Вы тут

«Бярозавы лісток», «зорка», «грабяні», «блудны крыж»


Яшчэ ў ХVI—XVII стагоддзях своеасаблівымі цэнтрамі ткацтва на Капыльшчыне былі мястэчкі Семежава, Цімкавічы, вёскі Чырвоная Дубрава, Лешня, Ванялевічы, Гулевічы, Быстрыца, Праснакі. Тут нарадзілася цэлая плеяда майстроў мастацкага вырабу тканін, якія стваралі свае адметныя ўзоры.


 Прынамсі, у Семежаве ткалі прыгожыя арнаментаваныя рэчы — бела-чырвоныя закладныя ручнікі, якія сталі яркай з’явай у народным мастацтве Беларусі. Для іх аздаблення выкарыстоўвалі карпатлівую ручную тэхніку закладнога ткацтва, якая нагадвала спрошчаны варыянт шпалернага ткання. Закладным арнаментам упрыгожвалі канцы ручнікоў-набожнікаў, беражкі святочных абрусаў, надзежнікі.

Ручнікі масава вырабляліся ў Семежаве і суседніх вёсках амаль да сярэдзіны XX стагоддзя. Асобныя майстры працягвалі гэтую справу і далей. Адметнасць мясцовых вырабаў — у строгім чырвона-белым каларыце і сілуэтным характары нескладанага па абрысе, але вельмі выразнага геаметрычнага, геаметрызаванага расліннага і зааморфнага арнаменту, упарадкаванага ў бардзюрныя кампазіцыі.

— З часам склаўся адметны арсенал семежаўскіх матываў закладнога ткацтва — даволі буйных лаканічных фігур са ступеньчатым контурам, — распавяла дырэктар Капыльскага раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава, якая сем гадоў узначальвае гэтую ўнікальную ўстанову. — Кожны з матываў атрымаў мясцовую назву: «касіца», «бярозавы лісток», «шпорка», «распорка», «зорка», «лупач», «шурпа», «малаты», «грабяні», «блудны крыж», «матыльчыкі», «парогі», «касяк» і інш. На семежаўскіх ручніках сустракаюцца і такія матывы, як «арол» і «арловы ножкі», запазычаныя з папулярных у пачатку XX стагоддзя ручнікоў, вырабленых у тэхніцы адмысловага ручнога перабору на ткацкіх мануфактурах у мястэчку Кралявец (Украіна).

У другой палове XX стагоддзя ручное ткацтва ўзорных тканін пачало саступаць месца фабрычным тканінам. Але мясцовыя ткачыхі працягвалі займацца спадчынным рамяством: некаторыя майстрыхі з Семежава працавалі надомніцамі ад Слуцкай фабрыкі мастацкіх вырабаў (Вольга Шыкуць, Валянціна Кіеня, Марыя Пілат, Марыя Клыга) і ад Мінскай (Марыя Падневіч, Вера Казадой, Вера Падневіч, Марыя Галоцік), ткалі таксама і для ўласных патрэб.

Рамяство было пад пагрозай знікнення. Амаль адсутнічала прамая перадача рамяства: ад матулі — дачцэ, ад бабулі — унучцы. Росквіт пачаўся з 1996 года, калі ў раёне па ўзгадненні з упраўленнем культуры Мінскага аблвыканкама была прынята доўгатэрміновая мэтавая праграма па адраджэнні і развіцці народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў, перадачы майстэрства маладому пакаленню. Ужо ў кастрычніку была адкрыта хата-майстэрня ў в. Праснакі, дзе збіраліся маладыя жанчыны, каб навучыцца майстэрству.

— У наступным годзе прайшоў з’езд ткачых, на які сабралася больш як 60 майстроў і навучэнцаў, — працягвае Таццяна Волкава. — Месцам сустрэчы абралі Семежава, бо менавіта тут пражывала палова майстроў. У 2000-м капыльскія ткачыхі ўжо бралі ўдзел у I абласным свяце-конкурсе «Матчыны кросны» ў Старых Дарогах, дзе з 5 намінацый, прадстаўленых на конкурс, сталі лаўрэатамі ў дзвюх.

Прадаўжальнікам добрай традыцыі стала свята «Матчын ручнік», якое штогод праходзіла ў раёне да 2003 года. Цяпер раз у тры гады ладзіцца рэгіянальнае святаконкурс па ткацтве «Млечны шлях ад рук бабулі».

У 2005 годзе ў Семежаве пачаў працаваць раённы Цэнтр ткацтва. З аднаго боку, гэта музей, дзе можна пазнаёміцца з гісторыяй ткацтва на Капыльшчыне, з другога боку — майстэрня. Але ж самае галоўнае — існуе пераемнасць ткацкай справы. У 2010 годзе ў межах рэалізацыі сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні» пры фінансавай падтрымцы гэтых арганізацый на базе Цэнтра ткацтва ў аграгарадку Семежава ўзнікла «Школа ткачоў», дзе юнае пакаленне з задавальненнем асвойвае ткацкую справу. У тым жа годзе элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыя закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў в. Семежава Капыльскага раёна» была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Напрыканцы 2016 года на базе Цэнтра ткацтва пачала працаваць школьная бізнес-кампанія «Семежаўскія ўзоры», дзе вучні 10-11 класаў авалодваюць не толькі ткацкім рамяством, але і займаюцца выпускам сувеніраў.

Сёння на Капыльшчыне жыве і працуе восем народных майстроў Беларусі: шэсць у Семежаве — Валянціна Кіеня, Вера Нікалаевіч, Вольга Мацкевіч, Зінаіда Кравец, Марыя Астапеня і Таццяна Волкава, у вёсцы Праснакі — Валянціна Гладкая, у вёсцы Лешня — Ніна Гарашчэня. Такім чынам, ткацтва ўзорных тканін жыве, развіваецца і мае адметных ды старанных прадаўжальнікаў!

Раіса МАРЧУК

Фота Таццяны ВОЛКАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.