Вы тут

Асаблівасці супрацоўніцтва



З удзелам часопіса “Маладосць”


Асаблівасці супрацоўніцтва

IV міжнародны навукова-адукацыйны форум маладых перакладчыкаў «Моўная асоба і пераклад» праходзіць 21 і 22 лістапада на факультэце сацыякультурных камунікацый БДУ. Арганізатар форума — кафедра тэорыі і практыкі перакладу названага факультэта. Удзельнікі прадстаўляюць сямнаццаць арганізацый Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Украіны і Польшчы, з іх трынаццаць устаноў вышэйшай адукацыі, а таксама перакладчыкі-прадпрымальнікі і перакладчыкі-фрылансеры. З дакладам «Асаблівасці супрацоўніцтва літаратурна-мастацкага выдання з факультэтамі і кафедрамі, якія рыхтуюць перакладчыкаў» прадстаўлены на ім часопіс «Маладосць».

Форум, арганізаваны для будучых лінгвістаў-перакладчыкаў

Форум адкрылі вітальнымі словамі дэкан факультэта Сяргей Важнік, загадчык кафедры Дзяніс Полаўцаў і непасрэдны каардынатар і мадэратар мерапрыемства старшы выкладчык кафедры Ала Шапавалава. І трэба сказаць адразу, адкінуўшы ўсялякі афіцыёз, што было гэта вельмі нетрывіяльна, не шаблонна, не фармальна, а душэўна, шчыра, жыва, кранальна — так, як заўсёды хочацца, каб было, так, як і павінна быць, хоць не заўсёды бывае. Іншымі словамі, можна зайздросціць студэнтам, якія вучацца пад такім кіраўніцтвам.

Сяргей Важнік узбадзёрыў аўдыторыю, нечакана зладзіўшы пераклічку. Знайшліся, пацвердзіўшы сваю прысутнасць, госці — студэнты і выкладчыкі — з Калінінграда (Балтыйскі ўніверсітэт імя Канта), Санкт-Пецярбурга (гідраметэаралагічны), Растова-на-Доне (паўднёвы федэральны), Запарожжа (нацыянальны), Ліпецка (педагагічны імя Сямёнава-Цяньшаньскага), Уладзіміра (імя Сталетавых), Кіельцэ (універсітэт імя Яна Каханоўскага). Беларускае студэнцтва (і цудоўны выкладчыцкі складнік) прадстаўлялі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, БНТУ, БрДУ імя Пушкіна, ГрДУ імя Янкі Купалы, БДУ і МДЛУ.

Дзяніс Полаўцаў у самым пачатку свайго выступлення аб'явіў, што ўпершыню прамаўляе ў новенькі мікрафон, які з'явіўся да 20-годдзя кафедры, і гэта выклікала добрыя ўсмешкі і гучныя апладысменты: паведамленне прагучала па-сапраўднаму сімвалічна. Загадчык кафедры падзякаваў пастаянным і новым удзельнікам форума, айчынным і замежным, і пажадаў прыемнай работы. Такой яна і атрымалася.

Ала Шапавалава ў вітальным слове звярнула ўвагу на фармат мерапрыемства — форум. «Ёсць канферэнцыі, ёсць сімпозіумы, семінары, з'езды… Чаму форум? Згодна з адной з дэфініцый форум — гэта сустрэча для стасункаў людзей, абмену думкамі і ідэямі тых, каго аб'ядноўваюць адны інтарэсы. Мяркуецца, што наш форум сапраўды будзе адпавядаць заяўленым мэтам», — сказала яна.

Сярод мэт асноўныя — цытуецца з прамоўленага — «актывізацыя студэнцкай навукі ў вобласці даследавання актуальных праблем перакладу ў фокусе сучаснай моўнай адукацыі і прадастаўленне інфармацыйнай пляцоўкі для дыялога практыкуючым спецыялістам і маладым даследчыкам, якія робяць першыя крокі ў засваенні майстэрства перакладу. Спадарожная мэта — павышэнне матывацыі маладых выкладчыкаў да вывучэння перакладчыцкага вопыту, магчымае адкрыццё новых асобасных перспектыў у галіне прафесійнай дзейнасці». Ужо самі фармулёўкі мэт і задач, убраныя ў нетрывіяльныя выразы, дэманструюць адметнасць мерапрыемства і яго высокі стандарт. Хочацца звярнуць увагу на яшчэ адну асаблівасць — на небывала якасную, па-сапраўднаму прафесійную арганізацыю працэса работы. Гэта калі не толькі прыемна паслухаць кожнага, але і хвілінка ў хвілінку вытрымліваецца парадак, заяўлены ў праграме, і без ніякага некамфорту для выступоўцаў, без мітусні. Проста ўсё прадумана і пралічана, да драбязы, а такое прыходзіць не так з вопытам, як з арыенцірам на планку, ад самага пачатку ўзнесеную высока. Нядзіўна, што форум маладых перакладчыкаў, які праходзіць на ФСК БДУ чацвёрты раз, займае годную нішу ў пераліку падобных форумаў. «Гэта, напэўна, адзіны форум у Беларусі, арганізаваны для будучых лінгвістаў-перакладчыкаў», — адзначыла Ала Шапавалава.

Аляксандр Кавалёў, Урачы без межаў

З таго, што ўжо прагучала. Аляксандр Кавалёў, прадстаўляючы міжнародную незалежную гуманітарную арганізацыю «Урачы без межаў», яе галандскі офіс, распавёў пра асаблівасці вуснага перакладу ў сферы аказання медыцынскай дапамогі. Прысутныя ўраз перанесліся з дакладчыкам у краіны, дзе працуе місія яго арганізацыі, і даведаліся пра асаблівасці не толькі перакладу, але і гэтай незвычайнай працы.

Галіна Замараева, старшы выкладчык кафедры замежных моў прафесійнай камунікацыі Уладзімірскага ўніверсітэта імя Сталетавых выступіла з дакладам пра «канфлікт стандартаў» у пытаннях фарміравання перакладчыцкіх кампетэнцый. Тэма апынулася вельмі актуальнай і для іншых навучальных устаноў.

«Стратэгіі перакладу бінарных прыметнікаў з рускай мовы» — такую назву мела паведамленне Вячаслава Плютава, дацэнта кафедры тэорыі і практыкі перакладу № 1. Вусны і пісьмовы перакладчык, а да таго і перакладчык-сінхраніст, Вячаслаў Плютаў прывёў прыклады даволі нярэдкіх сітуацый, калі сэнсавае значэнне ўяўляецца затуманеным і дыктуецца ў адпаведнасці з традыцыямі, якія склаліся ў пэўных адносінах, калі зацыкленасць на слоўным складніку прыводзіць пераклад фразы да нязручнага яе ўспрымання або і ўвогуле да незразумелых варыянтаў гучання. У нашых мовах, рускай і беларускай, нярэдка назіраецца лішак слоў: больш іх выкарыстоўваецца, чым патрэбна для абазначэння таго ці іншага паняцця. У значнай ступені гэта мае дачыненне да бінарных прыметнікаў — прыметнікаў з двух кампанентаў. Ад перакладчыка тады патрабуецца прымяненне пэўнай стратэгіі для дасягнення зместавай дакладнасці і зразумеласці інфармацыі.

Маладосць прэзентуе свой вопыт у пераладчыцкай дзейнасці

Згодна з двухдзённай праграмай на форуме чакаецца 84 выступленні: даклады, майстар-класы, паведамленні ад мэтраў перакладу — дзеючых перакладчыкаў і выкладчыкаў, а таксама студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Увесь другі дзень аддадзены тым самым будучым лінгвістам, для якім і праводзіцца гэты форум. У пераліку тэм — россып сапраўдных цікавостак. Мяркуйце ўжо самі, чытаючы назвы некаторых паведамленняў: асаблівасці паходжання нямецкіх назваў раслін, этымалогія назваў дзён тыдня ў рускай і іспанскай мовах, роля лацінізмаў у фарміраванні слоўнікавага складу беларускай і іспанскай моў, спосабы ўтварэння і пераклад неалагізмаў, англамоўныя запазычванні ў сучаснай рускай, хінгліш як моўная з'ява ў сучаснай Індыі, развіццё мовы інтэрнета, феміністычная крытыка мовы, асаблівасці перадачы архітэктурных слоганаў, цяжкасці перакладу рэлігійнай пропаведзі, пераадоленне стрэсаўтваральных фактараў у дзейнасці перакладчыка-сінхраніста, асаблівасці перакладу камп'ютарных гульняў (спартыўнай лексікі, рэалій побытавых, геаграфічных, этнаграфічных…)…

Самая вялікая вартасць распрацаваных тэм — іх відавочная практычнасць, арыентаванасць на тую карысць, якая будзе прынесена гэтымі распрацоўкамі, хочацца верыць і верыцца, ужо ў самы блізкі час. Ведаючы, што матэрыялы форума выйдуць асобным зборнікам, немагчыма не заклікаць маладых фарумчан да перапрацоўкі іх выступленняў у фармат тэкстаў для моладзевага выдання з мэтай іх апублікавання яшчэ і на нашых старонках.

«Маладосць» чакае новых слоў у лінгвістыцы, тым больш што яны ўжо прамоўлены!

Святлана ВОЦІНАВА, «Маладосць»

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.