Вы тут

Як кніжніцам упарадкаваць гіперрэальнасць лічбавага свету?


Прыйсці сюды і напаткаць цішыню сёння не атрымаецца. Даўно аджыла старая мадэль, калі тут проста захоўваюцца кніжныя скарбы.


Кафедра бібліятэказнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры (загадчык Уладзімір Акуліч), канец 1990-х гг.

Сучасная бібліятэка прымае ўсё новыя выклікі лічбавай эпохі, лавіруючы ў шматаспектнасці інфармацыйных рэсурсаў, канкурыруючы з інтэрнэтам. Кніжніца сёння — новае вымярэнне, дзе пануе лічба і медыятэхналогіі, што і вызначае яе далейшы шлях развіцця. Тым не менш не спыняюцца спрэчкі наконт жыццяздольнасці бібліятэкі ў будучыні. У фокусе ўвагі сусветнай бібліятэчнай суполкі — праблемы адпаведнасці кампетэнтнасці бібліятэчна-інфармацыйных спецыялістаў патрабаванням інфармацыйнага грамадства. Факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый (былы бібліятэчны факультэт) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў не ўбаку ад гэтых працэсаў: вось ужо 75 гадоў найстарэйшы факультэт у нашай краіне вядзе рэй у бібліятэчнай справе. Адкрыты ў 1944 годзе на базе Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, факультэт стаў падмуркам, на якім выбудоўвалася вышэйшая бібліятэчная адукацыя Беларусі. І, што адметна, менавіта на базе бібліятэчнага факультэта ў 1975 годзе быў адкрыты Мінскі інстытут культуры. Маючы доўгую гісторыю і багатыя традыцыі, на факультэце акумулююць досвед пакаленняў, якім неабыякавы лёс прафесіі бібліятэкара. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Бібліятэкі і музеі ў сучасным і сацыякультурным асяроддзі: зберажэнне традыцый і перспектывы развіцця», прысвечаная 75-годдзю факультэта, — істотны крок у вызначэнні будучага амплуа кніжніцы і задач сучаснага бібліятэкара.

Да актуальных кампетэнцый

Яны ведаюць методыкі фарміравання медыйнай культуры, прагназуюць рынак электронных прадуктаў і паслуг, аналізуюць масівы інфармацыі, выбіраюць аптымальныя формы яе прадстаўлення — менавіта такіх спецыялістаў рыхтуюць на факультэце інфармацыйнадакументных камунікацый БДУКМ.

— Улічваючы, што патрабаванні да ведаў і ўменняў спецыялістаў бібліятэчна-інфармацыйнай сферы ў эпоху лічбавых тэхналогій спазнаюць значную трансфармацыю, выкладчыкі факультэта сумесна са спецыялістамі-практыкамі вызначаюць кола актуальных кампетэнцый, неабходных выпускнікам спецыяльнасці, — адзначыла дэкан факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКМ Юлія Галкоўская.

За час існавання факультэта было падрыхтавана больш чым 16  тысяч спецыялістаў для бібліятэчнай і музейнай справы краіны. Цяпер на факультэце навучаецца 240 студэнтаў, з іх 171 — па спецыяльнасці «Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць» (конкурс у гэтым годзе склаў 2,2 чалавекі на месца — спецыяльнасць карысталася попытам).

— Нас аб’ядноўвае не толькі дзелавое партнёрства — мы сябруем, — заўважыла дэкан бібліятэчна-інфармацыйнага факультэта Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута культуры Валянціна Брэжнева. — І многае звязвае: і традыцыі рэцэнзавання манаграфій, апаніравання дысертацый, і арганізацыя вытворчай практыкі. Спадзяёмся, што ў далейшым гэта перарасце ў сапраўдную акадэмічную мабільнасць.

Аўтарытэт бібліятэчнай альма-матар у розныя часы стваралі такія карыфеі, як Іосіф Сіманоўскі (першы дэкан бібліятэчнага факультэта), Мікалай Талкачоў, Аляксандр Галуза, Васіль Лявончыкаў, Лілія Дзямешка, Ніна Ляйко, Тамара Чаплыгіна, Любоў Даніленка, Соф’я Паўлава, Мікалай Яцэвіч, Раман Матульскі...

Гаспадары — мабільныя прылады

Будучыня, пра якую хваляваліся бібліятэкары, наступіла: для насельніцтва планеты асноўным каналам атрымання інфармацыі стаў інтэрнэт, засведчыла падчас канферэнцыі Наталля Волкава, загадчык Цэнтра бібліятэчна-інфармацыйных тэхналогій Краснадарскай краёвай навуковай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна (Расія). Пашырылася камунікацыйная прастора, з’явіліся больш эфектыўныя спосабы ўзаемадзеяння з чытачамі. (На сёння сукупная сетка бібліятэк Рэспублікі Беларусь уключае каля 7,2 тысячы публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным аб’ёмам фонду звыш 180 млн экзэмпляраў.) Па дадзеных справаздачы пра стан глабальнай галіны digital, якую падрыхтавала агенцтва We Are Social і агенцтва Hootsuite, 57% насельніцтва планеты — інтэрнэт-карыстальнікі, і амаль усе яны, 52%, выходзяць у інтэрнэт праз мабільныя прылады. Бібліятэкі не могуць ігнараваць гэта, пераканана Наталля Волкава. Таму зразумелыя намаганні кніжніц, якія ці ствараюць мабільную версію свайго сайта, ці адаптуюць яго такім чынам, каб сайт быў зручны для чытання з прылад з невялікім дысплеем. Многія кніжніцы задумаліся аб стварэнні асабістых мабільных дадаткаў: яны могуць працаваць без доступу ў інтэрнэт. Такім чынам, мабільны дадатак — новы карысны сэрвіс кніжніцы. Так, напрыклад, дадатак «eRSL» Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі — гэта мабільная версія пошукавіка, у якім ёсць доступ да бібліяграфічных апісанняў і зместаў алічбаваных дакументаў. Галоўнае, чаго чакаюць сёння карыстальнікі кніжніц, — магчымасць атрымліваць электронныя дакументы акурат сабе на прыладу. Ці не гэта найбліжэйшы шлях развіцця? Карыстальнік прыносіць сваю прыладу, а кніжніца забяспечвае выдачу крыніц у выглядзе камп’ютарных файлаў.

Перспектыўны камунікацыйны асяродак для бібліятэк, як і для любых арганізацый, брэндаў, зацікаўленых у прыцягванні карыстальнікаў, — асяродак сацыяльных медыя, лічыць Наталля Волкава. Сацыяльныя сеткі — не проста віртуальная афіша, месца для самапрэзентацыі, але і своеасаблівы кліенцкі сэрвіс. Такім чынам, аптымальны шлях кніжніцы — прадастаўляць свае інфармацыйныя паслугі ў зручным і камфортным для карыстальніка фармаце. Карыснымі сталі майстар-класы Валянціны Брэжневай, доктара педагагічных навук, прафесара, дэкана бібліятэчна-інфармацыйнага факультэта Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага інстытута культуры, а таксама Вольгі Барысавай, доктара педагагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці Арлоўскага дзяржаўнага інстытута культуры. Упершыню на факультэт завітала спецыяліст у сферы бібліятэчнай адукацыі з ЗША Сара Дзювал і падзялілася сваімі ведамі ў майстар-класах.

З досведам іфла

Глабалізацыя патрабуе новыя падыходы да бібліятэчна-інфармацыйнай адукацыі, і гэта задача міжнароднага маштабу. Важныя ініцыятывы па развіцці бібліятэчнай прафесіі ўкараняе Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (ІФЛА). У жніўні ў Афінах (Грэцыя) праходзіў Сусветны бібліятэчны і інфармацыйны кангрэс — 85-я штогадовая Генеральная асамблея ІФЛА, якая ў гэтым годзе была прысвечана тэме «Бібліятэкі: дыялог для перамен». На падагульняльнай канферэнцыі прынята «Стратэгія ІФЛА на 2019—2024 гады» — вынік праекта «Глабальнае бачанне». Сучасны свет мяняецца намнога хутчэй, чым раней: атакуюць фэйкавыя навіны, інфармацыйныя войны. Ці могуць бібліятэкары паўздзейнічаць на ход гэтых падзей? Прынамсі, ніякім чынам не павінны іх ігнараваць, гаворыцца ў стратэгіі ІФЛА.

Бібліятэчная карта свету Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый сведчыць, што Беларусь знаходзіццца на 7-м месцы па колькасці бібліятэк на 1 млн жыхароў сярод 90 краін свету, якія прадставілі свае статыстычныя звесткі ў ІФЛА.

У чэрвені прадстаўнікі рабочай групы па стварэнні сістэмы моцнай бібліятэчна-інфармацыйнай адукацыі (Building Strong LIS Education BSLISE) ІФЛА звярнуліся да Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі (ББА) з прапановай прыняць удзел у даследаванні ацэнкі стандартаў якасці бібліятэчна-інфармацыйных навучальных праграм і магчымасці іх узгаднення з Глабальным бачаннем ІФЛА. Анкета з пытаннямі была адрасавана старшыні ББА Іне Юрык, а адказы ўзгадняліся з дэканам ФІДК БДУКМ Юліяй Галкоўскай. Такім чынам, зроблены першы крок па ўключэнні беларускай бібліятэчнай суполкі ў праект BSLISE ІФЛА.

Хітрасці постпостмадэрну

Дырэктар НББ Раман Матульскі ўручае ўзнагароду дэкану факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКМ Юліі Галкоўскай. Фота аўтара

Новае захлынае. З’яўляюцца прагрэсіўныя электронныя прылады для чытання і друку, але гэта толькі знешнія перамены. Вастрэй стаіць неабходнасць аналізу ўнутраных працэсаў. Сучасная бібліятэчная справа патрабуе асэнсавання цяперашняй кніжніцы ў кантэксце постпостмадэрну, выказвае меркаванне Марыям Арпенцьева, доктар псіхалагічных навук, дацэнт, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі прыродазнаўства, прафесар кафедры псіхалогіі і развіцця адукацыі Калужскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя К. Э. Цыялкоўскага (Расія). На яе думку, постмадэрн унёс у работу сучасных бібліятэк істотную дэзарганізацыю і мноства праблем, вырашэнне шматлікіх з якіх звязана з фарміраваннем «лічбавай культуры» (медыякультуры). Паняцце постпостмадэрнізму даследчыкі атаясамліваюць з «лічбамадэрнізмам» — магчымасцю пераадолення постмадэрнісцкай множнасці і сімуляцый. Навідавоку гіперрэальнасць лічбавага свету, існаванне самаарганізаваных віртуальных сістэм, панаванне медыякультуры. Бібліятэка становіцца месцам карэкцыі медыякультуры, менавіта ў кніжніцы магчыма прывесці ў парадак рэальнасць. «Бібліятэка — месца і час адукацыі і самаадукацыі, (рэ)трансляцыі і ўзнаўлення культуры, у тым ліку месца і час “контрнаратыўных імпрынтынгаў” культурных каштоўнасцяў, — адзначае Марыям Арпенцьева. — Пазачасавы характар бібліятэкі, як і яе пазапрасторавасць, праяўляюцца як канструктыўныя феномены захоўвання чалавечага вопыту. Кніжніца можа стаць асновай укаранення зноў створаных праграм “неаімпрынтынгалогіі”, новай культуры разумення сябе і свету ў дыялогу з іншым». У сучасным свеце, свеце пераходу ад пост-мадэрну да постпостмадэрну (метамадэрну) назіраецца супярэчная шматаспектная і шматузроўневая інтэграцыя-дэзінтэграцыя мадэляў адукацыі, іх тэхналогій і ідэалогій: фарміруецца запыт на пошук новых універсалій і ўзнаўленне старых, лічыць навуковец.

І швец, і жнец…

Межы прафесіі бібліятэкара ў наш час ўсё больш размываюцца, на чым сышліся даследчыкі падчас абмеркавання праблемы на секцыях канферэнцыі. Назіраецца збліжэнне бібліятэчнай дзейнасці з іншымі прафесіямі інфармацыйнага профілю, пастаянна пашыраюцца функцыі бібліятэкара. Ён ператвараецца ў кансультанта, арганізатара, бо бібліятэка функцыянуе не сама па сабе, лічыць Зоя Русак, дацэнт кафедры бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці Чалябінскага дзяржаўнага інстытута культуры (Расія): «Ад прафесійнага ўзроўню супрацоўнікаў залежыць не толькі аблічча бібліятэк у будучыні, але і тое, ці будзе кніжніца ў будучыні ўвогуле». Вольга Барысава, доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык кафедры бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці Арлоўскага дзяржаўнага інстытута культуры (Расія), лічыць, што ў кніжніцы — аптымістычная будучыня, бо бібліятэкі і бібліятэчная прафесія існавалі заўсёды: пры розных гістарычных паваротах і нават пры змене цывілізацый. Аднак пытанне «Ці мае прафесія будучыню?» мае сваю падаплёку: «Цяпер у прафесійнам асяроддзі ёсць два палярныя меркаванні: 1) бібліятэка будзе існаваць заўсёды і 2) са з’яўленнем інтэрнэту бібліятэкі ціха адамруць. З апошнім я цалкам не згодна. Камп’ютарызацыя, інтэрнэт на Захадзе, у Амерыцы, Еўропе з’явіліся намнога раней, чым у нас. І там біблія-тэкі здолелі своечасова перастроіцца і існуюць у новым для сябе асяроддзі. Калі ў 1898 годзе браты Люм’ер — заснавальнікі кінематаграфіі — прадставілі на суд публікі свае так званыя жывыя карціны — правобраз будучага кінематографа, — таксама пачалі многія прадракаць: маўляў, тэатр адамрэ; навошта тэатр, калі з’явіўся кінематограф? Лічу, што ў нас сітуацыя такая ж. Але, як бачым, тэатр не памёр, наадварот: кінематограф перажываў складаныя часы, калі ў кінатэатры не хадзілі. А цяпер паспяхова суіснуюць і канкурыруюць і кінематограф, і тэатр у розных формах. Так і бібліятэкі: будуць суіснаваць і з інтэрнэтам, і з іншымі культурнымі ўстановамі. Проста цяпер мы знаходзімся ў складанай сітуацыі і павінны знайсці сваю нішу ў прафесіі».

Бібліятэцы патрэбны спецыяліст з маркетынгавым мысленнем, які валодае майстэрствам прадастаўлення інфармацыі. Гарантыя поспеху сучаснай бібліятэкі — здольнасць здзіўляць. І гэтая якасць становіцца асноўным матывам дзейнасці кніжніцы. Многія бібліятэчныя спецыялісты даўно зразумелі, што шлях выжывання — гэта перафарматаванне кніжніцы з месца выдачы і захоўвання кніг у тэрыторыю зносін. Ва ўмовах гіганцкага аб’ёму інфармацыі кніжніцы выступаюць у якасці сацыяльнага фактару, які стабілізуе грамадства і забяспечвае інфармацыйную бяспеку і ўстойлівасць. Асабліва калі светам кіруе віртуальная рэальнасць, няспынна канкурыруючы з традыцыйнай. Сувязным звяном і трэба стаць кніжніцы.

Наталля СВЯТЛОВА

Загаловак у газеце: Вымярэнне для медыякультуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.