Вы тут

Брава, Вялікі!


Як і належыць галоўнаму тэатру краіны, Вялікі тэатр Беларусі ў снежні парадаваў гледачоў насычаным пераднавагоднім рэпертуарам. На прэстыжную сцэну вярнуўся балет «Стварэнне свету» у пастаноўцы Валянціна Елізар’ева, мастацкага кіраўніка тэатра, народнага артыста СССР, уладальніка медаля ЮНЭСКА «Пяць кантынентаў». Шмат станоўчых эмоцый падарыў прыхільнікам оперного мастацтва і традыцыйны Мінскі міжнародны Калядны оперны форум — самы маштабны праекта тэатра.


Свежае дыханне

Сцэна са спектакля «Стварэнне свету»

Як вядома, балет «Стварэнне свету» быў пастаўлены больш за сорак гадоў таму, у красавіку 1976 года. З тых часоў імя 28‑гадовага Валянціна Елізар’ева ў прыхільнікаў балету набыло важкасць. Увага да пастаноўкі таксама была прыцягнута і імем кампазітара Андрэя Пятрова, вядомага публіцы як аўтара выдатнай музыкі да кінафільмаў «Службовы раман» і «Восеньскі марафон». А да балету кампазітар Андрэй Пятроў напісаў музыку па матывах папулярных малюнкаў французскага мастака Жана Эффеля. У яго біблейская гісторыя Адама і Евы расказана ў гумарыстычным ключы. Яшчэ вядомы факт: для Вялікага тэатра Андрэй Пятроў спецыяльна стварыў музычную рэдакцыю спектакля. Натхніўшыся задумай Валянціна Елізар’ева, ён, як нам распавяла Алена Балабановіч, вядучы рэдактар??прэс-цэнтра Вялікага тэатра, нават дапісваў нейкія фрагменты. А на прэм’еры ў Мінску ў 1976 годзе, віншуючы артыстаў і пастаноўшчыкаў, кампазітар не мог схаваць сваіх эмоцый і сказаў, што гэты спектакль можна назваць, бадай, самым удалым з усіх, што на той момант існавалі ў Савецкім Саюзе і за мяжой. А вось што казаў Валянцін Елізар’еў: «Калі я пазнаёміўся з музычным матэрыялам, мне ён падаўся вельмі глыбокім. І я думаў, як можна раскрыць гэтую тэму глабальна, надаўшы ёй сусветны характар. Як адважыцца і расказаць пра чалавецтва ў цэлым, пра тое, што яго можа чакаць у будучыні «.

На шчасце, мне ў тыя гады ўдалося пабываць на прэм’еры. І яна адбілася ў памяці як нешта грандыёзнае. Забыць тое «Стварэнне свету» немагчыма. Так, вядома, дэталі не помняцца, але адчуванне, што ты стаў сведкам нараджэння чагосьці геніяльнага, застанецца на ўсё жыццё. Мастацкія палотны на задніку сцэны ў стылістыцы Чурлёніса (украінскі мастак Яўген Лысик) таксама помняцца. І авангардная па тых часах музыка таксама. Дырыжор — Уладзімір Машэнскі. «Стварэнне свету»-1 — гэта, вядома, была «бомба». Іншымі словамі, узрушэнне. У тыя часы традыцыйнага атэізму адкрыты аповед аб прыгажосці несмяротнага кахання, якое ратуе свет, пра Бога і Д’ябла, расказаны мовай пластыкі — гэта было больш, чым смела. І прынесла велізарны поспех тэатру. Памятаю, як глядзела балет — уся ў слязах — на адным дыханні. Мне імпанавала тое, як вырашана была ў спектаклі тэма кахання, якую ўвасаблялі непараўнальная Людміла Бржазоўская-Ева і надзвычай прыгожы Юрый Траян-Адам. Тэма прагучала ў не традыцыйным — не біблескім — варыянце. Ева ў Елізар’ева ратавала Адама ад Д’ябла (Віктар Саркісьян) і яго прыспешнікаў.

У цэнтры балетнай дзеі — Адам і Ева (Канстанцін Геронік і Ірына Яромкіна)

Памятаю, як размовы пра «Стварэнне свету» доўгі час не сціхалі. Чаго толькі музыказнаўцы-прафесіяналы і казалі: і наватарскі спектакль, і адкрыццё ў харэаграфіі, і новая мова… Таксама ў тыя часы пасля спектакля хадзілі чуткі, што спектакль закрыюць: тэма такая далікатная… Але нічога падобнага не здарылася. Наадварот: пасля трыумфальнай прэм’еры Валянціну Елізар’еву прысвоілі званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР і далі кватэру. І Валянцін Мікалаевіч змог пераехаць з сям’ёй з Ленінграда ў Мінск. Так тэатр на доўгія гады набыў у яго асобе ўнікальнага харэографа-пастаноўшчыка. Спектакль пайшоў з аншлагамі, стаў паспяхова пракатвацца на гастролях…

Цікавая гісторыя адбылася пасля гастроляў у тыя даўнія гады ў Польшчы. Пра тое цяпер наперабой, спасылаючыся на Елізар’ева, пасля абноўленага балету «Стварэнне свету» расказваюць журналісты, у прыватнасці, часопіс Вялікага тэатра «Партер». Пасля паказу балету «Стварэнне свету» на сцэне Вялікага тэатра ў Варшаве да Валянціна Елізар’ева з віншаваннямі падыходзілі шматлікія віп-персоны. Адной з іх быў польскі кардынал Караль Вайтыла. Цёпла ўсміхаючыся, ён падышоў да Елізар’ева, паціснуў яму руку і коратка сказаў: «Дзякуй вам за Бога». Літаральна праз некаторы час кардынала таго абралі Рымскім Папам, якога ўвесь свет ведае як Яна Паўла Другога.

— Сучаснага чалавека заўсёды будзе хваляваць біблейская тэма, закранутая ў спектаклі, — казаў Валянцін Елізар’еў у той час, як пачаў у лістападзе сёлета працаваць над новай версіяй балета. — Бог стварыў чалавецтва, а ўжо яно, у сваю чаргу, стварае сучасны свет, у якім павінна жыць надзея, існаваць гармонія… Раблю новую аўтарскую рэдакцыю балета, таму што разумею: паставіць спектакль у тым выглядзе, у якім ён існаваў дзесяцігоддзі, мне ўжо нецікава. Ды і ў тэатры змяніліся пакаленні артыстаў, вось ад іх індывідуальнасцяў і творчых магчымасцяў і буду адштурхоўвацца, каб глыбей раскрыць тэму чалавека і чалавецтва ў цэлым. Вярнуцца да гэтай працы мне цяпер неверагодна цікава…

Так ён і зрабіў. «Стварэнне свету» сёння — гэта моц і прыгажосць. Так і хочацца сказаць: брава, Елізар’еў! Брава, Вялікі! Фінал спектакля гучыць як рэквіем — трагічна і ўрачыста, нагадваючы пра тое, што жахаў і войнаў у сучасным тэхнагенным свеце дастаткова. Што можа выратаваць ад іх чалавецтва? Надзея, гармонія, яднанне… І каханне як велізарная каштоўнасць у гэтым тленным свеце. Так, нас і ўжо з немалым з жыццёвым досведам, па-ранейшаму зачароўвае каханне Адама і Евы, (асабліва прыгожа яно прагучала ў першым акце), і яго супрацьстаянне Сусветнаму злу — Д’яблу і яго памагатым.

На генеральным прагоне бліскуча танцавалі вядучыя партыі Канстанцін Геронік — Адам, Ірына Яромкіна — Ева, Бог — Антон Краўчанка, Д’ябал — Іван Савянкоў. Складаныя скачкі — піруэты, кабрыолі, рэвальтады, іншыя танцавальныя рухі ў мужчынскіх партыях выклікалі захапленне. Тэхніка выканаўцаў была на вышыні. Зрэшты, як і артыстызм. Кожны з іх нёс сваю думку, за кожным выкананнем — свая гісторыя. Грунтоўны, салідны, поўны годнасці ды безумоўнай любові да людзей — Бог у Краўчанкі. Вясёлы, лёгкі, гарэзлівы, трохі наіўны і вельмі чысты ў сваёй адкрытасці свету Адам Героніка. Першы акт новага балету вырашаны Елізар’евым у духу біблейскай легенды, як калі б гэтую гісторыю зараджэння чалавецтва мы распавядалі маленькім дзецям — ледзь-ледзь з гумарам, ледзь-ледзь не ўсур’ёз, з допускам кшталту: я ведаю тое, што нічога не ведаю. Тамму не страшны і Д’ябал, які існуе як дадзенасць таксама з спакон вякоў. Па-акцёрску прыцягальны ён у Савянкова ў сваёй яркай характарнасці, які чамусьці выклікаў у мяне ў першым акце асацыяцыі з фразай Гётэ, вытлумачанай Міхаілам Булгакавым у рамане «Майстар і Маргарыта: я частка той сілы, што вечна хоча зла, і вечна здзяйсняе дабро… У сутыкненні з ім мужным робіцца чалавецтва. А Ірына Яромкіна — няйначай як проста сама ўвасобленая адухоўленая жаноцкасць ужо з моманту нараджэння і да ўсведамлення ёю сваёй місіі выратавальніцы свету.

За дырыжорскім пультам — Вячаслаў Чарнуха-Воліч, які з нядаўніх часоў працуе галоўным дырыжорам Адэскага тэатра оперы і балета, уладальнік медаля Францыска Скарыны. Дарэчы, вось што сказаў маэстра незадоўга перад прэм’ерай (https://bolshoіbelarus.by/):

«Для таго каб ацаніць маштаб гэтай пастаноўкі, трэба вярнуцца ў тое грамадства, у якім мы жылі, у грамадства, у якім любая згадка пра Бога была пад забаронай, у той час, калі былі зачыненыя храмы ўсіх канфесій і рэлігій. Тэма Стварэння свету — з Богам, анёламі, дэманамі, пеклам і раем — была вельмі смелай. Гэта быў неверагодны крок, як з боку кампазітара, так і з боку харэографа. З’яўленне гэтага спектакля стала рэвалюцыяй, якая адбылася ў нашай свядомасці. Гэта азнаменавала канец эпохі таталітарызму і атэізму і вяртанне ўсіх нас да вечных каштоўнасцяў — культурных і тэалагічных. Неабходна ўсвядоміць, наколькі смелыя былі тады маладыя мастакі, якія стварылі гэтае палатно і вынеслі яго на падмосткі Мінска, горада досыць спакойнага і кансерватыўнага. Гісторыя, апісаная ў «Стварэнні…», дастаткова бунтарская…

Чым каштоўная тая гісторыя для нас? На гэтае пытанне, безумоўна, кожны адкажа сам. Мне яна яшчэ нагадае, наколькі далікатнае наша чалавечае жыццё, якое пад пагрозай разбурэння набывае ўсё большую значнасць, і наколькі яно малое перад непазнанай таямніцай быцця: чаму свет спакон вякоў не можа існаваць без супрацьвагавага ліха… Як гаворыцца, тое — пытанне пытанняў. Але гэта, вядома ж, тэма ўжо іншага спектакля.

І зноў форум! Юбілейны!

Сцэна са спектакля «Князь Ігар». Рэжысёр Галіна Галкоўская.

Лепшыя выканаўцы з адзінаццаці краін — Грэцыя, Ізраіль, Італія, ЗША, Сербія, Эстонія, Латвія, Польшча, Грузія, Балгарыя, Украіна — пад заслону адыходзячага года радавалі нас сваім майстэрствам падчас грандыёзнага гала-канцэрту, які завяршыў Х Мінскі міжнародны оперны форум. Сярод іх былі тыя, якіх мы, прыхільнікі гэтага феерычнага праекту Вялікага тэатра, добра ведаем. Зрэшты, як і дырыжора з Італіі — Джанлука Марчано мы віталі як старога добрага знаёмага. Ну а спявалі для нас Надзея Кучар (Беларусь), Ганна Бандарэнка, Зміцер Грабоўскі (Украіна), Нана Дзіздзігуры (Грузія), Яніс Алейніс (Латвія), Хэлен Лэпалаан (Эстонія), Агнэшка Рэхліс (Польшча), Любіца Вранэш (Сербія), Ангелас Самарцыс (Грэцыя), Іва Станчаў (Балгарыя), Рык Фурман, Адам Дзігель (ЗША), Вераніка Брук (Ізраіль), Вінчэнца Канстанца (Італія). Радавалі сваімі талентамі і нашы зоркі — Аксана Волкава, Анастасія Масквіна, Андрэй Валенцій, Маргарыта Ляўчук, Ілля Сільчукоў.

Дарэчы, перад адкрыццём Форуму Вялікі тэатр зладзіў для аматараў опернага мастацтва яшчэ адзін гала-канцэрт — «Маладыя галасы оперы». У ім прынялі ўдзел 15 салістаў, якія спяваюць на вядомых сусветных оперных пляцоўках. У розныя гады яны сталі лаўрэатамі і пераможцамі на Мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў. Дарэчы, на традыцыйнай прэс-канферэнцыі з нагоды Х Форуму быў і армянскі бас Саргіс Бажбеук- Мелікян, які стаў пераможцам у 2017 годзе. А перамог ён дзякуючы бліскуча выкананай арыі хана Канчака ў оперы Аляксандра Барадзіна «Князь Ігар». І на гэты раз саліст спяваў выдатна. Публіка праводзіла яго авацыямі.

На прэс-канферэнцыі Саргіс гаварыў пра Вялікім тэатр з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю. Маўляў, гэта тэатр з цудоўнай аўрай, у які хочацца вяртацца: «У выступленнях на вашай сцэне адчуваю дамашнюю ўтульнасць і неверагодны прыліў сіл». Саргіс таксама сказаў, што ў снежні павінен быў ляцець у Лос-Анжэлес з сольным канцэртам, але адмовіўся ад выгоднай прапановы на карысць Мінска. Тут, кажа, публіка так цёпла, так душэўна прымае. Да таго ж, прызнаўся, у ім цячэ кроў яго прадзеда -беларуса, таму яму так камфортна ў нашай краіне. А што тычыцца мінскага конкурсу, то, па словах Саргіса, ён вельмі шануецца тэатральнымі агентамі і дырэктарамі оперных дамоў па ўсім свеце. Так і ёсць. Бо пасля перамогі на Калядным конкурсе ў Мінску наш госць атрымаў прапанову папрацаваць у Нямецкай оперы ў Дзюсельдорфе, запрашалі яго Мілан, Цюрых, Парыж. І гэта не адзінкавы прыклад: шмат хто салістаў-пераможцаў мінулых гадоў і лаўрэатаў сёння працуюць на вядучых оперных пляцоўках свету. На канферэнцыі прагучала таксама, што Вялікі тэатр, на гэты раз абмяжоўваючыся толькі Форумам, ад правядзення конкурсу маладых вакалістаў у будучыні адмаўляцца не збіраецца.

І яшчэ цікавую вестку паведаміў журналістам намеснік генеральнага дырэктара тэатра Уладзімір Рылатка: задоўга да пачатку Форуму прадстаўнікі 17 краін купілі квіткі на спектаклі. Таксама цікавая навіна з яго вуснаў: ужо 40 квіткоў замоўленыя на оперу «Вілі» Джакама Пучыні, прэм’ера якой чакаецца ў маі. Як рэжысёр-пастаноўшчык фантастычнай легенды выступіць заслужаная артыстка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі оперная дзіва Аксана Волкава. А заказ паступіў ні многа ні мала — з Аўстрыі! Больш за тое, заказчыкі просяцца на сустрэчу з салістамі пасля спектакля. Вось наколькі наш Вялікі стаў тэатрам, запатрабаваным у свеце сярод аматараў оперы. Дарэчы, дзякуючы і Форуму, і гастролям.

Сцэна з оперы «Севільскі цырульнік». Нацыянальная опера Украіны.

Меў рацыю Уладзімір Рылатка, калі казаў журналістам: гэты юбілейны форум — самы «галасісты» з усіх папярэдніх. Сапраўды: ажно 30 салістаў з розных краін радавалі, натхнялі нас. Не без гонару паўтаруся, і ўжо не раз пісала пра высокі ўзровень культуры ў мінскай публікі. Добразычлівай, добра выхаванай на якасных оперных творах з удзелам зорак — Аксаны Волкавай, Уладзіміра Громава, Кацярыны Галаўлёвай, Станіслава Трыфанава, Андрэя Валенція, Юрыя Гарадзецкага. Адзначу і Маргарыту Ляўчук, Ірыну Кучынскую, а таксама Марту Данусевіч.

Адкрываўся форум 12 снежня эпічнай операй Аляксандра Барадзіна «Князь Ігар», прэм’ерай цяперашняга сезону. Паставіла спектакль рэжысёр Галіна Галкоўская, дырыжор Аляксандр Анісімаў, мастак-сцэнограф -народны мастак Расіі Вячаслаў Окунеў. Галоўныя мужчынскія партыі выконвалі Сяргей Мурзаев, заслужаны артыст Расіі, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска», у мінулым вядучы саліст Вялікага і Марыінскага тэатраў, у цяперашні час — саліст Парыжскай оперы і маскоўскага тэатра «Новая опера», а таксама Саргіс Бажбеук-Мелікян. А вось як выказалася Галіна Галкоўская пра сваю працу для «Партера» (№ 10): «У оперы Барадзіна ёсць шмат тэм — патрыятызму, здрады, любові і вернасці, хітрасьці. У 90‑я, калі опера ставілася ўпершыню, былі высвечены толькі пэўныя грані, а зараз надышоў іншы час, і я як пастаноўшчык высвечваю іншую грань… Опера заканчваецца тым, што Ігар вяртаецца з палону і гатовы сабраць новае войска. У кампазітара гучыць наймагутны матыў пра тое, што славяне павінны аб’яднацца…».

У ролі Кармэн — Аксана Волкава

Дарэчы, найлепшы прыклад, які мацуе гэты тэзіс — удзел у Форуме Нацыянальнай оперы Украіны з іскрамётнай операй Джаакіна Расіні «Севільскі цырульнік». Гэты тэатр упершыню наведаў Мінск! Ды яшчэ са сваім аркестрам! Дырыжыравала Алла Кульбаба, народная артыстка Украіны. А дырыжор-пастаноўшчык — Мікалай Дзядзюра. Прызнаюся, 14‑га снежня мы сталі сведкамі відовішчнага спектакля, у якім гучалі сапраўды выдатныя галасы выканаўцаў. Віртуознымі вакальнымі партыямі, якія суправаджаліся авацыямі, паваротамі сюжэту ў духу традыцыйнай опернай стылістыкі Італіі мы атрымлівалі асалоду ад спектакля. Што і казаць: Украіна — краіна спеўная, тое ўсім вядома. Наогул, нашы браты-славяне. А самакаты, плазменныя маніторы, светлавыя мечы, сучасныя офісныя касцюмы!.. Чаго толькі ні было з атрыбутыкі, уласцівай сучаснасці! Можна сказаць нават, што камічная гісторыя разгортвалася на сцэне па-за часам і прасторай. Разстараўся рэжысёр-пастаноўшчык Анатоль Салаў‘яненка, народны артыст Украіны. Разам са сцэнографам спектакля Андрэем Злобіным і мастаком па касцюмах Ганнай Іпацьевай перанёс нас у нейкую мадэрнавую атмасферу без якой-небудзь канкрэтыкі. І ўсё, што там адбывалася адбываецца і ў нашы дні: хто што выбірае — прытворства, ханжаства, разлік, або любоў, пяшчоту і вернасць.

У праграме Форуму ярка гучалі оперы з рэпертуару Вялікага тэатра «Прынцэса Турандот» Джакама Пучыні з удзелам Томаса Пола з Аўстрыі (прынц Калаф) і Клаўдзіі Канг з Карэі (рабыня Ліу), «Лятучая мыш» Іагана Штрауса і «Кармэн» Жоржа Бізэ. Партыю Хазэ выканаў саліст «Метраполітен-опера» Адам Дзігель, адзін з лепшых тэнараў ЗША. У ролі тарэадора Эскаміллі — саліст Латвійскай нацыянальнай оперы і Міхайлаўскага тэатра Яніс Апейніс, тройчы лаўрэат конкурсу «Лепшы саліст оперы». Ну і бліскуча сябе сярод іх паказала наша Аксана Волкава ў ролі Кармэн, дзякуючы якой гэтыя салісты ў Мінск і прыехалі. Пра тое яна сама распавяла журналістам падчас прэс-канферэнцыі.

Гала-канцэрт — 2018

Ну, а грандыёзны гала-канцэрт 18 снежня, перасягнуў усе нашы чаканні: прайшоў на адным дыханні. Былі авацыі, крыкі «брава», шыкоўныя букеты… І наша велізарная глядацкая ўдзячнасць усім тым, хто ўкладваў сілы, энергію ў тое, каб гэтае выдатнае свята адбылося.

Валянціна Ждановіч

Фота прадастаўлены Вялікім тэатрам Беларусі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.