Вы тут

​75 елак высаджаны на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец»


Акцыя стала данінай памяці больш за 200 тысячам чалавек, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941-1944 гадах у Трасцянецкім лагеры смерці.


У мерапрыемстве ўзялі ўдзел супрацоўнікі Цэнтральнага апарата Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам с прадстаўнікамі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Адміністрацыяй Завадскога раёна г. Мінска. 75 маладых елак, высаджаных падчас акцыі, дапоўнілі своеасаблівую хваёвую алею, што размяшчаецца на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу на перакрыжаванні вуліц Сяліцкага і Шабаны.

– Акцыі ў рамках глабальнай кампаніі «Добраўпарадкуем малую радзіму!» праходзяць для таго, каб уцягнуць як мага больш насельніцтва ў працу па навядзенні парадку – упарадкаванне двара, вуліцы, мікрараёна, раёна і ў цэлым нашай краіны, – адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК. – Зялёныя гарады – гэта перш за ўсё чыстае атмасфернае паветра. Таму мы імкнёмся зрабіць так, каб пры высокай урбанізацыі людзі маглі дакрануцца да прыроды.

Далучыліся да акцыі на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

– На гэтым месцы мы штогод высаджваем дрэвы, займаемся ўборкай прылеглай тэрыторыі, як мінімум два-тры разы вясной і восенню бяром удзел у такіх мерапрыемствах, – расказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Аўтазавадской выбарчай акрузе Валерый КУРСЕВІЧ. – Гэта знакавае месца для ўсяго свету. Вельмі шмат тут загінула людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Неабходна ўвекавечыць памяць пра гэта, падтрымліваць гэты комплекс у парадку. Для мяне гэта важна не толькі як для дэпутата Парламента, але і проста як грамадзяніна.


З 12 кастрычніка па 2 лістапада 2019 года ў глабальнай экалагічнай кампаніі «Добраўпарадкуем малую радзіму!» больш за 3000 працаўнікоў сістэмы Мінпрыроды зробяць свой унёсак у азеляненне краіны і высадзяць каля 30000 маладых дрэў (дубы, ліпы, бярозы, туі, елі) і больш за 1300 кустоў. Акцыі будуць праходзіць кожную суботу да 2 лістапада (уключна) у буйных населеных пунктах усіх абласцей краіны. Далучыцца да добрых спраў можа кожны. Для гэтага патрэбна падаць заяўку на ўдзел у акцыі на адрас электроннай пошты, пазначанай на сайтах абласных камітэтаў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

– Мы запрашаем усіх грамадзян, якія адносяцца з разуменнем да аховы навакольнага асяроддзя, выйсці і пасадзіць як мінімум адно дрэва ці куст у сваім горадзе ці вёсцы, двары ці вуліцы, – сказаў Андрэй Худык.

Міністр таксама падкрэсліў, што сёння робіцца ўсё магчымае, каб высаджаныя дрэвы прыжываліся і выконвалі свае функцыі. Дрэвы патрэбна не толькі паліваць, даглядаць іх, але і ахоўваць. А для гэтага неабходна ўсё больш і больш працаваць з насельніцтвам, весці выхаваўчую, асветніцкую, адукацыйную работу ў вобласці аховы навакольнага асяроддзя. Разам з навукоўцамі эколагі працуюць над тым, каб саджаць дрэвы ў тым біялагічным развіцці, у якім яны будуць лепш прыжывацца, выбраць правільнае месца для іх пасадкі і іншае.

Мэта глабальнай экалагічнай кампаніі «Добраўпарадкуем малую радзіму!» – унёсак кожнага ў добраўпарадкаванне раёна, жылога двара, найбліжэйшага парку ці сквера, вадаёма. Гэта можа быць пасадка дрэў ці хмызнякоў, фарбаванне агароджы і лавак, уборка смецця. Дадзеная кампанія ўключана ў Рэспубліканскую праграму мерапрыемстваў па правядзенні ў Беларусі 2018-2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.