Вы тут

Куды прывялі нас незабыўныя пахі студэнцкага жыцця


Фантастычныя, ап'яняльныя, апетытныя, яны прывялі нас у інтэрнат БДУ № 7 на «Кулінарны конкурс», арганізатарам якога традыцыйна з'яўляецца Студэнцкі гарадок. За тытул сапраўдных майстроў кухні прыйшлі пазмагацца восем камандаў інтэрнатаў вядучай ВНУ. Кожная старалася раскрыць тэму гастранамічнага паядынку «Дамашняя кухня», расказаць пра сямейныя традыцыі, а таксама сардэчна прыняць гасцей ды здзівіць сервіроўкай стала і падачай страў.

Адзінай складанасцю было абавязковае выкарыстанне аднолькавага базавага набору прадуктаў: свініна, бульба, цыбуля, морква, курыныя яйкі, сыр, свежыя памідоры, маянэз. Яшчэ дзейнічала абмежаванне па часе — дзве гадзіны. Толькі прыгажун-пірог з начыннем можна было прыгатаваць загадзя. У каго ў выніку атрымалася лепш за ўсіх?


...Спачатку водар прывёў нас да гаспадынь з сёмага інтэрната. Па актыўных дзеяннях адразу было відаць: настрой — баявы, дзяўчаты «запраграмаваныя» на перамогу. Ды і не дзіўна: кухню ж яны прадстаўляюць не простую, а каралеўскую! Але ж як ёй навучыцца? Адна з удзельніц падчас гатавання паспела расказаць: «У мяне вялікая сям'я. Мама працуе дапазна, а тата вельмі любіць смачна паесці. Таму я іх часам выратоўвала».

Каманда з інтэрната № 6 вырашыла падысці да тэмы з невідавочнага боку. «Дамашняя, дом... Белы дом!» — пакруцілі яны словы, і пачалі гатаваць прыём у традыцыях ЗША. Успомнілі: калісьці прэзідэнт Дональд Трамп падаў гасцям стравы хуткага прыгатавання, фастфуд — бургеры, бульбу фры, курыныя нагетсы... Студэнты не згодныя са стэрэатыпам, што ён — шкодны для здароўя. Па сутнасці, гатавалі ж яны па-нашаму: смажылі бульбу, цыбульныя кольцы, корн-дог (сасіскі ў паніроўцы)... Усё тое, што робяць дома.

...Пакуль кухары змагаліся з плітамі і духоўкамі, іх групы падтрымкі прадстаўлялі творчыя нумары на сцэне. Прастора актавай залы напоўнілася беларускімі песнямі, танцамі з народнымі матывамі, сцэнкамі, жартамі і смехам. Пабывалі госці нават на грузінскім вяселлі! «Кухарачкі» зладзілі інтэрактыўную «Званую вячэру». Яны запрашалі гасцей да адмысловай скрыні, куды трэба было засунуць рукі і навобмацак адгадаць, што за прадукты туды паклалі.

У творчай абароне зноў вылучыўся інтэрнат прымаючага боку. Нездарма іх каманда назвалася «Classіc muZіk — не праглыні язык», дзе спалучыліся намёк на смачныя стравы і класіку мінулых вякоў. У выкшталцоных сукенках і камзолах (якія, як прызналіся, шылі самі), яны прадэманстравалі бальны танец з іранічнымі песнямі пад жывую скрыпічную музыку, чым і сарвалі бурныя авацыі. А пасля пачалі тонка жангліраваць гастранамічнымі жартамі ў духу размоў XІX стагоддзя.

— Мама́, мама́, мне так падабаецца масье багет, але ён не звяртае на мяне ўвагі. Водзіцца толькі са сваімі фрыкадэлькамі!

— Запомні: шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік, але можна і зрэзаць — праз печань!


— Масье маянэз, масье маянэз?

— Гэты гуляка ад'ехаў у Правансаль разам з аліўе.

— Не вешайце мне локшыны на вушы, масье Вермішэль!

...Пад канец праграмы ўсё мацней адчуваліся дзівосныя пахі прыгатаваных страў. Чаго толькі не бачылі вочы ў той вечар! Ні адзін рэстаран так бы не здзівіў, як студэнты БДУ. Бужаніна з бульбай па-вясковаму, свініна з гароднінай, тарталеткі з курыцай і грыбамі, брускеты з мяккім сырам і памідорамі... А каманда «11 грузін» цалкам апраўдала сваю назву і прэзентавала мяса ў гаршчэчках, сацыві з курыцы, хачапуры па-аджарску.

Мабыць, вы ўжо здагадаліся, што жыхары «сямёркі» заслужана перамаглі, бо змаглі здзівіць журы па ўсіх пунктах. Адзначыла камісія таксама каманды — «Весялуху» з інтэрната № 1 і «11 грузін» з інтэрната № 11, якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна.

Напрыканцы ўсе ахвотныя змаглі ўпэўніцца ў аб'ектыўнасці суддзяў і самі пакаштаваць стравы. Такім прыемным акордам завяршыўся цудоўны вечар.

Юлія АДАМОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: О, гэтыя незабыўныя пахі студэнцкага жыцця!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.