Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


Рыбка дапамагла вярнуць заручальны пярсцёнак

У англійскім горадзе Пензанс, графства Корнуал, дробная марская рыба дапамагла мужчыну знайсці страчаны заручальны пярсцёнак, паведамляе газета Thе Соrnіshmаn.

Зусім нядаўна 44-гадовы Дэн Левін плаваў у моры. Мужчына прызнаўся, што звычайна перад заплывам здымае пярсцёнак, аднак гэтым разам забыўся тое зрабіць. Ён праплыў каля 400 метраў і на беразе выявіў, што ўпрыгажэнне з пальца прапала. «Я размясціў у сацсетках пост і папрасіў мясцовых жыхароў вярнуць мне пярсцёнак, калі ён выпадкова трапіцца ім падчас рыбалкі, — расказвае Левін. — Я перажываў, таму што Уна (жонка) сама распрацавала дызайн пярсцёнка. Калі я сказаў ёй пра страту, яна таксама засумавала».

На наступны дзень сужэнцы Гары і Эма Спайрс гулялі па мысе і пачулі як на паверхні плёскалася маленькая рыбка. «Гары ўбачыў пад невялікім выступам пярсцёнак, які зіхацеў пад вадой, — кажа Левін. — Ён мог і не заўважыць яго, калі б не рыбка». Гары размясціў фатаграфію знаходкі ў групе страчаных рэчаў. Сябры Дэна ўбачылі публікацыю і расказалі яму. Як высветлілася, Спайрс быў бацькам сяброў Левіна і яго жонкі. «Дзякую ўсім, хто падзяліўся маім паведамленнем у сябе на старонцы, а таксама Гары, Эмі і маленькай рыбцы», — сказаў на заканчэнне брытанец.

Вясельны танец... у пяць кіламетраў

У аўстралійскім горадзе Ньюкасл, штат Новы Паўднёвы Уэльс, жаніх і нявеста замянілі вясельны танец пяцікіламетровай прабежкай, паведамляе газета Bіrmіnghаm Mаіl.

Луіза і Уіл Гарднер пазнаёміліся ў 2015 годзе на трэніроўцы ў мясцовым бегавым клубе. Да таго моманту мужчына знаходзіўся ў адносінах, а жанчына разводзілася з мужам. Паўтара года пара проста сябравала. Мужчына адзначыў, што іх аб'ядналі сумесныя прабежкі.

Аўстраліец прапанаваў Луізе пажаніцца ў 2018 годзе падчас сумеснага адпачынку. «Мы хацелі аб'яднаць нашу любоў да бегу, сяброў і сям'ю, — расказвае Уіл. — Менавіта бег звёў нас, і мы хацелі, каб ён прысутнічаў на вяселлі. Мы вырашылі адмовіцца ад вясельнага танца, а замест гэтага зладзіць забег», — адзначыў жаніх. Вяселле адбылося а сёмай раніцы, гасцей папрасілі на ўрачыстасць апрануцца ў спартыўным стылі. Пасля цырымоніі шлюбу муж і жонка накіраваліся на пяцікіламетровы забег разам з 622 людзьмі, якія рэгулярна трэніраваліся раніцай. Пасля забегу жаніх і нявеста зладзілі для гасцей святочны сняданак у парку. Закаханыя прызналіся, што на арганізацыю вяселля выдаткавалі ўсяго 2,1 тысячы фунтаў стэрлінгаў.

Турысты палезуць у клеткі

У Нацыянальным парку ПАР устанавілі клеткі для турыстаў, якія дазволяць ім паблізу сфатаграфаваць дзікіх жывёл, паведамляе Thе Sun.

Аўтары ідэі — дабрачынная арганізацыя GG Соnsеrvаtіоn — запусцілі «атракцыён» з мэтай прыцягнення сродкаў дзеля догляду за львамі, якія спачатку ўтрымліваліся ў няволі. «Мы вырашылі, што калі б у нас тут былі спецыяльныя прафесійныя клеткі, мы маглі б прыцягнуць больш фатографаў», — растлумачыла валанцёрка Сюзана. Яна таксама дадала, што самі жывёлы з цікаўнасцю аглядаюць клеткі і часам заскокваюць на іх па ўласным жаданні, і ў гэты час падарожнік, які знаходзіцца ўнутры, можа зрабіць фатаграфіі з незвычайных ракурсаў. Праўда, патрэбна мець даволі добрыя нервы і вытрымку.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.