Вы тут

Чаму «Рэвізор» — спектакль пра сёння


У адным асобна ўзятым раённым цэнтры (так і хочацца напісаць: у павятовым горадзе N) нядаўна пабудавалі новы дзіцячы садок. Прыгажосці і ўтульнасці надзвычайнай — сама бачыла: сцены з прыгожымі малюнкамі, яркімі колерамі расфарбаваныя, у самім садку нават басейн ёсць, пляцовак для гульняў на двары некалькі, дэкаратыўныя кусты абапал тэрыторыі пасаджаныя, сама тэрыторыя металічнай агароджай абнесена. І ўсё чынна-ладна, без узрушэнняў, хіба праверак зашмат, але яно ж зразумела — трэба пракантраляваць, каб у новай установе ва ўсім быў парадак.


Вось адна такая праверка і высветліла, што пад тэрыторыю садка забралі ў горада N на некалькі квадратных метраў зямлі больш, чым належала па плане забудовы. Прадпісанне далі строгае — выяўлены «касяк» ліквідаваць, прычым тэрмінова. Разам з першым снегам, які пакрысе перайшоў у дробны дождж, «выпраўленчыя работы» пачаліся.

З ужо падмерзлай зямлі рабочыя выкопвалі забетанаваныя слупы металічнай агароджы, кусты, якія ледзь паспелі прыжыцца, капалі новыя ямы, бетанавалі слупы, прыладжвалі знятую агароджу, спрабавалі пасадзіць на новае месца кусты. І так некалькі дзён, і як тут не ўздыхнуць ад замілавання: маўляў, адпрацавалі зладжана і аператыўна, што, падазраю, мясцовыя чыноўнікі і зробяць.

Ведаеце, якая ў гэтай нічым не выдатнай гісторыі цана пытання? Метр, ад сілы — паўтара. На столькі аднеслі агароджу. Прычым за ёй — не двор, не тэрыторыя магазіна — пустка. На якой, магчыма, калі-небудзь штосьці пабудуюць. А можа, не пабудуюць, а пасадзяць дрэвы і паставяць лаўкі. У любым выпадку, больш лагічным выглядае, калі ўжо так атрымалася, падкарэктаваць план таго, што будзе на месцы пусткі (калі будзе ўвогуле) — на нейкія, яшчэ раз паўтаруся, паўтара метра. Але навошта вазіцца з планамі ды паперкамі, калі прасцей зламаць пабудаванае, пабудаваць наноў? І людзі занятыя, і чыноўнікам галава не баліць. А тое, што выглядае ўсё, выбачайце, ні больш ні менш звычайнай дурасцю, ці, калі на мове горада N казаць, галавацяпствам? Нічога, паабураюцца людзі, пасмяюцца, і ўсё далей пойдзе чынна-спакойна.

У іншым горадзе N здарылася іншая гісторыя. У пад'ездзе пяціпавярховіка сапсавалася электрычнасць. Не лямпачка перагарэла, а з праводкай нешта здарылася. На вуліцы цямнее рана, ганак у пад'ездзе высокі, таму жыхары сталі абрываць тэлефон у ЖЭСе: зрабіце што-небудзь. ЖЭС ім у адказ: у нас цяпер адзіны нумар 115, мы ж сучасны горад, званіце туды. Людзі званілі разоў -наццаць. Ім са службы 115 адказ: ваша заяўка прынятая і пераадрасаваная, чакайце і не дурыце галаву, не адцягвайце ад нашай вельмі важнай работы — іншыя заяўкі прымаць.

Карацей, пакуль бабуля з першага паверха не зламала на цёмным ганку нагу, жыхары чакалі. Пасля пазванілі на прамую лінію ў аблвыканкам. Электрык са свайго ж ЖЭСа з'явіўся праз гадзіну (хоць і была субота) і ўсё паправіў. Праўда, кажуць, што цётка з той адзінай службы ў краме закаціла пасля скандал адной з жыхарак таго пад'езда (горад невялікі, амаль усе адно аднаго ведаюць). Маўляў, навошта было шум падымаць аж у вобласці, праз два дні і так бы тую праводку падрамантавалі. Не гарэла ж...

Не хачу нікога пакрыўдзіць, але філасофія павятовага горада N, у якой усё зводзіцца да «а што тут такога?», «а куды спяшацца?» і «абы ціха было», дагэтуль сядзіць у галовах многіх служачых у нашых невялікіх гарадах і мястэчках. Жыхары вялікіх шумных гарадоў з замілаваннем згадваюць пра правінцыю, пра яе няспешны лад жыцця, адсутнасць мітуслівасці і заклапочанасці.

Наіўныя летуценнікі, яны проста не ведаюць, што гэтыя няспешнасць, адсутнасць заклапочанасці і нават млявасць нярэдка праекцыруюцца ў правінцыі на ўсе сферы жыцця. Расшавельваецца балота толькі тады, калі прыязджае начальства з Мінска ці з вобласці. Вы заўважылі, што гучыць лейтматывам выязных прыёмаў грамадзян і прамых ліній? Большасць пытанняў магла быць вырашана на месцы, калі б уласна на месцы былі больш уважлівыя да праблем людзей і кемлівыя ў выкананні сваіх непасрэдных абавязкаў...

У яшчэ адным павятовым горадзе N (зусім недалёка ад сталіцы) я нядаўна зайшла ў аддзел жаночага адзення ў галоўным універмагу. Пакуль хадзіла паміж вешалак (адзіная пакупніца на ўсю залу), дзеўкі-прадаўшчыцы, збіўшыся ў чародку ля касы, пацягвалі з кубкаў каву і з цікавасцю, бы якое рэдкае насякомае, мяне разглядалі. Зразумеўшы, што ніхто да мяне так і не падыдзе, я адважылася ўсё ж перапыніць агледзіны і спытаць, ці няма сукенкі іншага памеру. Дзеўкі злёгку збянтэжыліся, пасля падштурхнулі адну ў бок: «Танька, ідзі ты!» Танька, не дапіўшы кавы, рушыла да мяне з выглядам, нібы збіралася ўкусіць за галаву. Я палічыла за лепшае не чакаць, а падзякаваўшы, хуценька рэціравацца. Хоць у Мінску ўжо крычала б: «Дайце кнігу скаргаў!» Мо ў горадзе N паветра якое іншае?

«Конь мой цокаў капытамі па брудных вуліцах, вакол былі замест хат нейкія куратнікі, і адзіным, што адрознівала гэта ад вёскі, былі паласатыя будкі, ля якіх стаялі вусатыя цэрберы ў латаных мундзірах, ды яшчэ дзве-тры каменныя крамы на высокіх арках»... Павятовы горад N, апісаны Караткевічам у «Дзікім паляванні...», дзякуй богу і працавітым людзям, даўно і незваротна застаўся ў далёкім мінулым. Але ці далёка адышлі некаторыя сённяшнія правінцыйныя служачыя ад сваіх «калег» — герояў той аповесці?

І ці варта дзівіцца, што гогалеўскі «Рэвізор», крыху перайначаны ў Купалаўскім тэатры на сучасны лад, пастаянна збірае аншлагі?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв'ю: info-shkola.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.