Вы тут

Дырэктар Палескага запаведніка: Фільм «Чарнобыль» адыграў пэўную ролю. За 9 месяцаў — 475 турыстаў


Падчас наведвання Прэзідэнтам Беларусі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка было дадзена даручэнне — павялічыць колькасць відаў эксперыментальнай і гаспадарчай дзейнасці на яго тэрыторыі.


З улікам гэтага былі распрацаваны і прыняты папраўкі ў дзеючае заканадаўства, у прыватнасці, абноўлены Закон Рэспублікі Беларусь «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС».

Новае заканадаўства ўвайшло ў сілу ў канцы лістапада гэтага года. Што змянілася ў запаведнай зоне пасля яго ўвядзення? Пра гэта ў інтэрв'ю «МС» расказаў дырэктар запаведніка Міхаіл РУБАШЧАНКА.

У адселенай вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна на кантрольна-прапускным пункце знак радыяцыйнай небяспекі відаць здалёк. Побач надпіс: «Уваход і ўезд ЗАБАРОНЕНЫ!».

Да чарнобыльскай катастрофы ў Бабчыне жылі 728 чалавек. Цяпер тут размяшчаецца цэнтр радыяцыйна-экалагічнага запаведніка — велізарнай тэрыторыі — 216,5 тысячы гектараў зямлі, пашкоджанай радыяцыяй.

Першапачаткова запаведнік ствараўся для таго, каб засцерагчы пакрытую радыенуклідамі тэрыторыю ад непажаданых наведванняў. У 1988 годзе на 142,8 тысячы гектараў забруджаных зямель Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў, якія ўключаюць у сябе беларускі сектар 30-кіламетровай зоны Чарнобыльскай АЭС, быў арганізаваны Палескі дзяржаўны экалагічны запаведнік.

— З 2013 года мы атрымалі статус дзяржаўнай прыродаахоўнай навукова-даследчай установы, — расказвае дырэктар запаведніка Міхаіл Рубашчанка, — і цяпер вядзём шырокую гаспадарчую дзейнасць: пчалярства, конегадоўля, маем магчымасць рэалізацыі лесапрадукцыі.

— Якая мэта стварэння такіх відаў дзейнасці на зямлі, што забруджана радыяцыяй?

— Гэта эксперыментальныя кірункі. Многія з іх былі ўпершыню агучаны падчас візіту Прэзідэнта. Наша мэта — паглядзець, ці будуць яны развівацца на забруджаных тэрыторыях. Ці будзе ўвогуле жыццё тут? І наогул, наколькі гэтая дзейнасць эканамічна сябе апраўдвае? Бо пацярпелых ад радыяцыі тэрыторый у нас дастаткова ў Беларусі. На ўсе гэтыя пытанні мы павінны даць адказ. Думаю, што тыя рэкамендацыі, якія праз нейкі час агучаць нашы навукоўцы, будуць мець вялізную навуковую каштоўнасць і акажуць уплыў на развіццё такіх тэрыторый у цэлым па краіне.

— Значыць, ваш запаведнік — гэта такая навукова-эксперыментальная пляцоўка дзяржаўнага значэння па вывучэнні ўплыву радыяцыі на навакольнае асяроддзе?

— Так, правільна. Сёння мы маем магчымасць значна пашырыць кірункі нашых даследаванняў. Новае заканадаўства прадугледжвае развіццё новых відаў дзейнасці.

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік складаецца з дзвюх зон. Першая зона — запаведная. Тут знаходзяцца трансуранавыя кампаненты, перыяд іх паўраспаду — сотні гадоў. На гэтай тэрыторыі дазволена арганізоўваць інфармацыйна-экалагічныя маршруты і праводзіць асветніцкія навукова-пазнавальныя і навучальныя экскурсіі. Таксама тут плануецца развіваць рыбалоўную гаспадарку на рацэ Прыпяць. На тэрыторыі эксперыментальна-гаспадарчай зоны пералік дазволеных раней відаў дзейнасці (у дадатак да дазволеных на тэрыторыі запаведнай зоны) дапоўнены новымі відамі дзейнасці. Тут плануецца развіваць пчалярства, конегадоўлю, турызм, пладаводства, гадавальнікаводства, займацца арганізацыяй і правядзеннем палявання.

— Эксперыментальна-гаспадарчая зона — гэта тэрыторыя, якая была перададзена нам у 1993 годзе ад Нараўлянскага, Хойніцкага і Брагінскага лясгасаў, — кажа Міхаіл Рубашчанка. — Калі раней у нас былі ў асноўным такія віды даследаванняў, як пчалярства, конегадоўля, то цяпер мы зможам займацца пладаводствам, рыбнай лоўляй і развіццём паляўніцтвазнаўчай гаспадаркі. Гэта зусім новыя віды дзейнасці, якіх раней не было.

Добра, што закон прыняты. Да гэтага заканадаўства не дазваляла працаваць па такіх кірунках. Мы перад сабой ставім задачу — і гэта галоўная навуковая мэта запаведніка — не толькі вывучыць уплыў радыяцыі на прыроднае асяроддзе, але і распрацаваць метады рэабілітацыі забруджаных радыенуклідамі тэрыторый. Для гэтага тут створаны эксперыментальныя пчальнік, сад.

— Людзей заўсёды хвалюе пытанне бяспекі прадукцыі. У вас жа на тэрыторыі значна павышаны ўзровень радыяцыі?

— Справа ў тым, што радыеактыўнае забруджванне на тэрыторыі запаведніка не суцэльнае, а мазаічнае. На чыстых тэрыторыях мы гадуем пчол. У гэтым кірунку ўжо вялікая работа праведзена. Мы прывозілі розныя віды пчол, старанна выбіралі найбольш прыдатныя для гадоўлі ў нашых умовах.

Што датычыцца бяспекі прадукцыі, то, паверце, з гэтым у нас вельмі строга. Створаны спецыяльны аддзел, працуюць дзве лабараторыі, якія займаюцца не толькі вывучэннем уплыву радыяцыі, але і строгім кантролем якасці прадукцыі, якую мы адпраўляем за межы запаведніка. Усё, што вырабляецца ў запаведніку, праходзіць праз лабараторыю і выпускаецца са знакам якасці.

Калі ўзяць дрэваапрацоўку, то перад тым, як секчы лес, мы правяраем яго на наяўнасць радыяцыі да высечкі, а затым яшчэ праводзім кантрольнае даследаванне, калі выпускаем абразную дошку або іншыя будматэрыялы.

— Міхаіл Міхайлавіч, абноўлены закон прадугледжвае актыўнае развіццё турызму на тэрыторыі запаведнай зоны. Раскажыце больш падрабязна пра гэта.

— Баюся гаварыць, каб не сурочыць (смяецца). У нас ужо нешта крышку атрымліваецца. Я маю на ўвазе такі кірунак, як навукова-асветніцкія пазнавальныя экскурсіі. Мы імі пачалі займацца практычна з гэтага года і бачым, што ёсць попыт. Калі раней наша ахова затрымлівала шматлікіх сталкераў на тэрыторыі, цікаўных грамадзян, якія, нягледзячы на небяспеку, імкнуліся паглядзець, што і як там расце, дык цяпер пад кантролем нашых супрацоўнікаў кожны можна прыехаць і паглядзець той жывёльны і раслінны свет, які ёсць у нас. На самай справе гэта вельмі цікава. Такой тэрыторыі, як у нас, у радыяцыйна-экалагічным запаведніку няма практычна нідзе.

Вучоныя сцвярджаюць, што пасля забруджвання доўгажывучымі трансуранавымі радыенуклідамі тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка не можа быць вернута ў гаспадарчае карыстанне ў агляднай будучыні. З цягам часу ўзрастае ўтрыманне ў глебе амерыцыю-241 — прадукту распаду плутонію. Яго перыяд паўраспаду — 432 гады. (На думку спецыялістаў, альфа-выпраменьвальнік амерыцый-241 нашмат больш таксічны за плутоній-241.) За 20 гадоў пасля аварыі адбылося двухразовае павелічэнне яго актыўнасці ў глебе. Гэта адзіны радыенуклід, канцэнтрацыя якога ў аб'ектах навакольнага асяроддзя будзе ўзрастаць прыблізна да 2060 года.

— Пасля Чарнобыльскай катастрофы неяк не імкнуліся наведаць забруджаныя месцы. Радыяцыі баяліся. Зона адсялення была пустыннай тэрыторыяй. Як вы лічыце, чаму цяпер гэта стала выклікаць цікавасць у турыстаў?

Фільм «Чарнобыль» адыграў пэўную ролю. Значны ўсплёск цікавасці цяпер назіраем. За дзевяць месяцаў гэтага года праведзена каля 70 экскурсійных тураў. Запаведнік наведала 475 турыстаў, у тым ліку 313 замежных грамадзян. Выручка за студзень—верасень 2019 года склала 50,4 тысячы рублёў. Плануем штогод арганізоўваць 90—100 экскурсійных тураў. Пакуль на гэты напрамак ёсць попыт.

— Якім вы бачыце ваш запаведнік у перспектыве, да чаго імкняцеся?

— Сёння складана нешта прагназаваць. Вось заключылі дагавор з інстытутам пладаводства, завезлі новы від пчол. Будзем назіраць. Папаўняем нашу конскую ферму. А ў цэлым праблемы запаведніка — гэта праблемы звычайнага прадпрыемства, каб людзі зараблялі і нешта прыносілі дадому. А самае галоўнае — каб былі здаровыя.

— А вы самі, працуючы ў заражанай зоне, ці не баіцеся радыяцыі?

— Я нарадзіўся на гэтай зямлі, мая сям'я была адселена. Баяцца радыяцыі не трэба, але з ёй трэба лічыцца. Трэба ведаць, як сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі на заражанай тэрыторыі. Упэўнены, што дзякуючы нашай рабоце, даследаванням навукоўцаў мы дадзім людзям вельмі патрэбную падказку: як жыць, паўнавартасна працаваць і адраджаць нашу пацярпелую зямлю.

Наталля БІТЭЛЬ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Новае жыццё Палескага запаведніка

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.