккія маты і не страшна, калі што, падаць, а пасля — толькі вуліца і асфальт. На свежым паветры ёсць раздолле для фантазіі — рабі што хочаш. Мы імкнёмся не займацца на адной пляцоўцы пастаянна — усюды розныя бардзюры, борцікі, асфальт, гэта ж цікава! — лічыць Вікторыя.

Суразмоўніцы падзяліліся, што спорт іх суправаджае з маленства.

— З сямі да васямнаццаці гадоў я займалася спартыўнай гімнастыкай, пасля — лёгкай атлетыкай. Цяпер увесь вольны час адводжу трэніроўкам па паркуры, — кажа Караліна.

— А я з сямі гадоў пачала займацца спартыўнай гімнастыкай, пасля акрабатыкай. Калі пераехала ў Мінск з Маладзечна, была ўпэўнена, што з мяне хопіць, не хачу нічым займацца. Але прайшло некалькі месяцаў, — стала сумна, пачала шукаць нешта актыўнае і цікавае. Знайшла сябе ў чэрлідынгу і ў кікбоксінгу. Ездзіла на чэмпіянаты міра, чэмпіянаты Еўропы, але сумяшчаць гэта з работай і паркурам аказалася цяжка, таму сышла з чэрлідынгу. Цяпер, калі ёсць настрой і вольны час, займаюся паркурам, а ў асноўным рыхтуюся да чэмпіянату свету па кікбоксінгу, які пройдзе ў лістападзе, — працягвае Вікторыя.

Як вам такія скачкі?

Як праходзяць трэніроўкі па паркуры? Дзяўчаты гавораць, што галоўнае — мець добры настрой. Ніякіх джынсаў і чаравікаў — толькі спартыўная форма і якасны абутак, каб не траўміравацца. А яшчэ паркуршчыцам дастаткова ўбачыць лесвіцу, борцік або бардзюр, каб імгненна пачаць пераадольваць перашкоду.

— Знаходзіцца ў добрай фізічнай форме і пазбягаць пераломаў дапамагаюць фізічныя нагрузкі. Я, напрыклад, перыядычна наведваю трэнажорную залу. Таксама для любога спартсмена важна збалансаванае харчаванне, але ў нас няма мэты пахудзець, таму і абмежаванняў таксама не маем, — кажа Караліна.

— Перыядычна чую, што паркур — небяспечны кірунак, але так можна казаць пра што заўгодна! Калі падыходзіць да трэніровак з цвярозым разумам, то ніякіх сур'ёзных траўмаў не будзе, — упэўнена Вікторыя.

Пытаюся, ці бывае няёмка дзяўчатам на трэніроўках у кампаніі хлопцаў...

— Сарамлівасць не сыходзіць, але калі ўзровень падрыхтоўкі павышаецца, упэўненасці ў сабе становіцца больш. Хлопцы заўсёды нас падтрымліваюць, іншым часам занадта, — з усмешкай гаворыць Караліна.

— Страхаў таксама хапае, але мы канцэнтруемся толькі на тым, што нам патрэбна. Напрыклад, я вельмі баюся вышыні, а ў паркуры яна ўсюды. Таму проста не думаю пра гэта, гавару сабе: «Ты з усім справішся». Дарэчы, у нас з Каралінай розныя падыходы да трэніроўкі: калі яна хвалюецца, пачынае бегаць вакол пляцоўкі кругамі, я наадварот — стаю нерухома на адным месцы, — дадае Вікторыя.

Суразмоўніцы дзеляцца, што знаёмыя і некаторыя сябры лічаць іх хобі нечым дзіўным — маўляў, як дзяўчыны могуць прыгаць па сценах, круціцца на галаве і выконваць цяжкія трукі нароўні з хлопцамі? Часам бывае і негатыўная рэакцыя ад навакольных людзей:

— На кожнай трэніроўцы да нас хтосьці падыходзіць і гаворыць непрыемныя словы. А мы не разумеем, навошта псаваць нам настрой, мы ж нікога не чапаем, нічога дрэннага не робім, калі перашкаджаем руху іншых — спыняемся, чакаем, пакуль усе пройдуць. Часта чуем выказванні кшталту: «Ты ж зараз разаб'ешся», — гэта збівае з правільных думак і пакідае дрэнныя. Нашы бацькі ведаюць, чым мы займаемся, яны звыкліся, што мы заўсёды чымсьці захопленыя, — расказваюць спартсменкі.

Дзяўчаты прызнаюцца, што з трэніровак звычайна вылазяць толькі ўначы.

Караліна Аруцюнян

— Мы ўсё сумяшчаем з паркурам. Прагулкі, кіно, экскурсіі — гэта адбываецца дзесьці паміж трэніроўкамі, можам з раніцы да вечара скакаць і не заўважыць, як праляцеў час. Ідэальны варыянт на будучыню для нас — трэніравацца суткамі напралёт і зарабляць на гэтым грошы, — кажа Караліна.

— Мы ўпёртыя і мэтанакіраваныя — гэта нам дапамагае. Паркур не трымае побач з сабою ленаватых, і крута тое, што ў ім няма межаў. Калі ў нас штосьці не выходзіць — злуёмся, але ніколі не плачам, — працягвае Вікторыя.

Цікава, чым больш за ўсё прыцягвае Караліну і Вікторыю маладзёжны вулічны від спорту?

— Паркур — гэта свабода ў рухах і ў думках. Тут ёсць толькі адно правіла — заставацца сабою, шукаць свой стыль і адметнасць. Зразумела, што на пачатковым этапе ўсе штосьці ў кагосьці пераймаюць, але з цягам часу павінна з'яўляцца індывідуальнасць. Цяпер мы як гімнасткі амаль заўсёды адчуваем, як правільна выконваць звязкі і трукі, а як лепш не рабіць, — расказвае Караліна.

— Аднак так было не заўсёды. Спачатку былі памылкі, ад якіх цяжка пазбавіцца: нацянутыя насочкі ног, прамое цела... у паркуры ж наадворот, мы гнуткія, рухі — натуральныя, — дадае Вікторыя.

— У ім шмат кірункаў. Які вам бліжэйшы? — пытаюся ў дзяўчат.

— Мне больш падабаецца «speedrun» — калі рухі ацэньваюцца на хуткасць, а Віцы фрыстайл — аўтарская звязка элементаў (калі ты сам выбіраеш, у якім стылі рухацца і што паказваць. — Аўт.). Дарэчы, гэтай вясной у сталіцы мы ўпершыню прынялі ўдзел у спаборніцтвах па паркуры — «Street Gamez». Нерваваліся, але ўсё прайшло вельмі ўдала, — менавіта па гэтых кірунках сталі найлепшымі, хоць саперніц было няшмат, — гаворыць Караліна.

— Амаль усе спартсмены — перфекцыяністы. Мы не любім паўтарацца, вывучаем новыя элементы падчас кожнай сустрэчы. Таксама сочым за вядомымі спартсменамі, іх поспехамі ў сацсетках, бяром штосьці на заметку. Спадзяёмся, у далейшым мы таксама прымем удзел у маштабных спаборніцтвах, — падагульняе Вікторыя.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архіваў гераінь

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.