Вы тут

Што нам трэба, акрамя лекаў і гарбаты з мёдам


У гэтым слотным і туманным, зусім не падобным на снежань снежні, горад нібы населены новымі людзьмі — у іх слязяцца вочы, чырвоныя насы, яны хутаюцца ў шалікі ледзь не па лоб, ціхенька чхаюць у гэтыя шалікі, сарамліва азіраючыся. Гэтыя людзі ўсюды — у транспарце, на вуліцах, у крамах, на рабоце. Ахвяры вірусаў і паскуднага надвор'я, якія, кіруючыся пачуццём абавязку ці яшчэ нейкімі ну вельмі важнымі меркаваннямі, не засталіся хварэць дома, а зноў выперліся ў вільготны холад.


Фота: 7ya.ru

Яны мэтанакіравана некуды ідуць, а ў пачырванелых стомленых вачах чытаецца простае жаданне: хутчэй пад цёплую коўдру, ды цёплай гарбаты з лімонам, ды мёду з малінай, і каб хтосьці, як калісь мама ў дзяцінстве, усё гэта табе падносіў, бегаў і клапаціўся. І добра, калі яно ў іх дома так і спраўджваецца, бо менавіта звычайная прастуда без якіх-кольвек ускладненняў (а не цяжкая, крый божа, хвароба — тады ўключаюцца зусім іншыя складнікі чалавечых учынкаў і паводзін) і ёсць, здаецца, галоўны індыкатар цеплыні адносін паміж блізкімі людзьмі.

У дзяцінстве з гэтым было безумоўна прасцей. Я, напрыклад, вельмі любіла хварэць. Пакуль не пайшла ў школу — гэта ўвогуле было свята, таму што мама прыходзіла з работы нашмат раней, чым звычайна: дзіця ж прастыла. Бальнічных тады ўвогуле, здаецца, не было, прынамсі, па такой няважнай прычыне, як насмарк, кашаль ды невялікая тэмпература ў малога. Тым больш калі дома ёсць бабуля, якая і накорміць, і дагледзіць. Бабка, наша вечная нянька (дзіцячага садка не існавала як паняцця), не толькі карміла і даглядала, але ж і прыдумляла, як пацешыць хворае дзіця. Спявала калыханкі «Ходзіць коця па плоце ў чырвонай капоце» (а я ўяўляла нашага рабога ката, які, начапіўшы маю ружовую куртку, шпацыруе па шырокіх штакецінах каля лазні), расказвала «як раней было», вучыла плесці косы — ля ложка вісеў дыванок з махрамі, якія можна было заплятаць...

Пасля прыходзіла мама, хуценька распраналася, кідала паліто на суседні ложак, хукала на рукі, заклапочана мацала далонню лоб, пыталася, ці спала, што ела. Хуценька ўпраўлялася па гаспадарцы — і пасля была ўся мая. Мы ляжалі на ложку і размаўлялі. Мама вучыла мяне, дзе права, дзе лева, расказвала пра сузор'і на небе, мы паўтаралі літары і лічбы, практыкаваліся ў перакладзе слоў з беларускай на рускую і наадварот. Яшчэ менавіта з часоў такой вось дзіцячай прастуды помніцца жартаўлівае: «Добрай ночы, не спаць да паўночы, глядзець у паталок, каб чорт не павалок» і зусім сур'ёзнае: «Дай божа ночку пераначаваць, заўтра вясёленькім, здаровенькім устаць»...

А яшчэ, калі хварэла, мама прыносіла мне цацкі. Аднойчы прынесла свінню-кухарку — у фартуху, з чарпаком, які чапляўся за вуха. Мне пасля доўга ўсёй сям'ёй са смехам згадвалі, як я за вечар дастала іх пытаннем: а дзе парасяты? (Правільна — а каго яна з таго чарпака карміць будзе?) Калі хварэла на адзёр (дома, якая бальніца?!), загадала купіць пластылінавага аленя. Аленя, канешне, мама не знайшла, затое купіла яркую пірамідку-клоўна: рознага колеру колцы, наверсе — белы каўнерык, галава, да якой мацаваліся чырвоны нос і жоўты завостраны каўпак. Не ведаю, што мне ў той бяскрыўднай цаццы не спадабалася, але нос і каўпак тут жа памяняліся месцамі і было безапеляцыйна заяўлена: «Гэта — пінгвін!» З таго часу і па сёння (так, ён ужо сорак гадоў з намі) інакш яго ніхто і не называе. Трошкі паліняў, згубіў чырвоны грэбень, але, стоячы на кніжнай шафе, горда выдаецца наперад сваім жоўтым носам, які ад пачатку павінен быў быць шапкай...

Аднойчы мы з сяброўкай, ідучы ў школу, так налізаліся ледзяшоў, што я схапіла запаленне лёгкіх. Ноччу пачала задыхацца, бацька пабег да суседа дзядзькі Юзіка, у якога быў конь, хуценька запрэглі сані, памчалі ў бальніцу ў суседнюю вёску, адтуль ужо на бальнічнай машыне ў Дзяржынск на рэнтген. Увесь гэты час мама мяне, вялікую ужо васьмігадовую «дзяўлю», трымала на руках. Лячыцца паклалі ў вясковай бальніцы адну, але мама кожную ноч усё роўна заставалася са мной, і мы ляжалі, цесна прыціснуўшыся адна да адной на аднаспальным ложку з панцырнай сеткай. А ранкам яна збіралася і бегла ў школу на ўрокі... У бальніцы мы сустрэлі і каталіцкія Каляды, і тая бальнічная куцця — панцак на вадзе, якую мы з мамай елі з адной алюмініевай талеркі, — адна з самых святочных страў у маім жыцці.

Мне здаецца, увогуле, калі ў чалавека пытаюць, ці шчаслівым было яго дзяцінства, адзін з крытэрыяў ацэнкі — менавіта дзіцячыя прастуды. Хто быў побач, ці клапаціўся, што казаў, што рабіў у гэты час. Наўрад ці думаюць пра гэта сучасныя ну вельмі занятыя мамы, якія, замест таго каб узяць бальнічны (у наш час гэта не праблема) і пабыць дома з хворым дзіцем, шукаюць розныя спосабы, каб гэтага не рабіць. Нават паслуга з'явілася такая нядаўна — нянька на бальнічным. Гэта калі малое прыхварэла, а ні бацькам, ні камусьці іншаму з сям'і ну ніяк няма часу яго даглядаць. Дык вось, можна наняць чужога чалавека, які пасядзіць з хворым, пакуль вы будзеце спакойна рабіць свае справы. Ён, канешне, кваліфікаваны, правераны спецыяліст, які дагледзіць дзіця, пакорміць, своечасова дасць яму лекі.

Што адчувае пры гэтым маленькі «пацыент»? Сказаць не магу. Затое ўпэўнена ведаю іншае: «дзякуй» за гэта, калі вырасце, бацькі ад яго дакладна не пачуюць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Сезон прастуд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў.

Грамадства

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Адным з самых распаўсюджаных захворванняў у свеце з'яўляецца артэрыяльная гiпертэнзiя.

Грамадства

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Яны кормяць гарачымi абедамi больш за сто чалавек, якiя апынулiся на абочыне жыцця.

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.