Вы тут

Гімназія № 41 здзіўляе парадаксальным спалучэннем ухілаў


Гісторыю 41-й мінскай гімназіі я чула фрагментамі ад розных людзей: былых вучняў, іх бацькоў, настаўнікаў, якія тут працуюць, і ад дачкі галоўнага героя майго аповеду. Уласна, аповед — не мой. Маё — толькі вельмі моцнае ўражанне ад усяго, што я чула, бачыла і, галоўным чынам, прачула.


Да школы як інстытуцыі стаўлюся яшчэ са школьных гадоў з пяшчотай, і за паўстагоддзя яна не страцілася, толькі ўмацавалася. Праўда, павінна прызнацца, акрамя маёй звычайнай агульнаадукацыйнай, але высакакласнай школы, усе астатнія былі спецыялізаваныя: ліцэі і гімназіі, дзе давялося працаваць. Дзесяць гадоў Ліцэя БДУ, любімага мной, распесцілі найвышэйшым узроўнем вучняў, настаўнікаў і пачуццём адзінай сям’і.

Гімназія № 41 здзіўляе парадаксальным спалучэннем ухілаў. Вы калі-небудзь чулі пра мастацка-матэматычную адукацыю? Каб на адной тэрыторыі па-сяброўску жылі будучыя матэматыкі і мастакі, а агульныя прадметы ім чыталі адны і тыя ж настаўнікі? А тут — так! У маёй свядомасці дзве гэтыя магутныя хвалі навукі і мастацтва, вядома, падзяліліся.

Пачну я з той, у якой нараджаецца залаты фонд будучай навукі. Даўно няма спрэчкі аб фізіках і лірыках, а мясцовыя матэматыкі гэта даказваюць усім сваім існаваннем.

Каля вытокаў гуманізацыі матэматыкаў тут доўгія гады стаяў дзіўны чалавек — Валянцін Хаімавіч Сярэбраны. Сёння гімназія носіць яго імя. Сказаць пра яго «настаўнік» — нічога не сказаць. Сказаць пра яго «матэматык», у якога была практычна 100% паступляльнасць у ВНУ, а з 2000 па 2006 гады вучні В. Сярэбранага, удзельнікі міжнародных матэматычных алімпіяд, прывезлі 2 бронзавыя, 3 сярэбраныя і адзін залаты медалі з Паўднёвай Карэі, ЗША, Грэцыі, Мексікі, Славакіі — таксама сказаць не ўсё. Гэты чалавек быў стваральнікам, творцам жыцця і лёсу сваіх вучняў. Рабіў ён гэта лёгка і глыбока адначасова, артыстычна і ў той жа час вельмі натуральна.

«Сэрца настаўніка большае, чым жыццё, у ім змяшчаюцца ўсе, і яшчэ застаецца месца, а жыццё, на жаль, заканчваецца». «Кожную справу трэба рабіць як самую любімую». «І кожны вучань павінен адчуваць сябе самым любімым, а значыць — і самым разумным». Гэта некалькі краевугольных камянёў мноства пастулатаў з жыцця і працы Валянціна Сярэбранага, на якіх трымалася яго педагогіка. Ён вучыў матэматыкаў, а гадаваў асобы. І шляхоў для гэтага ў яго было безліч.

На гэты алтар Валянцін Хаімавіч прыносіў шматлікія інтарэсы, здольнасці, веды і ўменні. Ён быў аўтарам сцэнарыяў вечароў, КВЗ, капуснікаў, вершаў і гімна гімназіі, непасрэдным удзельнікам паходаў, канцэртаў, танцавальных конкурсаў, экскурсій, падарожжаў, у тым ліку замежных. Ён уцягваў ва ўсё гэта бацькоў, апекаваўся жыццём вучняў больш, чым сваім, кідаўся на дапамогу ў складаных жыццёвых абставінах. Быў вялікім, усеагульным татам, сябрам, дарадцам, проста любімым чалавекам.

Яго энергетыка і маральная моц, сапраўдны мужчынскі характар і абсалютная надзейнасць дзіўна спалучаліся з надзвычайнай тонкасцю, далікатнасцю, пачуццём такту.

Валявы, здаровы, моцны, прыгожы чалавек, поўны планаў, ён правяраў у настаўніцкай запаветныя сшыткі «для душы». Яны служылі вучням узнагародай, бонусам за любоў да матэматыкі, магчымасцю выканаць дадатковае заданне.

...Праз гадзіну павінен быў пачацца бацькоўскі сход, але ён на яго не прыйшоў... Раптам яго вялікае сэрца спынілася. Яго не стала 21 лістапада 2006 года.

Мы апусцім, як разрыў гэтай бомбы ўдарыў па яго вучнях, іх бацьках, калегах. Праз два гады адна з мам (С. Пахучая) прапанавала прысвоіць гімназіі імя Валянціна Сярэбранага. Ініцыятыву горача падтрымалі калегі, а асабліва дырэктар школы матэматык В. Понтус. Яна разам з дацэнтам БДУ Б. Камраковым і выкладчыкам БДУ Л. Лаўрыновіч былі паплечнікамі В. Сярэбранага ва ўсіх школьных справах.

Трэба аддаць належнае сям’і В. Сярэбранага — удаве, матэматыку, аднадумцу і сябру Вользе Хрысанфаўне і дачцэ Ліі, дацэнту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Яны правялі вялікую працу па зборы матэрыялаў і стварэнні мемарыяльнага музейнага кутка, прысвечанага В. Х. Сярэбранаму.

У экспазіцыі — фота, успаміны сяброў, вучняў, нумары газеты «Смешна сказаць», ініцыятарам, аўтарам і нязменным рэдактарам якой ён быў, кніга «Не дзеля смеху», выдадзеная літаратурным аб’яднаннем, у якое ён уваходзіў, кніга яго вершаў для дзяцей «Шукаю сябе», большая частка асабістай фізіка-матэматычнай бібліятэкі і, нарэшце, фільм пра жыццё В. Х. Сярэбранага, сабраны па фота і відэаздымках розных гадоў.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што падмурак, закладзены В. Сярэбраным, і высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў па гэты дзень атрымліваюць сусветнае прызнанне. З 2007 па 2017 гады гімназістамі было заваявана 3 залатыя, 10 сярэбраных і 7 бронзавых медалёў у 11 краінах свету.

Я сапраўды здзівілася, што сёння, у наш жорсткі час, можна так беражліва і пяшчотна захоўваць памяць і павагу да сапраўды годнага чалавека. Але яшчэ я пераканалася, што вакол цуду-чалавека могуць адбывацца цуды.

Як мы памятаем, у гэтай выдатнай гімназіі ёсць другая палова. Скажу шчыра, для мяне — першая: мастацкая. І тут, здавалася б, павінна быць усё заканамерна, без цудаў. Стандартныя прадметы для мастацкага ўхілу, дзеці — усе геніі, як водзіцца ў нашага брата-мастака, настаўнікі са спецыяльнай адукацыяй — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Усе выкладчыкі гэтых ВНУ — добра знаёмыя мне мастакі, бясспрэчныя прафесіяналы. Адпаведна, настаўнікі гімназіі, іх выпускнікі — добра падрыхтаваныя педагогі. Гэтая інфармацыя афіцыйная, але мінімальная, таму што тое, што я паспела ўбачыць, зразумець і адчуць, палягае ў крыху іншай плоскасці.

Дзяцей тут вучаць цалкам апантаныя прафесіяй, творчыя, неардынарныя людзі. Дзякуй богу, можна пачаць адразу з кіраўнікоў. Далёка не заўсёды адміністрацыя глыбока разумее і шануе крэатыўны пачатак сваіх падначаленых. Але тут гэта, на шчасце, так. Дырэктар, філосаф па адукацыі, Марыянна Скакун і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце архітэктурна-мастацкага кірунку мастак Вольга Карповіч падтрымліваюць ініцыятывы настаўнікаў.

Калі б я трапіла ў гэты музей на парашуце, не праходзячы гімназічныя дзверы з традыцыйнай шыльдай, і апынулася ў этнаграфічным музеі Беларусі ХХ стагоддзя «Святлавіт», то, удзельнічаючы ў самым вялікім конкурсе з самым вялікім прызавым фондам, не здагадалася б, што гэта музей усяго толькі ў гімназіі. Забягаючы наперад, скажу: ён годны самых прэстыжных і цэнтральных пляцовак сталіцы, бо дае сур’ёзнае ўяўленне аб матэрыяльнай культуры Беларусі ХХ стагоддзя.

Эстэтычнае развіццё, мастацкія схільнасці вучняў рэалізоўваюцца тут не толькі класічнымі праграмнымі формамі, але і неспецыфічнай выдатнай і шматграннай музейнай працай. Гэта цэлы пласт сумесных намаганняў мастакоў-настаўнікаў і вучняў. На стварэнне і развіццё музея накіравана разнапланавая дзейнасць: пошук экспанатаў у экспедыцыях, іх вывучэнне і спробы атрыбуцыі, стварэнне ўласных работ у розных відах народнай дэкаратыўна-прыкладнай творчасці.

І, вядома, не бывае неапантаных «музейшчыкаў» і людзей мастацтва. Тут самаахвярнай любоўю да дзяцей, творчасці, музейнай справы літаральна свецяцца настаўнікі. Гэта і сябра секцыі адукацыйнай галіны «Мастацтва» рэспубліканскай навукова-метадычнай нарады Вольга Карповіч, і аўтар і распрацоўшчык праграмы па ткацтве, загадчык кабінета, які пасля і перарос у музей, Наталля Канановіч.

Музей этнакультуры Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя адкрылі 4 кастрычніка 2005 года. У яго калекцыі 246 экспанатаў керамікі, дрэва, ткацтва (посцілкі, ручнікі, паясы), бондарства, вышыўкі, металу, хатняй маёмасці, прадметаў вясковага і гарадскога побыту.

У музеі ёсць свае рарытэты. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў — куфар з Агоўскім роспісам 1950 года з вёскі Морач Клецкага раёна, самыя старыя — латуневы бязмен 1863 года з Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці і вілкі 1880 года, асабліва любімы — чыгунок, зроблены са снарада. Усё гэта сабрана ў невялікім памяшканні ў адзінай суцэльнай экспазіцыі музея і прадстаўлена прафесійна, з мастацкім густам і пачуццём меры.

Як у кожным музеі, які сябе паважае, тут ладзяцца экскурсіі, дарэчы, на беларускай і рускай мовах. У кіраўніка музея мастака А. Людчык цікавыя і арыгінальныя музейна-настаўніцкія заняткі. У межах тыднёвага гімназічнага color-марафону колерам дня стаў белы. І ў гэты дзень (беларускай мовы) паглыблена вывучалі семантыку белага ў народнай творчасці і яго адлюстраванне ў побыце.

У дзень рускай і беларускай літаратуры заняткі былі прысвечаны хлебу, абрадам, звязаным з ім і ў цэлым — вобразу хлеба. Завяршылася гэтая падзея смачным сюрпрызам — хлебам, спечаным А. Людчык для пяціклашак-удзельнікаў. Любое пачынанне ў гэтым музеі заўсёды накіравана на захаванне традыцый і падтрымку наватарства.

Тут таксама не абыходзіцца без бацькоў. У прыватнасці, аўтара і выканаўцы касцюміраванага фотапраекта па фільме «А золкі тут ціхія» Вікторыі Шувалавай. Таксама ўражвае самастойная творчая работа выпускніка гімназіі, а цяпер студэнта Акадэміі мастацтваў Алега Каліценя — галерэя з сямі жывапісных партрэтаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Выключна дакладна перададзены характэрныя рысы, індывідуальнасць у кожным вобразе.

Лейтматывам дзейнасці ўсіх напрамкаў, як блізкіх, так і дыяметральна працілеглых, гучыць дзіўная апантанасць настаўнікаў прафесіяй у цэлым і справай, якую робяць тут і цяпер, у прыватнасці. Гэта ўласціва не толькі легендарнаму матэматыку Валянціну Сярэбранаму, але і прадстаўнікам гуманітарных прадметаў.

Мне давялося назіраць, як філолаг Н. Басіч бясконца прыдумляе літаратурныя вынаходствы і хітрыкі, як віртуозна рэалізуе іх у шматлікіх тэматычных вечарынах вялізнага дыяпазону: ад Цютчава да Булгакава. Як яна вядзе свой няспынны дыялог з літаратурнымі героямі, з вучнямі, у які міжволі ўцягваюцца тыя, хто апынаецца побач.

Вядома, з гімназіі выйдуць не толькі Лабачэўскія і Платонавы, Рэмбранты і Малевічы, але тое, што яна ўзбагаціць генафонд краіны нашага часу інтэлектуаламі і духоўна напоўненымі людзьмі, не выклікае сумневу.

Шчаслівага табе творчага шляху з выдатнага мінулага ў «выдатнае далёкае», 41-я!

Ларыса ФІНКЕЛЬШТЭЙН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.